Перспектыва для невялікага горада

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

З аднаго боку, Дзяржаўная праграма развіцця рэгіёнаў паклікана знівеліраваць розніцу паміж сталіцай і невялікімі гарадамі ў плане дабрабыту і побытавай культуры, а з другога — падкрэсліць адметнасць, унікальнасць кожнага нашага мястэчка. Каб Беларусь, як і ў былыя часы, можна было назваць краінай, дзе на ніткі дарог нанізаны, бы пацеркі рознакаляровых каштоўных каменьчыкаў, малыя і сярэднія гарады. Каб іх жыхары атрымалі дадатковыя нагоды для гонару за свой край і не спяшаліся пакідаць яго ў пошуку выгод вялікага горада. Як спалучыць абедзве гэтыя задачы? Падчас Рэспубліканскага семінара кіраўнікоў дзяржаўных СМІ, які пройдзе 20 — 21 сакавіка ў Паставах, акурат і будуць абмяркоўвацца гэтыя важныя аспекты жыцця малых і сярэдніх гарадоў: эканоміка, паляпшэнне сацыяльнай інфраструктуры, ахова культурнай спадчыны, архітэктура... Дадамо, што Паставы не выпадкова сталі месцам правядзення семінара: горад дае добры прыклад паспяховага развіцця рэгіёна згодна з Дзяржаўнай праграмай развіцця малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў.

Перадусім — функцыянальнасць
Каб пераканацца ў рэальнай эфектыўнасці працы па праграме, не давялося доўга шукаць прыклады. Багатае на камандзіроўкі жыццё карэспандэнта “К” дазволіла пабачыць і станоўчыя набыткі, і набалелыя праблемы малых ды сярэдніх гарадоў рэспублікі. Вядома, за архітэктурнай аздобай застаецца і функцыянальнасць, якая, фактычна, стварае ўмовы для жыцця іх насельнікаў.
У кампетэнцыю спецыялістаў УП “БЕЛНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА” ўваходзіць вызначэнне стратэгічнай лініі ды стварэнне генеральных планаў развіцця архітэктуры малых гарадоў па замове абласных улад. Таму і не падаецца дзіўным суседства эканамічных і горадабудаўнічых аспектаў у праграме маючага адбыцца семінара: архітэктура выконвае не другасна-”аздабленчую”, а, у пэўнай меры, нават інтэгральную функцыю ў тым складаным і папраўдзе жывым арганізме, які ўяўляе сабою кожны гарадок.
 /i/content/pi/cult/153/1165/Arhitektura1.jpg
— Мы працуем перадусім на далёкую перспектыву,— гаворыць галоўны архітэктар праектаў Тамара ПРАКАПОВІЧ. — Тамму і даводзіцца адначасова браць да ўвагі мноства разнастайных фактараў.
Генеральныя планы, якія ствараюцца ў БелНДІП горадабудаўніцтва, улічваюць транспартныя шляхі, інжынерныя камунікацыі, аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, прадпрыемствы, жылыя раёны — літаральна ўсё, што мае значэнне для жыцця горада.
Не пакідаюцца без увагі і навакольныя тэрыторыі, зялёныя зоны. Спецыялісты робяць ацэнку якасці забудоў: можа, некаторыя з іх ужо даўно пара зносіць? Пралічваецца дэмаграфічная дынаміка, вызначаецца патрэба ў жыллі і з яе ўлікам плануюцца раёны новага будаўніцтва.І ў архітэктараў ёсць рацыя, каб гэтак дэталёва рыхтаваць кожны план: дойліды мінулага пакінулі для сваіх нашчадкаў багаты практыкум на тэму “Як нельга рабіць”. Пры слове “памылка” адразу згадваецца, скажам, шэрая “каробка” Дома быту, якая закрывае прыгожы фасад старадаўняга храма на галоўнай плошчы Клецка.
