Чорнае адзенне маленькай сядзібы

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

“У маленькай сядзібе” — так называецца спектакль па п’есе польскага драматурга Станіслава Ігнація Віткевіча, прэм’ера якога адбылася ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

/i/content/pi/cult/536/11651/8-1.jpg

Простая, на першы погляд, назва спектакля нясе ў сабе шматкроп’е ў філасофскім працягу і асэнсаванні.

З гэтай нагоды асобнай размовы патрабуе разгляд рэжысуры як глыбокага і шматграннага бачання драматургіі. П’есы Віткевіча — своеасаблівыя, адзначаныя гратэскнай мовай, што ўвасобіў на сцэне рэжысёр-пастаноўшчык Саўлюс Варнас. Як заўжды, ён праявіў яшчэ і мастацкую смеласць. Варнасу ўдалося справакаваць гледача на эмацыйнае ўспрыманне ідэі Любові як такой, без якой няма сэнсу жыцця на свеце. Спектакль пра тое, што чалавечая прырода прагне любові, але не ўмее любіць. Жыццё дзеючых асоб на сцэне сведчыць пра выбар для іх больш важных каштоўнасцей, чым само гэта пачуцце. І калі яно ў кімсьці праяўлялася, то своеасабліва і аднолькава эгаістычна: кожны любіў дзеля сябе і толькі. Гэта і сведчаць са сцэны Васіль Голец (у ролі бацькі Дыяпанасія Небасекі), Аляксандр Куляшоў (Калякій Пасюкоўскі), Галіна Лабанок (Настасся Небасек), Наталля Калакустава (Анэта Васевіч), Руслан Кушнер (Юзаэф Машейка), Дзмітрый Дуткевіч (Ігнацій Цюцень).

Рэжысёр раскрывае вобразы дзеючых асоб у невырашальнасці супярэчнасцей характараў, у барацьбе цёмнага і светлага бакоў душы. Іх жыццё нагадвае тэатр, дзе злучыліся камедыя, абсурднасць і містычны пачатак, якія прывялі да непазбежнай трагедыі. Такі песімістычны зыход бянтэжыць, яго не чакаеш, але ў ім ёсць пэўная зададзенасць і нават логіка. А ці магчыма наогул духоўнае ўзыходжанне чалавецтва? Бо тое, што адбываецца ў асобнай маленькай сядзібе, адбываецца паўсюдна. Хай кожны сумленна адкажа для сябе, калі зможа, што гэта — не так. Прынамсі, гэтае пытанне рэжысёр задаў гледачу смела і сумленна.

Высокай ацэнкі заслугоўвае і сцэнаграфія, цікавая ў сваёй вобразнай інтэрпрэтацыі. Яна адзначана містычным характарам, філасофскай глыбінёй, метафарычнасцю і, разам з тым, мабільнасцю. Да тонкасцей густоўнай, з пачуццём меры выкананай сцэнаграфіі часам хацелася дадаць больш трапнае супадзенне эмацыйнага, візуальнага і гукавага шэрагаў. Асабліва гэта тычылася тых момантаў, калі падкрэслівалася абуджэнне цнатлівай прыгажосці прыроды. Але чорнае адзенне задніка сцэны, якое імітуе лясны гушчар, нават на кароткае імгненне не набывала жывыя 
адценні.

Затое напрыканцы дзейства сцэнаграфія Юратэ Рачынскайтэ сказала сваё важкае слова. Кульмінацыяй стаў вобразны і гукавы шэраг афармлення, адзначаны драматычным гучаннем, якое выказвае перамогу цёмных сіл. Таму, што адбываецца, сама прырода супраціўляецца да канца. Яна адначасова смуткуе і бунтуе крывавымі бліскавіцамі, залевамі. Але, здаецца, змяніць ужо нічога нельга. Чалавецтва ідзе да апакаліпсісу.

Вялікая ўдача, што ў рашэнні мастацкага вобраза спектакля пункты гледжання рэжысёра і сцэнографа супалі. Абодва ў сваіх творчых пачатках апынуліся раўназначнымі, раўнацэннымі і змаглі ў такім тандэме стварыць адметны свет, адухоўлены майстэрствам акцёраў.

Любоў БАГAМ’Я, мастацтвазнаўца

Магілёў