Твой след на мапе Мастацтва

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Міжнародная акцыя: ад сталіцы да рэгіёнаў
Яшчэ ў 2012 годзе UNESCO абвясціла чацвёрты тыдзень мая Міжнародным тыднем мастацкай адукацыі. Галоўная мэта названага мерапрыемства — павышэнне інфармаванасці міжнароднай супольнасці пра важнасць мастацкай адукацыі, умацаванне супрацоўніцтва паміж народамі, дэманстрацыя агульнасусветнай культурнай разнастайнасці, міжкультурнага дыялогу і сацыяльнай згуртаванасці. Натуральна, далучылася да маштабнай агульнасусветнай акцыі і наша краіна. Пра сёлетнія асаблівасці і перспектывы Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі “К” пагутарыла з начальнікам аддзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аленай Гуляевай.

/i/content/pi/cult/535/11636/2-3.jpg— Адразу адзначу, што Беларусь далучылася да названай міжнароднай акцыі яшчэ ў 2012 годзе: тады мы зладзілі ў Мінску шэраг семінараў па мастацкай адукацыі. А з 23 па 26 мая 2013 года ў Мінску адбылася Другая Рэгіянальная сустрэча экспертаў па мастацкай адукацыі: удзел у сустрэчы ўзялі вядучыя спецыялісты ў галіне мастацкай адукацыі з розных краін СНД. Але найбольш цікавыя мерапрыемствы Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі ў нашай краіне распачаліся летась, калі ў ім пачалі ўдзельнічаць установы адукацыі сферы культуры беларускай сталіцы, а таксама ўстановы культуры з рэгіёнаў Беларусі. Не сумняваюся, што сёлетнія мерапрыемствы Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі, што стартаваў 25 мая, таксама зацікавяць многіх жыхароў нашай краіны.

— Ці пашырылася колькасць удзельнікаў сёлетняй, чацвёртай па ліку, акцыі ў параўнанні з мінулымі гадамі?

— Так, безумоўна. Акрамя сталічных устаноў культуры, актыўны ўдзел у акцыі прымаюць многія бібліятэкі, клубы, музеі, дзіцячыя школы мастацтваў з рэгіёнаў Беларусі. У праграме — шматлікія выстаўкі, канцэрты, майстар-класы, тэматычныя сустрэчы, практычныя семінары і многае іншае. На сайце Міністэрства культуры Беларусі вывешаны план мерапрыемстваў, таму кожны зацікаўлены знойдзе там усю неабходную інфармацыю і, пры жаданні, таксама можа далучыцца да акцыі ў будучым.

— Якія найбольш цікавыя мерапрыемствы ўжо адбыліся ці адбудуцца ў рамках Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі?

— З мерапрыемстваў у Мінску адзначу майстар-класы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а таксама шматлікія выстаўкі творчых работ навучэнцаў устаноў адукацыі сферы культуры сталіцы, у тым ліку — і Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава… Вельмі радуе, што да міжнароднай акцыі актыўна далучаюцца прадстаўнікі з рэгіёнаў, напрыклад, культработнікі Віцебшчыны і Брэстчыны. Да слова, у вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў раённым музейным комплексе Напалеона Орды адкрылася выстаўка “Найпрыгажэйшыя мясціны Палесся”, а ў музеі традыцыйнай культуры Браслава, што на Віцебшчыне, пройдзе майстар-клас “Намалюем маляванку” з удзелам носьбіта нематэрыяльнай культурнай спадчыны Браслаўшчыны Аліны Выжыкавай. Увогуле, кожны рэгіён можа пахваліцца сваімі цікавымі акцыямі і мерапрыемствамі, таму гэтыя прыклады можна працягваць і працягваць…

— Што ў выніку дае правядзенне падобных мерапрыемстваў у Беларусі? Бо не сакрэт, што выстаўкі і разнастайныя культурныя мерапрыемствы ладзяцца ў нашай краіне даволі часта…

— Пагадзіцеся, што жывапіс, скульптура, музыка, фатаграфія — усе гэтыя і многія іншыя віды мастацтваў вельмі дапамагаюць развіццю асобы, узбагачаюць яе, а выкладанне творчых дысцыплін мае вялікае значэнне для выхавання дзяцей з самага ранняга ўзросту. Міжнародны тыдзень мастацкай адукацыі дазваляе нам яшчэ раз пацвердзіць гэтую аксіёму, звяртае ўвагу грамадства на важнасць спажывання мастацтва і выкладання мастацкіх дысцыплін ва ўстановах адукацыі, а таксама папулярызуе розныя віды мастацкай самадзейнасці ў нашым грамадстве.

— Якія перспектывы Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі ў Беларусі? Якія акцыі могуць быць запланаваны і ажыццёўлены ў рамках названай акцыі ў наступным годзе?

— Я мару пра тое, каб з цягам часу ў Беларусі з’явілася маштабная карта мастацкай адукацыі. І каб кожны рэгіён краіны, кожны раён Беларусі быў прадстаўлены на ёй шырокай палітрай відаў мастацкай дзейнасці. Спадзяюся, з цягам часу так і будзе. Пакуль жа нашы планы наступныя: удзельнічаць у міжнароднай акцыі ўсё больш і больш актыўна. Гэта значыць, што мы будзем далучаць да Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі новыя ўстановы адукацыі і культуры, майстроў народнай творчасці, акцёраў тэатраў самадзейнасці, аматараў фатаграфіі і многіх іншых. Упэўнена, гэта абавязкова прынясе плён і карысць не толькі сённяшнім, але і будучым пакаленням жыхароў Беларусі. І, натуральна, запрашаю паўдзельнічаць у наступнай акцыі ўсіх зацікаўленых...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"