Сакавік — пара кантактаў

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Адзін раз — гэта выпадковасць, два — супадзенне, а тры — ужо заканамернасць, альбо — традыцыя. Згодна з гэтым выслоўем, 21 сакавіка ў Магілёве вось ужо трэці раз адкрываецца Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт-2008” , заснавальнікамі якога выступаюць упраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

 /i/content/pi/cult/153/1168/Sakavik.jpg

Сцэна са спектакля “Яна і Я”.

Традыцыйны “фармат” фестывальнай праграмы — спектаклі для маладых і пра маладых і створаныя маладымі (у тым ліку і па духу) людзьмі.

У праграме фестывалю бяруць удзел тэатральныя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Малдовы, Польшчы і Літвы. Прычым большасць з іх — калектывы, любімыя і прызнаныя не толькі ў сябе на радзіме, але і далёка за яе межамі. Расію прадстаўляюць Санкт-Пецярбургскі драматычны тэатр “Прытулак камедыянта” са спектаклем “Pro Турандот” паводле К.Гоцы, Дзяржаўны тэатр нацый з Масквы — са “Снегірамі” Н.Садур, Ніжагародскі тэатр юнага гледача — з “Апошнімі” М.Горкага і Дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі “Свабодная прастора” з Арла — з “Каханнем не жартуюць” А.Мюсэ. Украіну прадстаўляе ўжо вядомы магілёўскай фестывальнай публіцы Кіеўскі акадэмічны тэатр драмы і камедыі на левым беразе Дняпра з “Рамэа і Джульетай” В.Шэкспіра, Польшчу — таксама вядомая “Старая Прахoffня” са “Стратэгіяй для двух шынак” Р.Коса. А ўпершыню ў Магілёў завітаюць Драматычны тэатр імя Рачо Стаянава з Габрава з пастаноўкай “У чатыры вухі” П.Шэфера, кішынёўскі Муніцыпальны маладзёжны драматычны тэатр “З вуліцы руж” са спектаклем “Божыя кароўкі вяртаюцца на зямлю” В.Сігарава і Нацыянальны драматычны тэатр Літвы — з “Палюбоўнікам” М.Дзюра.

Прыемна адзначыць, што з кожным годам на фестывалі як колькасна, так і якасна прырастае беларуская частка праграмы. І гэтым разам на “М.@rt.кантакт-2008” свае тэатральныя работы прадставяць: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — “Сталіцу Эраунд” С.Гіргеля, Сучасны мастацкі тэатр — “Старэйшага сына” А.Вампілава, Тэатр-студыя імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — пластычны спектакль “Не танцы”. Ну, а гаспадары пляцоўкі — Магілёўскі аблдрамтэатр — пакажуць адну са сваіх найновых работ: пластычны перформанс “Яна і Я” паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы.

Акрамя конкурсных спектакляў, якія будзе ацэньваць прадстаўнічае міжнароднае журы, у праграме фестывалю прадугледжаны шэраг майстар-класаў для творчай тэатральнай моладзі, лабараторная праца і паказы сцэнічных работ паводле класічных твораў сусветнай драматургіі ў пастаноўцы маладых рэжысёраў-дыпломнікаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. І — багатая праграма тэатральных абмеркаванняў, “круглых сталоў”. Пра ўсё гэта мы, безумоўна, раскажам нашым чытачам на старонках “К”. 

Таццяна КОМАНАВА