Улісы, якія знаходзяць...

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Падводныя гарады існуюць і ў Беларусі!
Ці любіце вы ныраць так, як, скажам, дэльфіны? Мне часам здаецца, што я дэльфін. І вось плыву я, усміхаюся сонцу ва ўсе дзвесце мінус шэсць зубоў ды рэгулярна даю нырца. Гляджу, што дзеецца пад вадой і, здараецца, заўважаю на дне дзіўныя прадметы, якія не магу ідэнтыфікаваць. А быў бы я чалавекам, дык лёгка б вызначыў, што гэта — дзве амфары, а тое — пакрышка ад аўтамабіля. Зрэшты, не ўсякі чалавек у амфары пазнае амфару, на тое ёсць спецыялісты, і мой матэрыял — пра іх, пра тое, што іх звязвае з акадэмічнай навукай і культурай. А таксама пра тых, каму без дапамогі такіх людзей не абысціся.

/i/content/pi/cult/535/11638/14-1.jpgПад морам блакітным ёсць горад залаты...

Мінскі дайвінг-цэнтр “Марскі пегас” быў створаны ў 1998-м Андрэем ЛІХАЧОВЫМ. Любы ахвотны, наведваючы курсы, можа навучыцца навыкам бяспечнага падводнага плавання з аквалангам і атрымаць міжнародныя дакументы, якія даюць права пагружэння ў вадаёмы ўсяго зямнога шара. Сам дырэктар гэтай арганізацыі прайшоў доўгі шлях. Ад хлапчука, які на пачатку 1970-х захварэў на адну з прыродных стыхій, праз працу ў 1980 — 1990-х кінааператарам (ён вучыўся на аператарскім факультэце ВГИКа і па сёння супрацоўнічае з тэле- і кінакампаніямі, здымаючы для іх пад вадой), да сертыфікаванага спецыяліста Прафесійнай асацыяцыі інструктараў па дайвінгу. У апошнім “амплуа” ён вядомы “хоць бы” тым, што рыхтаваў па сваім профілі дваіх удзельнікаў Беларускай антарктычнай экспедыцыі...

Аднойчы Андрэй задумаўся пра тое, што кожны тыдзень далёка не выправішся, а ў Беларусі...

— Дайвінг у нас носіць больш трэніровачны характар, — адзначае спадар Ліхачоў. — Што такое беларускае возера? У найспякотнае лета на глыбіні 10 метраў тэмпература вады будзе складаць +7 — то бок вельмі халодна. Бачнасць у самым празрыстым возеры — максімум 2 — 3 метры, а глыбей становіцца яшчэ і цёмна. Ды і цікавыя вялікія аб’екты па пальцах адной рукі можна пералічыць: затопленыя эскаватары, пара машын, трансфарматарная будка, а некалькі гадоў таму ў Нарачы я выявіў баржу часоў Першай сусветнай вайны. “Дробязі” нейкія сустракаў — тую ж кераміку, але адмысловага значэння такім прадметам не надаваў. Прынамсі — спачатку.

Увогуле, Андрэю Станіслававічу захацелася прымяніць сваё хобі з карысцю для грамадства. Тым больш, яго заўсёды вабіла гісторыя. І ён стаў шукаць прафесіяналаў у сферы, дзе ягонае захапленне можна было ўжыць для рэальнай працы. Першыя спробы — пачатак 2000-х, калі ён з тады яшчэ аспірантам Інстытута гісторыі Маратам Клімавым ездзіў шукаць узарваны старажытны камень з нейкімі знакамі ў адным з прытокаў Заходняй Дзвіны. Потым зноў была сумесная паездка — у вёску Лучна на раскопкі берага ў выгiне Заходняй Дзвіны (тады абследавалі прыстань). У 2006 годзе навукоўцы з Лабараторыі возеразнаўства БДУ прачыталі ў Інтэрнэце пра тое, як Ліхачоў з калегамі знайшоў у возеры Доўгім дзіўныя выступы. А ўжо ў 2008-м дайверы разам з навукоўцамі выехалі на месца знаходкі. Высветлілася, што выступы аказаліся старажытным берагам, які адносіцца да даледавіковага перыяду. З гэтага моманту і пачалося супрацоўніцтва дайвінг-цэнтра з навукоўцамі, а даныя, атрыманыя ў наступных экспедыцыях, былі выкарыстаныя спецыялістамі.