Але гэта — відавочнае. А бываюць недахопы, якія “няўзброеным вокам” не ўбачыш. Т.Пракаповіч, напрыклад, закранае аспект экалагічнай бяспекі: у недалёкай мінуўшчыне гарады фарміраваліся стыхійна, і таму жылая забудова нярэдка суседнічае з прадпрыемствамі. Па меры магчымасцей архітэктары стараюцца іх размежаваць. Калі ж гэта праблематычна — рэкамендуюць мадэрнізаваць вытворчасць, каб зменшыць шкодны ўплыў на асяроддзе.
На генеральным плане Горак, да прыкладу, будучы раён шматкватэрных дамоў пазначаны асобным колерам. Менавіта гэтае месца было абрана таму, што новабудоўлі тут больш проста і танна забяспечыць ацяпленнем, ды і ў плане арганізацыі грамадскага транспарту варункі больш выгодныя, чым у іншым баку горада.
Патэнцыял: рацыянальны і парадаксальны
Самае важнае пытанне, якое паўстае перад праекціроўшчыкамі, — вызначыць, у чым патэнцыял таго ці іншага горада, і падкрэсліць яго сродкамі архітэктуры. Рацыянальнае зерне любога праекта — знайсці “сілкаванне” для горада, паспрыяць вырашэнню ягоных праблем, найбольш тыповая і важная з якіх — нястача працоўных месцаў і магчымасцей самарэалізацыі для жыхароў. Гэта не дзіўна, калі ўлічыць, што большасць колішніх нашых мястэчак не маюць буйных прадпрыемстваў. Некаторыя з такіх гарадкоў, пры спрыяльных абставінах, у перспектыве могуць стаць цэнтрамі рэкрэацыі і турызму.
Напрыклад, значны патэнцыял для развіцця ў гэтым кірунку мае Асвея, дзе яшчэ гадоў пятнаццаць таму жыццё віравала. Але калі ў гады перабудовы адно за адным “згаслі” ўсе размешчаныя там прадпрыемствы, насельніцтва пачало імкліва змяншацца і “старэць”. Не дзіва, што моладзь у гарадку не затрымліваецца. Таму і нескарыстаны пакуль патэнцыял Асвеі — аднайменнае возера, другое па велічыні на Беларусі, і багатая гісторыя паселішча — ці не найлепшае выйсце для гэтага мястэчка?..
 /i/content/pi/cult/153/1165/Arhitektura2.jpg

Папраўдзе, вызначыць патэнцыял некаторых з іх бывае нялёгка. Т.Пракаповіч прыводзіць такі прыклад. Усё жыццё малога населенага пункта раней канцэнтравалася вакол вайсковай часткі саюзнага значэння. Вайскоўцы сышлі, а што рабіць далей? Турыстычных цікавостак няма, прырода навокал звычайная, ды і магістралі праз гэтыя мясціны не праходзяць.
Як бы парадаксальна гэта ні гучала, але, па словах архітэктара, адзіным выратаваннем можа стаць размяшчэнне тут сур’ёзнага прадпрыемства: калі няма эканамічнай асновы дляжыццядзейнасці горада — ён немінуча вырачаны на заняпад.
Такая разнастайнасць і нават дыяметральная супярэчлівасць перспектыўных рашэнняў вымагае акурат індывідуальнага падыходу праекціроўшчыкаў да кожнага гарадка.
Турыстам, але найперш — землякам
Між іншым, асобны падыход выяўляецца і ў тым, што ў многіх з іх захаваліся фрагменты гістарычнай забудовы або, прынамсі, старая планіроўка вуліц. Страта такіх асаблівасцей азначае свядомае пазбаўленне нашчадкаў, ды і саміх сябе, узораў каштоўнай горадабудаўнічай спадчыны. Дойліды, па словах Т.Пракаповіч, ставяцца да такіх куточкаў вельмі беражліва: “Перад тым як пачаць працаваць над генпланам, мы адшукваем і вывучаем гістарычныя планы, што зберагліся да нашых дзён. У багатых на адметнасці гарадах прадугледжваем ахоўныя зоны і нават рэгенерацыю гістарычнай часткі. Іншая рэч — друзлая старая забудова, пераважна драўляная, якая ніякай каштоўнасці не ўяўляе, а толькі псуе эстэтычны выгляд. Мы настойліва раім яе прыбіраць — асабліва з цэнтральных вуліц”.
