Навошта фестывалім?

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Летась мне давялося пабываць ці не на дзясятку маштабных імпрэз рознага кшталту: ад рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў Акцябрскім на Гомельшчыне да мясцова-рэгіянальнага “Фэсту на прызбе”, што ладзіўся прыватнікамі ў глухой вёсачцы Пружанскага раёна, насельнікамі якой з’яўляліся тады толькі дзве старыя бабулі… Гэтым летам, думаецца, вандраваць-фестываліць мне таксама давядзецца амаль што кожныя выходныя… Але не пра тое гаворка. Галоўнае, што мяне засмучае, калі збіраюся ў камандзіроўку ў той або іншы раён Беларусі, — каб чарговы фестываль, на які я еду, не аказаўся падобны на той, з якога зусім нядаўна вярнуўся.

/i/content/pi/cult/537/11678/4-22.jpgНа жаль, так адбываецца даволі часта. Многія фэсты — згадаю, напрыклад, тую ж “Берагіню”, — ладзяцца на вельмі высокім узроўні, але… іх амаль мінаюць жыхары не толькі Беларусі, але і насельнікі таго мястэчка, у якім гэтая рэспубліканская акцыя ладзіцца… Сам бачыў на свае вочы на сіх-тых з іх і пустыя трыбуны, і выступленні артыстаў, што называецца “для птушачкі”, і сум з гэтай нагоды арганізатараў, якія, падаецца, прыклалі ўсе намаганні, каб раённае свята перасягнула межы і райцэнтру, і нават рэгіёну — а ўсе іхнія захады аказаліся марнымі…

Чаму так адбываецца? Мабыць, тут зноў варта казаць пра рэкламу, пра “раскрутку” імпрэзы ў СМІ, пра папярэднюю рассылку звестак у турыстычныя кампаніі, якую лепш за ўсё распачаць за тры, а то і за шэсць месяцаў ці нават за год да дня фестывалю… Але ж не толькі пра гэта…

Часам айчынным фестывалям не хапае належнага арганізацыйнага складніку. Напрыклад, варта паклапаціцца не толькі пра артыстаў, але і пра гасцей фэсту. А гэта і камфортнае жыллё, і зручны транспарт (можа — і адмыслова замоўлены ў мясцовым аўтапарку), і зоны адпачынку для бацькоў з дзецьмі, і разнастайнае харчаванне (а не толькі “нацыянальная” страва шашлыкі), і дадатковая культурная праграма з экскурсіямі па горадзе і раёне, і многае іншае… Акрамя таго, многія фэсты, як я ўжо згадваў, падобныя адзін на адно. На іх бываюць адны і тыя ж рамеснікі з кітайскімі і саматужнымі сувенірамі, там ладзяцца адны і тыя ж конкурсы і забаўкі, а на сцэне выступаюць абавязкова мясцовыя калектывы. І пры гэтым арганізатарам не так важна, рыцарскі фэст ладзіцца ў іхнім мястэчку ці фальклорны: кожны раён паказвае свае “багацці”, не зважаючы на адмысловую праграму ці эксклюзіўнасць той ці іншай запланаванай імпрэзы…

На жаль, тых самых рамеснікаў ды артыстаў, падобныя конкурсы ды забаўкі можна часам пабачыць у гэтым жа мястэчку і на Дзень горада, і на Новы Год ці на Масленіцу… Таму гэтыя шаблонныя мерапрыемствы наўрад ці будуць цікавіць прыезджых турыстаў — на іх і мясцовыя жыхары ходзяць не надта ахвотна…

Між тым, як не так даўно пісаў у сваім артыкуле ў “К” вядомы музыкант Алег Хаменка, “любы фестываль патрабуе менеджменту індустрыі забаў”. І гэта сапраўды так. Без належнага менеджменту многія цікавыя фестывалі, на жаль, так і не пераўзыходзяць межаў свайго раёна, не робяцца “раскручанымі” ды маштабнымі, а нейкія іхнія знаходкі і ідэі — кшталту кірмашу ганчароў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ці рыцарскіх бугуртаў каля Гальшанскага замка ў Ашмянскім раёне Гродзеншчыны, — якія пры належнай падачы маглі б зацікавіць як айчынных, так і замежных турыстаў, — застаюцца амаль незаўважанымі…

Ёсць у нас і спецыялісты па менеджменту, і кіраўнікі цікавых культурных праектных у музейнай, бібліятэчнай і клубнай сферах, ёсць і крэатыўныя рэжысёры маштабных агульнагарадскіх і агульнараённых святаў… Але, нягледзячы на іх наяўнасць, многія цікавыя мерапрыемствы, якія ладзяцца летам у розных рэгіёнах краіны так пакуль што і не сталіся агульнанацыянальным здабыткам і, тым больш, не зацікавілі замежных турыстаў.

Між тым, за мяжой дзякуючы грантам і прыватнай ініцыятыве названыя фестывалі “грымяць” на ўсю краіну, на іх прыязджаюць госці з розных краін свету, а самае галоўнае — у іх удзельнічае моладзь і падлеткі, даючы надзею, што падобныя мерапрыемствы будуць працягвацца і надалей. Згадаю, да прыкладу, фэст дударскай музыкі ў Славакіі ці фестывалі этнічнай музыкі, якія шырока распаўсюджаны ў краінах Балтыі ды Польшчы…

І яшчэ. Не варта забывацца на той факт, што фестывалі павінны і могуць прыносіць прыбыткі арганізатарам. Напрыклад, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў Калацэй на старонках “К” неаднаразова агучываў тэзу пра тое, што этнамастацтва можна манетызаваць. Тое самае, думаецца, варта сказаць і пра іншыя фестывалі — гістарычных рэканструкцый, сярэднявечнай музыкі і гэтак далей… Натуральна, каб быў такі грашовы вынік, арганізатарам трэба стварыць у сваім райцэнтры Дзейства, а не шаблонны фэст, які будзе адрознівацца ад іншага адно толькі назвай мястэчка… Вось тады і пытанне, вынесенае ў загаловак гэтага артыкула, падасца ўсім цалкам недарэчным і дзіўным…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"