Хто ў партнёры?!

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Асновай для гэтай публікацыі сталі чытацкія лісты з Крычава і Светлагорска. Намеснік дырэктара Крычаўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Ганна Саковіч і загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай райбібліятэкі Валянціна Расошанка напісалі, на першы погляд, пра рознае. Аднак пры бліжэйшым разглядзе аказалася, што аўтары паведамляюць пра партнёрскія праекты. Міжведамасныя творчыя сувязі — тэма надзённая і перспектыўная, таму і з’явіўся гэты матэрыял.

А канкрэтыка — вось якая. Крычаўскі філіял аўтобуснага парку №3 “Магілёўаблаўтатрансу” падтрымаў ініцыятыву мясцовай Дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў. Праект быў прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей і называўся “Чароўная вясёлка на акне аўтобуса”. Тры экспазіцыі па 24 дзіцячыя работы кожная месцяцца ў салонах рэйсавых аўтобусаў. Ганна Саковіч паведамляе, што для аўтавыстаўкі былі адабраны лепшыя творы 59-і навучэнцаў (ад 9 да 16 гадоў) згаданай школы і яе філіялаў.

Пасажыры — у захапленні. Замест абрыдлай камерцыйнай рэкламы іх вока радуюць жывы подых ды яркія колеры дзіцячай фантазіі.

Намеснік дырэктара ўстановы падкрэслівае, што гэта — не першая перасовачная выстаўка дзіцячай творчасці. Напярэдадні свята Вялікай Перамогі адзін з рэйсавых аўтобусаў быў упрыгожаны работамі, што перамаглі ў раённым конкурсе плакатаў “Няхай заўжды будзе МІР!” Гэтым разам ДШМ падтрымаў не толькі мясцовы аўтапарк, але і раённая арганізацыя Беларускага фонду міру…

Мы пісалі ў свой час пра тое, што ў грамадскім транспарце Оршы і Брэста іншым разам гучаць вершы. Прыемна, што такі від сацыяльнай рэкламы нацыянальных каштоўнасцей няўхільна пашырае геаграфію. Віват транспартнікам! Чаго добрага, неўзабаве і музычная класіка загучыць на гарадскіх маршрутах, скажам, Гомеля ды Гродна... Дык хто ў партнёры да музычных школ?

Чарговы прыклад выніковага партнёрства тычыцца дзейнасці гарадскіх і сельскіх бібліятэк Светлагоршчыны. Напярэдадні лета іх супрацоўнікі вырашылі аб’яднаць намаганні са школьнымі выкладчыкамі. Як распавядае Валянціна Расошанка, у карпаратыўным праекце “Бібліятэка і школа: партнёры ў галіне адукацыі”, які распрацаваны ў бібліятэчнай сетцы, будуць удзельнічаць 17 сельскіх, дзве гарпасялковыя і чатыры дзіцячыя бібліятэкі.

У чым сутнасць акцыі? Ва ўсеагульнай зацікаўленасці. Справа ў тым, што паміж бібліятэкамі і школамі заключаны пагадненні, дзе абумоўлены абавязкі бакоў. Настаўнікі рыхтуюць для школьнікаў спісы праграмнай літаратуры, а бібліятэкары ладзяць адпаведныя выстаўкі мастацкіх твораў, што вывучаюцца на ўроках чытання, беларускай і рускай літаратуры, а таксама — кантралююць якасць чытання, фіксуючы яе ў чытацкіх дзённіках. Для гэтага ў бібліятэках пачынаюць дзейнічаць Клубы летняга чытання. Кожны іх наведвальнік атрымае спецыяльную клубную карту, дзякуючы якой можна ўдзельнічаць у праекце і ў горадзе, і на вясковым лецішчы. Словам, праект выгадны і арганізатарам, і ўдзельнікам. У маім юнацтве летняе чытанне “па праграме” было натуральным працягам вакацыйнага адпачынку, бо кніжка бралася і на пляж, і ў лясную вандроўку з начоўкай у намёце, а чытанне арганічна чаргавалася з рыбалкай ці зборам грыбоў… Інакш кажучы, традыцыі не губляюцца.

Для таго, каб так яно і было насамрэч, чытачоў чакаюць не абы-якія бонусы. Да прыкладу, той, хто прачытае найбольш кніг (звыш дзесяці — для школьнікаў 6 — 10 гадоў і звыш 20 — для чытачоў 11 — 15 гадоў), займее сертыфікат, які дае магчымасць атрымаць больш высокую адзнаку за чвэрць па чытанні ды літаратуры.

І гэта не ўсё. Валянціна Расошанка запэўнівае, што ў чэрвені больш за 40 падлеткаў 14 — 15 гадоў будуць удзельнічаць у праекце “Арганізацыя часовай працоўнай занятасці вучнёўскай моладзі ў час летніх вакацый”. Праект вось ужо цягам сямі гадоў рэалізуецца на базе дзіцячых бібліятэк Светлагорскага раёна. За фінансаванне акцыі адказвае раённае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Да прыкладу, летась было выдаткавана больш за 58 мільёнаў рублёў. Школьнікі “рамантуюць” бібліятэчныя фонды. Апошняя статыстыка такая: 230 падлеткаў давялі да ладу амаль 40 тысяч кніг, брашур і часопісаў. Як паказвае мінулая практыка, за два тыдні працы школьнік можа зарабіць адзін мільён трыста тысяч рублёў. Таму не дзіўна, што колькасць жадаючых папрацаваць у бібліятэцы з кожным годам павялічваецца.

І гэта толькі тры прыклады праектнай дзейнасці, заснаванай на ўзаемакарысным партнёрстве ў двух раёнах Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Не сумняваюся, што такіх красамоўных прыкладаў хапае і ў іншых абласцях. Таму “К” бярэ на сябе адказнасць абвясціць свой творчы праект па вызначэнні лепшай летняй акцыі ў самых розных жанрах культурнага супрацоўніцтва. Партнёры, адгукніцеся і пахваліцеся сваімі акцыямі, заснаванымі на дзейсным сацыяльным партнёрстве. Пра кожны з прыкладаў мы распавядзем на старонках нашай газеты і вызначым лепшы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"