 /i/content/pi/cult/153/1165/Arhitektura3.jpg
Фактычна, соль працы архітэктараў — вызначыць і падкрэсліць адметнасці як для гасцей-турыстаў, так і для саміх жыхароў. У гэтым клопаце і палягаюць перспектывы для паспяховай рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця малых гарадоў і ў цэлым асобных рэгіёнаў.
А поруч з тым — фарміраванне шырокай сеткі турыстычных цэнтраў, генпланы якіх таксама ствараюцца ў “творчай лабараторыі” УП “БЕЛНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА”.
Для архітэктараў, апроч захавання гістарычнай прывабнасці, важна “спраектаваць” і спрыяльную экалагічную абстаноўку. Прыкладам тут Мір, праз цэнтр якога ў свой час праходзілі транзітныя шляхі, і таму машыны рухаліся ў бок Карэлічаў паўз муры замка. Цяпер, згодна з генпланам, для іх пабудавана аб’язная дарога.
Турызму, вядома, паспрыяюць і добраўпарадкаванне вуліц, і стварэнне пешаходных зон, дзе павінна канцэнтравацца ўсё самае цікавае — кавярні, гатэлі, крамкі з вырабамі мясцовых рамеснікаў... Аднак тут, мабыць, варта арыентавацца на саміх жыхароў малых і сярэдніх гарадоў: колькі б яны ні прымалі замежнікаў, а жыць, працаваць, адпачываць там найперш нашым землякам, таму аб іх паўсядзённым камфорце і першачарговы клопат архітэктараў.
“Пабываўшы ў гарадах, дзе пешаходных зон няма, вы і самі прыйдзеце да высновы: пад рокат транспарту прыязныя зносіны і адпачынак досыць праблематычныя, — кажа Тамара Мікалаеўна. — У кожным, нават зусім невялікім, горадзе патрэбен хаця б нейкі куток, дзе прыемна было б бавіць час, скажам, невялікі сквер з высокай ступенню добраўпарадкавання. Прыемна адзначыць, што малыя архітэктурныя формы — альтанкі, фантанчыкі, скульптурныя кампазіцыі — цяпер ужо не рэдкасць і для невялікіх гарадоў”.
Пацверджу: у Паставах не бракуе добраўпарадкаваных месцаў для адпачынку. Гарадок шмат па якіх паказчыках можа быць узорам для многіх.
Ёсць тут і дагледжаны парк на беразе рэчкі, і сквер на цэнтральнай плошчы з фантанам, ліхтарамі і ўтульнымі лаўкамі, дзе цёплымі вечарамі дапазна заседжваецца моладзь.
Ахвотна верыш старшыні райвыканкама Эдуарду Казюру, што гэтыя месцы не ствараюць крымінагенную абстаноўку, а іх хараство не зніштажаецца хуліганамі. Раённыя ўладыўсведамляюць, што мала аднойчы парупіцца пра добраўпарадкаванне: узятую “вышыню” культуры побыту належыць пастаянна падтрымліваць.
Сядзіба ўпоперак магістралі
Т.Пракаповіч кажа, што на вынік працуе паразуменне з рэгіёнамі. “Шмат дзе гэтае паразуменне мясцовага кіраўніцтва і сталічных дойлідаў дасягаецца вельмі лёгка, але, на жаль, сустракаюцца і такія прадстаўнікі гарадскіх і раённых улад, якія лічаць сябе дастаткова кампетэнтнымі ў архітэктуры, каб не прыслухоўвацца да меркаванняў спецыялістаў”.
