Іўе: варыяцыі на тэму брэнда

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Як візуалізаваць Еву і атрымаць дывідэнды
У наш час наяўнасць адметнага брэнда — не толькі прэстыж для асобна ўзятага раёна, але і магчымасць папоўніць “пазабюджэт” сферы культуры і адпаведна павялічыць даходы работнікаў клубаў, музеяў, бібліятэк і дамоў рамёстваў… Не дзіўна, што за брэнды часам ідзе сапраўднае змаганне — Шаркаўшчына і Глыбокае, якія да сёння не могуць падзяліць Язэпа Драздовіча ды Бен Іегуду, — яскравы таму прыклад.

Ева

І пакуль у адных раёнах ідзе змаганне, а ў другіх пошук тых самых адметнасцей, Іўеўшчына актыўна выкарыстоўвае свой брэнд — Еву. Вядома ж, размова ідзе не пра першую жанчыну, а пра легендарную князёўну, ад імя якой і з’явілася назва сённяшняга райцэнтра ў Гродзенскай вобласці. Мае Іўе і іншыя брэндавыя цікавосткі, над стварэннем адметнасцей якіх працуюць ці не ўсе работнікі сферы культуры, бо разумеюць — толькі разам, супольнай працай можна ва ўмовах фінансавай нестабільнасці захаваць рэгіянальную культуру. Цяжка не пагадзіцца з такой думкай. І каб пераканацца ў яе дзейснасці, варта наведаць Іўеўскі раён, што карэспандэнт “К” і зрабіў.

/i/content/pi/cult/535/11643/12-1.jpg

Першая сустрэча з князёўнай Евай адбылася ў Іўеўскім раённым цэнтры культуры і вольнага часу. А больш дакладна — у пакоі Раённага цэнтра рамёстваў, які месціцца ў сценах РЦК. Лялька ў рост чалавека красуецца ў адмысловым строі, над стварэннем якога працавалі раённыя метадысты і майстры.

Трэба сказаць, што вопратку для лялечнай князёўны ствараюць у аграгарадку “Ліпнішкі” — у мясцовым аддзеле культуры (колішнім сельскім Доме культуры). І не толькі для яе. Дзякуючы намаганням работнікаў установы, найперш, аматарскаму аб’яднанню “Чараўніцы”, створаны святочныя строі ці не для ўсіх музычных калектываў раёна. Там жа працуе і гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларуская лялька”, які па сваёй маштабнай дзейнасці цягне калі не на асобны цэнтр рамёстваў, дык дакладна на ягоны філіял. Пад кіраўніцтвам Марыі Пякша з ільну і падручных матэрыялаў дзецьмі ствараюцца анёлы, абярэгі, а таксама персанажы беларускай міфалогіі — надзвычай сімпатычныя дамавікі, што карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў. Апошніх прываблівае не толькі касцёл ХІХ стагоддзя, але і частка брытанскага друкарскага станка, на якім больш за сто гадоў таму выдаваў газету колішні кіраўнік Польшчы Юзэф Пілсудскі.

Геранёны

Але вернемся да легендарнай спадарыні з гарадскога герба. Адказаць на пытанне, адкуль бяруцца Евы (лялечныя ж, вядома) вельмі проста: з Геранёнаў. У гэтым аграгарадку ў філіяле РЦР (пасля аптымізацыі яго назва гучыць як “Сектар рамёстваў традыцыйнай культуры”) дзейнічае, можна сказаць, фабрыка цацачных Еваў. Лялькі ствараюцца майстрам Юзэфай Старасцінай. І ўжо з Геранёнаў казачныя князёўны трапляюць у сувенірную краму Іўеўскага музея нацыянальных культур ды ў сядзібу дзеда Зімніка і бабы Завірухі. Задумваюцца там і яшчэ пра адзін брэнд — Геранёнскі замак, які існаваў у Сярэднявеччы. Пакуль ідзе абмеркаванне, якім чынам фартэцыю візуалізаваць, народны майстар Юзэфа Старасціна зрабіла яе саламяны макет, маленькія копіі якога, думаецца, таксама былі б запатрабаваны турыстамі. Ганарацца ў Геранёнах і мясцовым традыцыйным касцюмам, што быў рэканструяваны па выніках нядаўніх этнаграфічных экспедыцый, правядзенне якіх для многіх раёнаў краіны цяпер сталася вялікай рэдкасцю. Грошы, грошы...

