Сімвалы адвечнасці

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Наш гомельскі аўтар Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА доўгі час займаецца культуралагічнымі праблемамі Рэнесанса, у тым ліку і тымі, што непасрэдна звязаны з “залатым стагоддзем” Беларусі. У аснову яго філасофска-эстэтычных даследаванняў можна пакласці афарызм Платона: “Толькі мысленне чалавека, які любіць мудрасць, — здольнае акрыляцца”. Сёння друкуем яшчэ два невялікія матэрыялы, прысвечаныя вышэйзгаданай тэме.

ШыфраграматрохкутнікаСкарыны
У артыкуле, прысвечаным сімволіцы сігнета Францыска Скарыны (“К” № 35 за 2 — 8 верасня 2000 г.), я закрануў і пытанне сімволікі знакатрохкутнік”, прататып якога беспаспяхова шукалі ў гербоўніках ВКЛ. Безвыніковасць пошукутрохкутнікане ў духоўным кантэксце эпохі зразумелая: афіцыйная набілітацыя самога Скарыны праблематычная і малаверагодная, а выкарыстанне ў яго выданнях гербаў спонсараў супярэчыла б некадыфікаваным, але ўжо наяўным на той час звычаям адносна аўтарскіх правоў выдаўцоў.
Трохкутнік і літарадэльта” — старажытныя піфагарэйскія сімвалы навукі, прамаці якой зяўлялася геаметрыя. У кабалістычнай традыцыі трохкутнік і літарадалет” — сімвалы Брамы Святлауваход у Дом (літарабет”) абстрактнага Бога (“алеф”, цялец, Карона і г. д.), слова дэльазначае Бога Брамы Святла, а Іель” — Бога Пачатку. Менавіта да апошняга слова ўзыходзіць назва славутага Іельскага універсітэта ў ЗША.
 /i/content/pi/cult/153/1167/Skaryna1.jpg
Агульнавядомыя выявы прамяністага трохкутніка, якія ўпрыгожваюць праваслаўныя і каталіцкія храмы. На самых старажытных з іх напісана імя Іеговы. А пасля яго змянілі выявы вока, якое, праз грэка-лацінскую аманімію, азначае і Светач Розуму (менавіта ўнутраным святлом розуму абумоўленазагадкавасць вачэй дзюрэраўскай Меланхоліі”, бялкі якіх злавесна-жудасна свецяцца чысцінёй паперы”).

У куточках многіх гравюр А.Дзюрэра змешчана выява дзвярэй, якія лічацца яго гербам, “узыходзячым да назвы мястэчка Цюрэн у Цюрынгіі, з якога паходзіў бацька мастака і яго продкі-цесляры”. Між тым, на вельмі рэдкай і малавядомай гравюрыГерб А.Дзюрэра” (1521 г.), прыватнасць тэмы якой абумовіла абмежаванасць колькасці яе экзэмпляраў, адлюстравана адкрытая брама, змешчаная на прыступках і аблоках. На вядомым жа босхаўскім творыБлудны сынБрама Святла адлюстравана ў выглядзе бессэнсоўнай, без агароджы, каліткі, нефункцыянальны працяг раскосу якой утварае трохкутнік дэльты. Капялюш у руцэ І.Босха на гэтым вядомым аўтапартрэце ўказвае не на жабрацкі стан персанажа, а на яго набліжэнне да сакральнага аб’екта.

Ідэя Брамы Святла прысутнічае і на вядомым гальбейнаўскім гравюрным партрэце Эразма Ратэрдамскага, які, пашыраючы межы тагачасных ведаў, меў герб-пячатку з выявай бога межаў Тэрмінуса. На гэтай гравюры адлюстраванне гермы апошняга змешчана над выявай галавы барана, якім у лацінскай і сярэднявечнай вайсковай тэрміналогіі называлася бервяно для разбурэння брам крэпасцей.

Выдавецка-асветніцкая дзейнасць Скарыны была абумоўлена “моцным рухам пансафізму” (Р.І. Эванс), рэнесансныя правадыры якога лічылі веданне мужнасцю, а цемру невуцтва — злом і грахом. Скарынінскі “трохкутнік з літарай “Т” — сімвал чалавецтва каля прамяністай Брамы Святла. “Т”, шырокавядомы атрыбут выяў Св. Антонія Падуанскага, узыходзіць да менш вядомай сімволікі апошняй габрэйскай літары “тав”, што карэлюе з сімволікай апошняй грэчаскай літары “амега” (канец, вянец Тварэння — мікракосм — чалавек), таму што спакусы гэтага святога сімвалізуюць спакусы ўсяго чалавецтва. Менавіта Адам і Ева адлюстраваны на адным са скарынавых ініцыялаў літары “Т”.

У свой час беларускі фізік Уладзімір Паўловіч вельмі блізка падышоў да разгадкі “пустаты” верхняга шчытка тытула скарынінскай “Бібліі рускай”, убачыўшы ў чысціні паперы выяўленчага поля шчытка сімвал святла (бясформенны абстрактны Бог неаплатонікаў і кабалістаў, пазбаўлены ўсялякіх атрыбутаў).