Штуршком да афіцыйнага статусу паслужыла знаходка ў 2013 годзе ў рацэ Віхра пад Мсціславам рэшткаў рыцара Вялікага Княства Літоўскага, якога знайшлі “чорныя ныральнікі” (ёсць і такія). Пра тое сталася вядома тамтэйшым уладам, яны паведамілі ў Магілёўскі дзяржуніверсітэт, а адтуль, праз Інстытут гісторыі, выйшлі на Ліхачова. Дайверы з археолагамі і паднялі на паверхню астатнія фрагменты рыцарскіх даспехаў XV стагоддзя, а яшчэ — велізарную колькасць керамікі розных часоў. На наступны год “пегасы” зноў сюды выехалі і зноў былі знаходкі. Цяпер камплект даспехаў экспануецца ў Музеі гісторыі Магілёва.

— У пачатку гэтага года дайверам паступіла прапанова адправіцца ў вёску Гарадзішча пад Пінскам, якая прымыкае да ракі Ясельда і Палескага (Гарадзішчанскага) возера, — кажа Андрэй Станіслававіч. — Там знаходзіцца селішча X — XI стагоддзяў, так званы протагорад Пінска. Прылеглыя вадаёмы мы і абследавалі, прычым вынікам засталіся задаволеныя. А ў пачатку красавіка паміж Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і клубам была заключана Дамова аб супрацоўніцтве.

Згодна з ёй, апошні, напрыклад, абавязваецца навучыць плаванні пад вадой пэўную колькасць супрацоўнікаў установы. Наступным крокам пры падрыхтоўцы падводных археолагаў стане іх навучанне ўжо вядучымі еўрапейскімі прафесіяналамі менавіта ў гэтай галіне. Такім чынам, будзе створана кваліфікаваная група спецыялістаў па падводнай археалогіі — першая ў нашай краіне.

Адной з задач беларускіх спецыялістаў будзе разведка, фіксацыя, апісанне, каталагізацыя затопленых старадаўніх паселішчаў, прыстаняў, помнікаў, якія не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта фактычна азначае складанне адзінага рэестра падводнай археалагічнай і культурнай спадчыны.

— Ужо сёлета праведзена некалькі экспедыцый: згаданае Гарадзішча, месца пераправы войска Напалеона праз Бярэзіну ля вёскі Студзёнка, замак Кмітаў ля вёскі Беразавец. Двойчы абследавалася наваколле вёскі Жабер на Ясельдзе, дзе калісьці знаходзіліся земляныя ўмацаванні замка князёў Вішнявецкіх, — працягвае Ліхачоў. — Другая экспедыцыя прынесла вельмі цікавыя вынікі. Пры абследаванні падводнай часткі абарончых равоў і ракі Ясельда вакол крэпасці Жабер былі выяўленыя каваныя цвікі і жалезная сякера з клеймамі XVI — XVII стагоддзяў, фрагменты керамікі (сярод іх трапляліся пячныя кафлi з элементамі арнаменту і рэльефнымі літарамі). Самай цікавай знаходкай (як сказалі гісторыкі, вельмі рэдкай) апынуліся буйныя гарматныя ядры — каля 30 сантыметраў у дыяметры. Неўзабаве зоймемся падводнымі даследаваннямі ў Нацыянальным парку “Нарачанскі” на возеры Мядзельскае, вакол выспы Замак, ля самога возера Нарач. Таксама станем працаваць у Заходняй Дзвіне, Прыпяці, Бярэзіне, Віхры і іншых.

