Сапраўды, сцэны спектакля і дэкарацыі мяняюцца настолькі вокамгненна, што нагадваюць малюнкі-ўзоры ў калейдаскопе. Гарадскі дворык ператвараецца ў кватэру, у прылавак крамы, потым — у гарадскую вуліцу і Паўночны полюс… Вуліца ў хвіліну запаўняецца натоўпам людзей і мноствам цацак. Спрытны міліцыянер (артыст-дэбютант Яўген Гусеў, нядаўні выпускнік вучылішча мастацтваў) упраўляецца праз выразны танец і пластыку з перапыненым дарожным рухам.
Карамельная прастора сцэны (мастак па святле — Вячаслаў Маліноўскі) нагадвае ледзяшы, якія таюць, набываюць розныя формы і вобразы. Умоўнасць, дынамічнасць, шмат музыкі і гумару ў новым спектаклі — усё гэта нагадвае зорны спектакль “Брэменскія музыкі” гэтага ж тэатра, які ў 1998 годзе на фестывалі ў Гродне быў прызнаны найлепшым у Беларусі спектаклем для моладзі. Не выклікае сумнення і тое, што падобны лёс напаткае і “Кветачку-вясёлку”.
Сцэна са спектакля “Кветачка-вясёлка”. |
Тонка і далікатна, з добрым гумарам малюе партрэт легкадумнай шасцігадовай дзяўчынкі. Бы тонкі псіхолаг, “прачытвае” ўсе мары сваёй гераіні, якая хоча быць, па-першае, не горшай за іншых дзяцей, па-другое, каб было ўсё, як ва ўсіх. Карацей, сярэднестатыстычная дзяўчынка, аднак якраз яе, вось такую Жэнечку, выбірае лёс. Аднекуль з’яўляецца бабулька (Аляксей Макарскі ў камедыйным ключы вырашае гэтую складаную акцёрскую задачу), “чараўніца на пенсіі” ў элегантным понча, і прэзентуе ёй чароўную кветку. Толькі ўявіце: сем пялёсткаў-жаданняў — і Жэня можа стаць вядомай, знакамітай асобай не толькі ў сваім двары, але і ў горадзе, а можа, — і ва ўсёй краіне! Але ж нездарма кажуць: па асобе і жаданні. У Жэні свае прыярытэты і ўяўленні аб шчасці: жуйкі, цацкі і жаданне ўцерці нос суседскім хлопчыкам (Алег Рыхтэр, Юрась Франкоў, Аляксей Макарскі, якім цяжка адмовіць у бліскучым пачуцці гумару і стылю). Сустрэча дзяўчынкі з Пінгвінамі-жартаўнікамі (Вольга Лазебная і Наталля Гайдук) і Белым Мядзведзем (Яўген Гусеў) сталася адным з самых запамінальных момантаў у спектаклі. Шчырую сімпатыю публікі выклікаў і танец жыхароў Поўначы: стэп з элементамі шатландскага танца.
Як прызнаўся рэжысёр, у спектаклі яго найперш цікавіў пошук мяжы паміж станам легкадумнасці і тым момантам, калі Жэня пачынае жыць і адчуваць сэрцам.
— Што патрэбна чалавеку, каб адчуць сябе шчаслівым? — разважае В.Клімчук. — Лёс хаця б аднойчы дорыць нам шанц, але патрэбна мець талент яго выкарыстаць, праявіўшы высокія памкненні душы. Яшчэ лепш, калі нашы высакародныя парывы не абстрактныя, а — адрасныя, калі дапамога блізкаму своечасовая. Жэня дапамагае незнаёмаму хвораму хлопчыку Віцю (Вольга Лазебная), бескарысліва дорыць яму шчасце быць здаровым — і гэта рашэнне асобы, што думае і адказвае за свае ўчынкі. Бо падзяліцца шчасцем з іншым — асалода, сэнс быцця. Альтруісты — шчаслівыя людзі! Спяшайцеся рабіць дабро, і не заўтра, а ўжо сёння!Гэтыя філасофскія сентэнцыі ў спектаклі трактуюцца простай, зразумелай для гледачоў рознага ўзросту, сцэнічнай мовай. Дзеянне не перагружана ні алегорыямі, ні асобнымі сімваламі — яны тут не патрэбны. Клімчук, як сапраўдны перфекцыяніст, дасягнуў гармоніі думкі і формы. Новая работа Беларускага тэатра “Лялька” — чарговае пацвярджэнне яго іміджа, адметнасць якога — дарыць эстэтычную асалоду і пазітыўны настрой, магчымасць смакаваць тыя спецыфічныя, на першы погляд, дробязі рэжысёрскіх знаходак, з якіх будуецца велізарнае рафінаванае відовішча са знакам “плюс”.
Ксенія ДРУЖКОВА
Віцебск
Фота Аляксандра ГРЫГОР’ЕВА