Аснова — тая ж, але...

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Канстанцін СЕЛІХАНАЎ, скульптар
Завядзёнка, калі выкладчык сядзіць са студэнтамі, напрыклад, з дзявятай раніцы да першай гадзіны дня, — не зусім дасканалая. Мастак робіць выбар: альбо яму палову дня праводзіць у акадэміі, а потым стомленным ляцець у майстэрню, альбо цалкам засяродзіцца на творчасці. Каб выкладчыкамі былі людзі, якім ёсць што сказаць студэнтам, павінен існаваць нейкі кампраміс.

/i/content/pi/cult/537/11686/6-4.jpgВыкладанне магчыма зрабіць для творцы прывабным. Як працуе ў Варшаўскай акадэміі мастацтваў Лявон Тарасевіч? Ён займаецца з тымі, каму блізкая ягоная творчасць. Студэнты працуюць у ягонай майстэрні, ездзяць з ім на мастацкія імпрэзы. Прасцей кажучы, жывуць ягоным светам. А ў нас выкладчык на занятках гаворыць студэнтам адно, а ў майстэрні робіць зусім іншае. Тэорыя з практыкай не супадаюць. Калі ўжо мы гаворым пра каштоўнасць рэалізму і вучым гэтаму рэалізму студэнтаў, дык і ў майстэрні павінны даваць ім практыку рэалізму, а не рабіць абстрактную мадэль. Мне падаецца, што ў навучальным працэсе мы засяроджваемся на другасным, на прыватнасцях, і забываемся на галоўнае — на мастацтва.

Наша мастацкая акадэмія ў аснове мусіць заставацца такой, якой і ёсць. Прынамсі, найбліжэйшым часам… Мэта навучання ў ёй — атрыманне базавай, класічнай адукацыі. Адпаведна, і праграма мусіць быць жорсткая, прынцыповая. Так ёсць — і тое добра. Але з часам патрэба змен станецца відавочнай, і на прагматычным кансерватызме, на захаванні традыцый ужо не ўтрымацца. Цяпер знізілася планка конкурсу ў Акадэмію, і гэта нездарма. А раней ці пазней паўстане пытанне, як рэфармаваць установу. Скажам, арганізаваўшы ў ёй аддзяленні эксперыментальнага жывапісу і пластыкі або стварыўшы яшчэ адну ВНУ — з іншай праграмай.

Я бачу сістэму вышэйшай мастацкай адукацыі так: два першыя курсы — база, а потым — усяго пакрыху. Няхай студэнт, зыходзячы з таго, што яму ў жыцці спатрэбіцца, выбірае, як удасканальвацца. Разам з тым, іншыя лічбы ў конкурсе — гэта знак, што працэс выкладання патрабуе карэкцыі, каб адпавядаць рэаліям, патрабаванням сённяшняга дня. І тут трэба нешта рабіць. Магчыма, весці больш жорсткую кадравую палітыку, каб студэнтаў вучылі мастакі, якія гавораць пра сённяшні дзень на сучаснай мове.

Напрыклад, я ведаю, што Варшаўская акадэмія мастацтваў білася за Міраслава Балку, здаецца, з Вроцлаўскай акадэміяй. Рэальна білася, каб ён стаў выкладчыкам у Варшаве. Але ж я разумею, што падобныя пытанні не ад рэктара залежаць. Гэта ўвогуле адміністрацыйная пасада.

А наогул, трэба прыняць як дадзенасць: студэнт ідзе да выкладчыка, хоча вучыцца ў канкрэтнай асобы. А выкладчык, працуючы ў межах праграмы, мусіць мець пэўную метадычную свабоду і сам вызначаць пэўныя рэчы, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"