Паўстае і праблема адпаведнасці новых аб’ектаў гарадкоў генплану. “Паводле заканадаўства, усе змены абавязкова павінны ўзгадняцца з намі, — зазначае Тамара Мікалаеўна. — Але на практыцы такое здараецца не заўсёды”.
Найбольш распаўсюджаны на сёння такія парушэнні генплана, што ўжо самі па сабе маюць “гісторыю”.
Найпершгэта бум сядзібнай забудовы 1990-х, калі дамы будавалі ці не паўсюль, запаўняючы вольныя тэрыторыі. Сюды ж дадаецца і абавязковае памкненне атабарыцца ў маляўнічым прэстыжным месцы: на беразе рэчкі, у водаахоўнай ці зялёнай зоне, або ў цэнтры, дзе прыярытэт грамадскай забудовы.
Другі бум — татальная аўтамабілізацыя, да якой нашы гарады аказаліся не падрыхтаванымі. “Адсюль, — заўважае Т.Пракаповіч, — і праблема пераразмеркавання транспартных плыняў. Калісьці мы яе прадугледзелі і вызначылі перспектыўныя магістралі, але цяпер выяўляецца, што шмат дзе яны перакрыты прыватнымі дамамі. Цяпер, на шчасце, парадак у індывідуальным будаўніцтве ўжо зноў усталёўваецца...”, — зазначае Тамара Мікалаеўна.
Маленькі, але сучасны
Пры фарміраванні сучаснага аблічча малых і сярэдніх гарадоў не варта забывацца на стыль. Нярэдка складваецца ўражанне, што менавіта ў невялікіх населеных пунктах некаторыя будынкі, асабліва ўзведзеныя па замове камерцыйных структур, фармальна з’яўляючыся спалучэннем традыцый розных эпох, папросту спараджаюць безгустоўную эклектыку.
Прынамсі, тут усё залежыць ад густу ды майстэрства пэўных архітэктараў, якія праектуюць канкрэтныя будынкі, або ад раённых і абласных архітэктурных службаў.
 /i/content/pi/cult/153/1165/Arhitektura4.jpg
Задача БелНДІП горадабудаўніцтва як структуры рэспубліканскай — даць агульныя, канцэптуальныя рэкамендацыі: гэты будынак павінен захаваць сваё гістарычнае аблічча, тут неабходна вытрымаць маштаб, а тут — захаваць асяроддзе.
Дарэчы, у забудове многіх заходнееўрапейскіх гарадоў таксама не заўсёды можна вызначыць агульны стыль, але ж кожны дамок там адметны, і разам яны зазвычай ствараюць прыгожы ансамбль. Калі ўдала спалучыць сучасную забудову з гістарычнай, акрэсліць для яе адпаведны “антураж”, карціна атрымаецца прывабнай. Скажам, у Смаргоні або Шклове помнікаў архітэктуры захавалася небагата, але ў турыста ствараецца адваротнае ўражанне. Ці не гэта непасрэдны вынік працы па добраўпарадкаванні і рэалізацыі стратэгіі развіцця населенага пункта?
“Мой досвед падказвае, што ў тых рэгіёнах, дзе раней сфарміраваліся добрыя архітэктурныя традыцыі, яны трываюць і цяпер, — кажа Т.Пракаповіч. — Прыкладам, гэта характэрна для многіх невялікіх гарадоў Гродзеншчыны. Апошнім часам яны сталі асабліва дагледжанымі і ўтульнымі. Тым болей, з’явіліся якасныя будаўнічыя матэрыялы — тая ж плітка, якой цяпер брукуюць цэнтральныя плошчы”.
І сапраўды: трапляючы ў такія гарадкі, як Вялікая Бераставіца і Воранава, ці ў большыя за іх Ваўкавыск, Навагрудак, Шчучын (заўважым, усё гэта акурат названая архітэктарам Гродзенская вобласць), пачуваешся вельмі ўтульна. Сучасныя будынкі там не разрываюць”, а дапаўняюць сфармаваны стагоддзямі архітэктурны ландшафт, а сучасная плітка ды шклопакеты адно дадаюць глянцу старым камяніцам і вуліцам.
