Здабыткі з любанскага "...куфэрку"

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

22 — 24 мая ў Любані прайшоў Х Адкрыты абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”. Юбілей стаўся дадатковай падставай паразважаць над далейшым развіццём і самога свята, і нацыянальнага тэатральнага мастацтва — як аматарскага, так і прафесійнага. Бо тое, бы ў люстэрку (у прамым, “крывым” і ўвогуле “залюстэркавым” сэнсах), адбіваецца на нашых дзецях і іх творчасці.

/i/content/pi/cult/535/11644/13-1.jpg

Пад час імпрэзы. / Фота прадастаўлена арганізатарамі фестывалю

Дзеці з бэйджыкамі і без

Тры асноўныя сцэнічныя пляцоўкі, змешчаныя непадалёк адна ад адной, дзевяць конкурсных спектакляў, яшчэ чатыры “гасцявых”, святочныя праграмы адкрыцця і закрыцця, тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і забаўляльная дзея на плошчы — фестываль сабраў разам каля 250 дзяцей, юнакоў і дзяўчат, зачараваных магіяй тэатра.

Заўважу, слова “разам” тут ужыта ў самым што ні ёсць прамым сэнсе слова. Удзельнікаў рассяляюць па піянерскіх лагерах, арганізацыйныя механізмы збоеў не даюць (на якіх яшчэ фэстах вы бачылі, каб усё пачыналася “хвіліна ў хвіліну”, нават “секунда ў секунду”?), і ўсе калектывы “фестываляць” па тры дні — хіба за рэдкім выключэннем, калі камусьці трэба ад’ехаць раней. А каб моладзь не сумавала, для яе і дыскатэкі ладзяцца, і іншыя сяброўскія імпрэзы — сёлета, да прыкладу, дадалася разгорнутая вулічная праграма, багатая на інтэрактыў.

Адпаведна, асноўнымі гледачамі фестывальных паказаў становяцца “дзеці з бэйджыкамі”. Паглядзець спектаклі можа і мясцовае насельніцтва, прыдбаўшы на кожны з іх квіткі па 20 тысяч рублёў. Але штосьці я не бачыла натоўпу жадаючых, якія штурмавалі б касы. Больш за тое, нават суботнім вечарам на плошчы, куды квіткі не патрабаваліся, пераважалі самі ўдзельнікі. Можа, усе пайшлі ў Музей народнай славы, што месціцца непадалёк? Бо акурат у гэты час там бурлелі падзеі перанесенай на тыдзень пазней “Ночы музеяў”.

Атрымліваецца дзіўная сітуацыя. Працуе на фестываль папраўдзе ўвесь горад. А “спажываюць” ягоныя плады — у асноўным, госці. З аднаго боку, так лепей: усім хапае крэслаў у зале, усе могуць адно аднаго пабачыць, навучаючыся на чужых поспехах і памылках. З іншага ж, шкада, што спектаклі не заўсёды даходзяць да “простай” публікі. Скажаце, інфармацыі не хапае? Але паўсюль — расцяжкі, не заўважыць якія немагчыма. У газеце “Голас Любаншчыны” — вялізны артыкул з падрабязнай афішай. Можа, не прызвычаілася грамадскасць да майскіх тэрмінаў? Маўляў, раней фестываль праводзіўся ў дні школьных вясенніх канікул. Але і тады, як памятаю, для жадаючых патрапіць у залу асаблівых праблем з месцамі не было: райцэнтр — невялікі, а спектакляў — ажно па пяць на дзень. Як бы тое ні было, добра, што так званыя адміністрацыйныя рэсурсы ніхто ўключаць не збіраецца: школьнікаў не заганяюць на спектаклі пад прымусам, бо гэта, як вядома, часцей выклікае зваротную рэакцыю. А цяперашні “графік тэатральных наведванняў” дакладна адлюстроўвае рэальную сітуацыю, з якой сустракаюцца практычна ўсе перыферыйныя і многія сталічныя тэатры: за публіку даводзіцца весці сапраўдную “барацьбу”.

Усё для фестывалю!

Увагі заслугоўвае тое, як на гэты фестываль працуе літаральна ўвесь горад, папаўняючы “Чароўны куфэрак”, адпаведна з яго назвай, самымі рознымі падарункамі. Наладжана шчыльнае супрацоўніцтва з Любанскай дзіцячай школай народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Амаль усе шматлікія прызы, якія атрымліваюць удзельнікі і госці, захоўваюць цяпло дзіцячых рук: адметныя гліняныя гаршэчкі, тканыя рушнікі, плеценыя кошыкі ды падносы. Цікавы па дызайне фестывальны буклет выкананы адной з настаўніц школы Карынай Кійко.

