Захэпіэндзілі…

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Як ні разгарну парады чарговага дзіцячага псіхолага, не магу пазбавіцца пачуцця, нібы сучасныя дзеці ператварыліся ў крыштальныя кубачкі, якія пойдуць расколінамі ад любога судакранання з рэальнымі праблемамі. Крый божа, гутарыць з імі пра тое, што ў жыцці, акрамя сонца і марожанага, бываюць страты, слёзы, сардэчныя пакуты. Над бацькамі пагрозліва вісіць словазлучэнне “псіхалагічная траўма”, таму, павучаюць нас, "агортвайце" дзяцей стэрыльнай радасцю. І паступова па-за межамі “недарэчна хвалюючага” апынаюцца класічныя творы мастацтва...

/i/content/pi/cult/537/11682/4-1.jpgХвалюючыя месцы пачалі “падсалоджваць”, эмацыйна “выпраўляць”, адаптаваць, змяняючы надта “жахлівае” на больш лёгкае і зразумелае. Згадаю прэм’еру “Сіняй птушкі” ў сталічным Тэатры юнага гледача.

Пакуль ішлі да тэатра, прыгадвалі з пяцігадовым сынам прачытаную летась казку. П’еса пачынаецца з размовы брата і сястры аб падарунках, якія калядны дзед прынясе толькі багатым дзецям, з нявіннага падглядання праз вокны сваёй беднай хаціны на калядны баль у заможнікаў, з гульні ў “каштаванне” ўяўных піражкоў. Метэрлінк выпраўляе герояў у падарожжа, каб тыя змаглі спазнаць шчасце простых рэчаў, зразумелі, што любоў каштоўнейшая за матэрыяльны дабрабыт, паверылі, што жаданнем падараваць дабро блізкім можна і звычайнага шэрага дразда ператварыць у птушку колеру ўльтрамарына.

Распавядаючы, разгортваю праграмку... і змаўкаю. Бо ў варыянце ТЮГа (цытую): “Самыя Каляды, а Цільціля і Міціль паклалі спаць. Ну хіба ж не крыўдна?! Брат з сястрой зайздросцяць дарослым і падглядаюць праз ваканіцы...”. Далей я адзначала для сябе, як зніклі ў ТЮГаўскай версіі многія развагі пра жыццё і смерць, святло і цемру. Нават хрэстаматыйныя Сады Асалод амаль страцілі падманныя радасці кшталту Асалод Нічога не разумець і Нічога не рабіць. Засталіся ўсім зразумелыя з ліку Бегаць па расе басанож (сам Метэрлінк называў такія асалоды дзіцячымі)…

Чаму ж мы раптам сталі баяцца на роўных гутарыць з дзецьмі аб сур’ёзным? Вось і ў згаданай пастаноўкі ўзроставы цэнз — ад 10 гадоў. Нямала, каб паспрабаваць убачыць і складанасці жыцця. А Метэрлінк жа і даваў героям дыямент, што “вяртае зрок”, каб бачыць шырэй за тое, што ляжыць на паверхні...

У культурнай прасторы прыкладаў такога апгрэйду становіцца, на жаль, усё больш. Вось прыдбала таўшчэзны збор знакамітых казак свету ад буйнога выдавецтва. Пачынаю чытаць дзецям Андэрсана пра Стойкага алавянага салдаціка. Па версіі выдання, твор скончыўся на тым месцы, дзе Салдацік вярнуўся на стол ля Папяровага палаца пасля падарожжа ў рыбіне. Хэпі-энд! У разгубленасці гартаю далей: гісторыя Русалачкі ў сучаснай рэдакцыі завяршылася на самай сярэдзіне класічнага тэкста, калі дзяўчына першы раз выйшла на бераг (удакладненне аб тым, што ногі, якія з’явіліся замест хваста, балелі, быццам Русалачка ішла па вострых нажах, зразумела, апушчана). Звыклыя фіналы занадта страшныя і малеча іх не зразумее? Не пагаджуся: дзяцей трэба вучыць адчуваць чужы боль. Каб потым самім не жаліцца на чэрствасць моладзі.

А праблема ж сям-там ужо выйшла за межы казачкі на сон. Сёлета мне скардзіўся рэжысёр аднаго з прыватных тэатраў лялек Санкт-Пецярбурга, што даводзіцца перадрукоўваць афішы: публіка... баіцца ісці на спектакль з назвай “У краіне паміж Святлом і Цемрай”. Палохаюцца — не перабольшванне. Так і гавораць касіру, калі бачаць у рэпертуары назву класічнай казкі Астрыд Ліндгрэн: “Цемра — гэта незразумела, надзвычай жахліва”.

У клопатах аб бяспецы тонкай псіхікі мы часам “зачышчаем” творы мастацтва ад суперажывання, ад эмоцый, ад хваляванняў, што падаюцца нам “узроставымі”. Не забыцца б толькі, што дзеці маюць уласцівасць расці. Каб потым выпешчаныя “крыштальныя” дзеці не ператварыліся ў “бесклапотных” дарослых, для якіх сапраўднае мастацтва будзе занадта “сумным” і… далёкім.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"