І таму зусім адарванымі ад жыцця падаюцца заўвагі скептыкаў пра непатрэбнасць найновых дасягненняў архітэктуры ў малых і сярэдніх гарадах. Там жыве такая самая моладзь, як і ў вялікіх. Адсюль і яшчэ адна задача, што паўстае перад архітэктарамі: не ствараць адчування нейкай іх абдзеленасці, у параўнанні з тымі ж мінчанамі. Таму з’яўленне забаўляльных цэнтраў, басейнаў, нават аквапаркаў можна толькі вітаць. Згадваецца тут, як прыклад, Касцюковіцкі маладзёжны цэнтр “Юнацтва”, які па вечарах цэліць у неба лазерным пражэктарам.
А як жа інакш? Там, дзе створана сучасная інфраструктура, горад жыве.
— Наогул, трэба адзначыць, што агульны ўзровень архітэктуры малых гарадоў узрастае ва ўсіх рэгіёнах, — дадае Т.Пракаповіч і працягвае акурат пра Касцюковічы: — Нядаўна пабывала ў гэтым гарадку, аддаленым ад сталіцы больш як на 350 км, над генеральным планам якога калісьці давялося працаваць.
Уражанні вельмі прыемныя: утульны скверык у цэнтры, свежаатынкаваныя сцены будынкаў, чысціня на вуліцах... А бачылі б вы тыя Касцюковічы гадоў пятнаццаць таму!
Дойліды — не чараўнікі, але змяняюць людзей
Гадоў праз 10 — 15 пасля стварэння плана карэктывы проста неабходны, бо надзённая сітуацыя ў горадзе заўсёды можа істотна змяніцца. Пагадзіцеся, з’яўленне буйнога прадпрыемства здатнае кардынальна змяніць жыццё цэлага гарадка. “Згадайма тыя ж Касцюковічы, куды ў свой час быў “пасаджаны” цэментны завод. З’яўляюцца новыя рабочыя месцы, але разам з тым узнікаюць і новыя праблемы: дзе гэты завод размясціць, дзе рассяліць рабочых, як забяспечыць іх транспартнымі шляхамі? Узнікае і патрэба ў новай сацыякультурнай інфраструктуры. Не так даўно інстытуту давялося ўносіць карэктывы ў генплан Шклова, дзе запрацавала папяровая фабрыка”, — распавядае Тамара Пракаповіч.
Наогул жа, не варта чакаць ад архітэктараў, што яны сваімі сіламі здолеюць вырашыць усе надзённыя праблемы. “Бывае, людзі прыязджаюць і пытаюцца: што нам тут размясціць, у якую сферу ўкласці грошы? Мы можам патлумачыць, што вам нельга рабіць, скажам, па меркаваннях экалагічнай бяспекі, вырашаць жа пытанні ўкладання грошай проста не маем кампетэнцыі”.
Тым не менш, плён працы архітэктараў сапраўды навідавоку. Гэта адносіцца і да ўнутранай, і да знешняй аздобы будынкаў. Таму якасць працы дойлідаў становіцца першай, але значнай прыступкай для забеспячэння камфорту жыхароў малых і сярэдніх гарадоў. Нарэшце, кажучы пра патэнцыял гэтых населеных пунктаў, варта рабіць стаўку на галоўнае: увагу дзяржавы да развіцця малых гарадоў. “Не па чутках ведаю, — кажа Т.Пракаповіч, — што ў тых мясцінах, якія былі належна добраўпарадкаваны, і людзі істотна змяніліся. Цяпер у іх зусім іншыя адносіны да сваёй малой радзімы — ды, адпаведна, і да ўласнай працы і культуры побыту”.

Ілля СВІРЫН