Сціплыя гатэльныя ўмовы шчодра кампенсуюцца кулінарнымі вынаходніцтвамі супрацоўнікаў (і іх сем’яў) Любанскай дзіцячай школы мастацтваў, Сароцкага сельскага Дома культуры, дзе праходзяць асноўныя мерапрыемствы. Відавочна, што для гэтых устаноў ранейшы Год гасціннасці не скончыўся, стаўшы неад’емнай часткай фестывалю. Але і кіраўніцтва гатэля таго ў Сарачах магло б паклапаціцца пра сваіх наведвальнікаў — хаця б вешалкі-кручкі для ручнікоў у прыбіральні павесіць (хай нават на ліпучках, калі пры рамонце “сэканомілі” на стацыянарных), зрабіць, каб шторы-фіранкі не толькі служылі гламурна-ружовым “пылезборнікам”, а яшчэ і закрываліся, бо іначай няма як пераапрануцца. Што ні кажыце, а турыстычныя ўражанні пачынаюцца з такіх вось дробязей.

Многа страцілі тыя, хто не наведаў згаданую “ноч” у Любанскім музеі народнай славы. Завесіўшы частку асноўных экспазіцый, там прапанавалі “Прагулку па губернскім Менску”, па розных баках аднаго пакойчыка змясціўшы “Фотаатэлье”, “Банк”, “Тэатр”, “Галерэю”, “Скабяную краму”, “Ілюзіён” і многа чаго іншага, што звязала б Любань з Еўстафіем Любанскім — апошнім уладаром Лошыцкай сядзібы ў Мінску. Было шмат інтэрактыву і гумару. Дастаткова было паслухаць, як у час “спірытычнага сеансу” на выкручастыя пытанні гледачоў адказваў “дух Ядвігі”, загінуўшай жонкі Любанскага, у ролі якога выступала сама дырэктарка музея Наталля Сіняк.

— “Ноч музеяў” у нас заўсёды праходзіць крэатыўна і весела, — дадала яна. — Уваход у музей для асобных наведвальнікаў — вольны: і ў святочную “Ноч…”, і ў будзённыя дні. Ну як я буду браць грошы з тых, хто па сутнасці і ствараў наш музей, ахвяруючы яму свае сямейныя рарытэты? План па платных паслугах выконваем за кошт экскурсій і, галоўнае, камерцыйных выставак. А “народная слава”, лічу, павінна быць адкрытай і даступнай для ўсіх, уключаючы гасцей. Так, дарэчы, нярэдка робіцца і ў еўрапейскім замежжы: частка экспазіцый, што выхоўваюць патрыятычныя пачуцці і працуюць на імідж краіны, знаёмячы наведвальнікаў з багатай гісторыяй народа, прапануюцца бясплатна.

Акрамя афіцыйных аргані-затараў працавалі на фестываль і іншыя культурныя ўстановы Міншчыны. На плошчы і ў музеі інтэрактыўныя гульні-баляванні ладзіў сталічны творчы калектыў “Майстэрня ўражанняў”, адзін з удзельнікаў якога родам з Любаншчыны. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр даслаў “гістарычныя” сцэнічныя строі, выстаўленыя ў музеі, і, на закрыццё фестывалю, трох лепшых салістаў з паўгадзіннай праграмай фрагментаў з дзіцячых мюзіклаў. Прафесійны струмень пасярод аматарскага руху — справа перспектыўная, бо вызначае эстэтычныя крытэрыі.

Увогуле, адметнасцю юбілейнага Х “… Куфэрка” сталася тое, што ў яго была “закладзена” надзвычай шырокая тэатральная палітра, уключаючы сувязі з іншымі фестывалямі аматарскай тэатральнай творчасці: колішнім “Крокам у неба”, цяперашнімі міжнароднымі “Крокамі”, абласной “Бярэзінскай рампай”, што ладзіцца сярод дарослых калектываў. Іншымі словамі, усё было — для фестывалю, усё — для перамогі! І мастацтва сапраўды перамагло.

Без тых, хто прайграў

Мастацкі складнік любога фестывалю ці конкурсу вызначаецца па двух параметрах: узроўні лідара і агульным “сярэднім” узроўні ўсіх удзельнікаў, сярод якіх не павінна быць абсалютных аўтсайдараў, што не ўпісваліся б у агульную канву. Першы вынік залежыць ад журы, другі — непасрэдна ад арганізатараў. Мяркуючы па вышэйзгаданых якасцях, “Чароўны куфэрак” арыентуецца на лепшыя здабыткі ў галіне тэатральнага мастацтва, на сучасную эстэтыку і рэжысёрскія прыёмы.