— Мне хацелася б, каб вынікі нашых даследаванняў пашыраліся не толькі сярод навукоўцаў, — заключае Андрэй Станіслававіч. — Людзі нават на побытавым узроўні не надта цікавяцца беларускай навукай, адбываецца гэта збольшага з-за таго, што апошняя не можа сябе прапанаваць ім у папулярнай форме. Больш выразныя і шырокія крокі — і людзі, мне здаецца, зусім іншакш пачалі б адносіцца да сваёй гісторыі, археалогіі, культуры.

Хто мы?

Ужо пры выключаным дыктафоне Андрэй Ліхачоў заўважыў: “Я гатовы працаваць з любымі прадстаўнікамі навукі, толькі б мяне зацікавіла тэма і каб вынікі былі”. Адным з першых партнёраў у гэтым кірунку стаў аўтарытэтны навуковец Сяргей РАССАДЗІН — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

— У нас з Андрэем Станіслававічам шмат у чым аднолькавыя адносіны да старажытнасці — нефармальныя, нетыповыя, — тлумачыць Сяргей Яўгенавіч. — Я ў працы заўсёды стараўся прымяняць новыя метады і калі пачуў, што ёсць чалавек, які займаецца пошукамі артэфактаў пад вадой, прапанаваў яму аб’яднаць пошукі.

Мінулай зімой дайвер і навуковец з’ездзілі на Бярэзіну, каб агледзець меркаваны фронт сумесных работ. У прыватнасці, каля вёскі Каралёва Слабада-2 Светлагорскага раёна Гомельшчыны, на месцы якой у сярэдзіне XVII стагоддзя знаходзіўся горад Казімір. (Даследаванні Сяргей Рассадзін праводзіць тут з 2006 года.) Экспедыцыя, прызначаная на лета, зоймецца пошукам партовых збудаванняў. Каля вёскі Якімава Слабада ў тыя ж тэрміны будзе працягнута вывучэнне гарадзішча жалезнага веку ды ранняга Сярэднявечча. Прафесар кажа: “Не здзіўлюся любой знаходцы, можам выявіць усё, што заўгодна, ажно да патанулага карабля або яго фрагментаў”.

Яшчэ сярод летніх планаў — і Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр у Навагрудскім раёне ля Нёмана, дзе пяты год вядуцца раскопкі. “Думаю, дакладна знойдзем кераміку XIII стагоддзя, што-небудзь з рэчаў XVI — XVIII стагоддзяў, — мяркуе спадар Рассадзін. — Іншая частка маёй рабочай праграмы — паспрыяць пачатку даўным-даўно задуманай мясцовымі ўладамі рэканструкцыі ўмацаванай баярскай, а потым шляхецкай сядзібы XIII — XVIII стагоддзяў Шацілінскі Востраў, гістарычнага ядра сучаснага Светлагорска. Гэта павінен быць не макет, а менавіта рэканструкцыя”.

Праводзіць Рассадзін пошукі ў рамках Дзяржпраграмы навуковых даследаванняў “Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава” на 2011 — 2015 гады і праграм Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук. Натуральна, дапамогу аказвае Тэхналагічны ўніверсітэт з яго магутнай даследчай базай, а таксама Гомельскі аблвыканкам, Лаўрышаўскі манастыр, сябры навукоўцы і, вядома ж, валанцёры.

— Праблемы таксама ёсць, — не хавае Рассадзін. — Але яны больш спецыфічнага кшталту, калі ўмешваецца, скажам, чалавечы фактар.

— Чаго па вялікім рахунку чакаць беларускай культуры ад вашых даследаванняў? — пытаюся ў суразмоўцы.

— І не толькі культуры... — Сяргей Яўгенавіч задумваецца на некалькі секунд. — Удакладнення нашай ідэнтычнасці. Адказу на пытанне: “Хто мы?” У мінулым, у гісторыі, у культуры?.. Мы і шукаем адказ...

У англійскага паэта Альфрэда Тэнiсана ёсць верш “Уліс”, якi заканчваецца добра вядомым радком: “Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца”. Хачу пажадаць героям гэтага матэрыялу таго ж самага. І тады культуры нашай дакладна прыбудзе...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"