Бясспрэчным доказам надуманасці “праблемы пустога шчытка” з’яўляецца адзін са слайдаў гравюр палеатыпаў, якія ў 2000 годзе ў прысутнасці аўтара гэтага артыкула перадаў Віктару Шматаву польскі прафесар Вальдэмар Дэлюга. Далейшы лёс гэтага неапублікаванага слайда з тытульнага ліста т. з. пражскага “Масор” мне невядомы. Магчыма, ён захоўваецца ў архіве ўстановы, якую ўзначальваў нябожчык В.Шматаў. У любым выпадку, скарыназнаўцы могуць звярнуцца да вышэйназванага супрацоўніка Гістарычнага музея ў Варшаве. 

“Меланхолія” ў кантэксце рэнесанснага неаплатанізму

Самая вядомая так званая “сатурніянская” трактоўка загадкавай гравюры А.Дзюрэра вельмі перабольшвае сувязь яе зместу з меланхалічным тэмпераментам мастака і старажытнымі ўяўленнямі аб меланхоліі. Трактоўка ж так званага “магічнага” квадрата ў якасці старажытнага лекавага сродку ад дэпрэсіі ўвогуле не вытрымлівае крытыкі. Меланхалічная адлучанасць крылатай постаці абумоўлена ідэаграмай платонаўскага паняцця інтэлектуальнага інсайта, які магчымы толькі пры “адключэнні” ўсіх органаў пачуццяў. Бясспрэчным доказам гэтага з’яўляюцца выявы абцугоў і чатырох выцягнутых цвікоў, галоўная кабалістычная сімволіка якіх “нязлітна-непадзельнае” (напрыклад, дух і матэрыя, боскае і д’ябальскае, і г. д.), а другая — органы пачуццяў.

Лічбы ж “магічнага” квадрата (магічны лік 34 = 7) указваюць не толькі і не столькі на неаплатанічныя “Тэалогумены арытметыкі” (сімволіка 10-ці першых лічбаў існуе і ў “Кабале”), а ў большай ступені на ПАМЕЖНАСЦЬ матэматыкі паміж нерухомым науменальным светам і рухомай дзейснасцю. Аб гэтым сведчыць выява ўваходнага званка над паглыбленым, накшталт дзвярэй, квадратам.
 /i/content/pi/cult/153/1167/Skaryna2.jpg

Дзверы ж і вокны — вядомы сімвал мяжы паміж рэальным і ўяўным. Тут дарэчы адзначыць, што “загадкавыя” для даследчыкаў “злавесна-белыя бялкі” вачэй (грэка-лац. оculos) “Меланхоліі” сімвалізуюць унутранае святло Светача (оculos) Розуму.

Платонаўскае вучэнне аб пазнанні непарыўна ад яго ж вучэння аб бессмяротнай усёведнай Душы. У асоб з дапытлівым Розумам крылы яе павялічваюцца, а ў іншых — атрафіруюцца. Жаночая вопратка крылатага асілка абумоўлена жаночым родам “Anima” i “Psihe”.

Згодна Платону, першая ніжэйшая частка Душы лакалізуецца ў печані і не вяртаецца да свайго нябеснага першавытоку. Магчыма, у гэтай якасці трэба разглядаць выяву крылатай пачвары з надпісам “Melencolia I”, хвароба якой тлумачылася разліццём жоўці менавіта ў печані. Адзначым і тое, што адзінка — вядомы неаплатанічны сімвал Першаадзінага вытоку, у якім зліты Святло і Цемра.

У адрозненне ад вагаў, цыркуля і аршына, выявы пілы, рубанка і правіла не ўпісваюцца ў трактоўку “пошукаў мастаком ідэальных прапорцый і прыгажосці”. Гэтыя рэчы, з дапамогай якіх ствараюцца рэгулярныя фігуры і ідэальныя паверхні рэчаў, разам з выявай шара ўказваюць на платонаўскае паняцце безумоўнага і безадноснага прыгожага (прекрасного).

Сем прыступак лесвіцы, “вядучай у нікуды”, як і сем постацей на карціне вучня А.Дзюрэра Г.Бальдунга (што паходзіць з роду універсітэцкіх прафесараў) “Сем узростаў жанчыны” (Лейпцыг), сімвалізуюць платонаўскую дыялектыку ўзыходу Душы па прыступках (грэка-лац. сlimacis) розуму. Грэка-лацінскае ж сlimacter — сем крытычных узростаў чалавека.

Выява маленькага крылатага putto, які рашае нейкую задачу, сімвалізуе платонаўскае “прыгадванне ведаў усёведнай бессмяротнай Душой дзіцяці”.

Адметная і блізкасць слоў putto і puto (думаю, лічу, рашаю), а таксама diskos (дыск) і discо (вучуся). У адрозненне ад руху звычайнага кола, рух жорнаў ці тачыльнага дыска, на якім сядзіць пута, падобны да руху платонаўскага дзіцячага ваўчка.

Напрыканцы артыкула падкрэслім, што гэтая наша трактоўка “Меланхоліі” пераканаўча, на наш погляд, тлумачыць усе элементы гравюры і іх сувязь паміж сабою. На маленькім аркушы паперы мастак “надрукаваў” адно з самых вялізных і вытанчаных (изощренных) тварэнняў чалавечага розуму, вытлумачэнне якога вымагае шмат лістоў паперы. Гэта беспрэцэдэнтны духоўны подзвіг А.Дзюрэра.