Хаця, на маю думку, наўрад ці трэба рабіць гэтыя фестывалі тэматычнымі (сёлетні, да прыкладу, быў прысвечаны казкам, і ў яго з вялікай цяжкасцю ўпісалася ваенная тэма). Адной з найбольш прагрэсіўных тэндэнцый гэтага фэсту стала актыўнае спалучэнне прыёмаў драматычнага тэатра з лялечным, музычным, пластычным, магчымасцямі кіно. Элементы лялечнага тэатра прысутнічалі ледзь не ў кожным спектаклі! І гэта не даніна модзе, а адзін з сусветных кірункаў — да сінтэзу мастацтваў і тэатралізацыі розных з’яў. Іншая справа, што ўзровень працы з тымі ж лялькамі быў надта розны: ад папраўдзе прафесійнага падыходу да нягеглага трымання ў руках “цацак”, з якімі невядома што рабіць.

Цікава і тое, што на сёлетнім “Чароўным куфэрку”, ледзь не ўпершыню за гады яго існавання, пальма першынства была адзінагалосна аддадзена аднаму і таму ж спектаклю і прафесійным журы на чале з заслужаным артыстам Беларусі, дэканам тэатральнага факультэта нашай Акадэміі мастацтваў, прафесарам Уладзімірам Мішчанчуком, і глядацкім журы пад кіраўніцтвам рэжысёра Таццяны Бабей (Маладзечна), якое складаецца з прадстаўнікоў усіх калектываў-удзельнікаў. Такім спектаклем сталася “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык” паводле Максіма Багдановіча Узорнага тэатра-студыі “Трыумф” з Барысава (кіраўнік і рэжысёр Аляксей Дзямідчык). Першай прэміяй было адзначана “Падарожжа “Блакітнай стралы” Джані Радары сямейнага тэатра “Чамадан” з Салігорска ў пастаноўцы Вольгі Смалюговай. Дададзім, што Аляксей — нядаўні выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Вольга — завочніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, паказаны спектакль — яе дыпломная праца. Вельмі добрае ўражанне пакінула прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне і адзначаная прэміяй прафсаюзаў кампазіцыя “Больш многіх іншых узрушэнняў…” Тэатра-студыі “Маяк” з Дзяржынска, падрыхтаваная яшчэ адным нядаўнім выпускніком БДУКіМа Аляксеем Саўніным. Раптам узнікла думка: чаму б і іншым тэатрам не наладзіць плённае супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі? Бо пастаноўкі з дзецьмі маглі б стаць часткай навучальнага працэсу, набліжаць будучых рэжысёраў да рэальных умоў, у якіх ім давядзецца апынуцца надалей. Тэатрам жа гэта магло б прынесці дадатковы свежы струмень, абмен ведамі і досведам паміж сталымі практыкамі і творчай моладдзю, поўнай крэатыўных ідэй.

“Зорачкай Мельпамены” стаў трэцякласнік Даніла Будай за ролю Маленькага Прынца ў аднайменным спектаклі паводле Антуана дэ Сэнт-Экзюперы Узорнага тэатра-студыі “Ступені” з Дзяржынска. Сам спектакль падзяліў другую прэмію з Лялечна-драматычным тэатрам “Мікося” з Ратамкі (“Як перамагчы Цмока Гарыныча”).

Суцэльны букет узнагарод — ад трэцяй прэміі да паўдзясятка спецыяльных прызоў — атрымалі гаспадары фестывалю, Узорны тэатр “Летуценнікі” пад кіраўніцтвам Алы Каткавец. У іх спектаклі “Ах, мой мілы Аўгусцін” галоўны арганізатар і душа фестывалю, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага раёна Васіль Каткавец выступіў не толькі перакладчыкам на беларускую мову, але і, прычым вельмі ўдала, выканаўцам галоўнай ролі Казачніка. Адзначым і тое, што сцэнаграфію да гэтай пастаноўкі рабіў знакаміты прафесійны мастак Яўген Волкаў, што разам з касцюмамі і лялькамі, часткова вырабленымі самой Алай Каткавец, вельмі ўпрыгожыла казку.

Абмеркаванні спектакляў пасля праглядаў, у якіх удзельнічалі крытыкі і члены журы, дазвалялі расставіць усе кропкі над “і”. Кіраўнікі калектываў падыходзілі да запрошаных на фестываль спецыялістаў і паасобку, раіліся. А прызамі ды падарункамі члены журы імкнуліся адзначыць усё лепшае, што заўважылі, каб агеньчык любові да тэатральнага мастацтва ў дзяцей не згасаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"