Маецца непадалёк ад Геранёнаў і выдатны яблыневы сад, збіраць ураджай у якім дапамагаюць работнікі культуры раёна. Чаму ж пасля плённай працы не зрабіць яскравае дзейства? Намеснік дырэктара Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Наталля Мудрык мяркуе, што неўзабаве ў Геранёнах можа з’явіцца і Яблычны фэст, які стане адметным рэгіянальным святам, а мо і чарговым брэндам Іўеўшчыны (а яшчэ канкурэнтам яблычным святам у іншых кутках Беларусі).

Залейкі і Дайліды

Пакуль жа творчым брэндам, вядомым у краіне, з’яўляецца тэатралізаванае дзейства ў сядзібе дзеда Зімніка і бабы Завірухі ў Залейках. Па словах Наталлі Мудрык, у час навагодніх свят сядзібу штодзень наведваюць па некалькі груп турыстаў з розных раёнаў краіны. Гэта прыносіць вялікі прыбытак, але таксама і клопаты мясцовым культработнікам, якія ці не ў поўным складзе задзейнічаны ў праекце. Хто выконвае ролю чароўных іўеўскіх персанажаў, хто стварае сувеніры, а хто спалучае і тое, і другое, як, да прыкладу, дырэктар аддзела культуры ў вёсцы Дайліды Таццяна Рынгель. Акрамя ўдзелу ў тэатралізаванай дзеі яна стварае з саломы сапраўдныя ўзоры мастацтва — “Саламяную казку”. Менавіта такую назву атрымала выставачная зала ў Дайлідах.

Традыцыі

Але брэнды — гэта не толькі лялькі ці праекты, але і ўнікальная гістарычная спадчына. Пра палац у Жамыслаўлі “К” не так даўно пісала. Але ж не толькі ён прываблівае турыстаў. Мае раён і багата старажытных цэркваў ды касцёлаў, а таксама мячэць. Спазнаць самім і прапанаваць пазнаёміцца са сваёй спадчынай турыстам — таксама адна з важных задач устаноў культуры раёна. А таму не выпадкова многія бібліятэкі ў Іўеўшчыне скіраваны на краязнаўства. Пацвярджэннем таму — Бібліятэка-краязнаўчы цэнтр у Ліпнішках. Загадчык установы Таццяна Захарэвіч працяглы час кіруе і аматарскім аб’яднаннем “Карані”. Можна толькі здагадвацца, якім чынам яе імпэту стае і на рэгулярныя фальклорныя вандроўкі, і на стварэнне галерэі гістарычных партрэтаў, конкурс легенд і паданняў, пастаянныя экскурсіі, якія не абмяжоўваюцца сваім раёнам. Адзін з апошніх праектаў бібліятэкі — удзел у навуковай канферэнцыі, прысвечанай 400-годдзю надання Ліпнішкам Магдэбургскага права.

Падаецца, што шанаванне традыцый — адна з адметнасцей раёна. Так, у час Вялікага посту ва ўстановах культуры не праводзяцца дыскатэкі. Замест іх — літаратурныя сустрэчы, духоўныя гутаркі. І самае галоўнае, што мясцовыя жыхары з цікавасцю іх наведваюць. Гэтаксама як ці не штодня ў бібліятэку ў Суботніках завітваюць дзеці з праблемных сем’яў, каб не толькі пачытаць, але і ўласнымі рукамі ствараць разам з бібліятэкарам Святланай Івановай сапраўднае хараство са звычайнай паперы.

Бібліямузей

Яшчэ адным брэндам Іўеўшчыны лічыцца Музей бібліятэчнай справы, што размясціўся ў Іўеўскай раённай бібліятэцы. Аналагаў, прынамсі, у вобласці яму няма. Атрымалася заспець пераезд экспазіцыі з аднаго памяшкання ў іншае, таму цяжка ацэньваць яе якасць. Тое, што давялося пабачыць — кнігі з дарчымі надпісамі, граматы — выклікае цікавасць. І ў той жа час да сапраўднага музея не дацягвае. Хочацца там пабольш інтэрактыву, цікавых фактаў з жыцця бібліятэк як раёна, так і свету. А таксама пабачыць старыя ўліковыя карткі, нарматыўныя акты, здымкі сельскіх бібліятэк першай паловы ХХ стагоддзя і нават зачытаныя “да дзірак” кнігі.

Зрэшты, такія арыгінальныя музеі, як гэты, нават нягледзячы на пэўныя недахопы, ствараюць адметную атмасферу і культурную інфраструктуру невялікіх гарадоў, прывабліваючы туды турыстаў, а таму маюць права на існаванне і развіццё.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"