Фармат? Новы!

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

5 — 7 чэрвеня ў Маладзечне пройдзе Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Не чарговы, а юбілейны 15-ы — і ў новым фармаце. Што значыць праславуты “новы фармат” не на словах, а на справе, змогуць даведацца не толькі госці і ўдзельнікі фэсту, але і ўся краіна: большасць канцэртаў будуць транслявацца па "СТБ" на наступны дзень пасля іх правядзення. Пра “начынне” ж тых праграм размова вялася на прэс-канферэнцыі, што адбылася ў Музеі Уладзіміра Мулявіна ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі — пад “акампанемент” Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, які ў Вялікай канцэртнай зале рэпеціраваў музыку П.Чайкоўскага.

/i/content/pi/cult/535/11635/2-2.jpg

 

Пад час прэс-канферэнцыі. / Фота Аліны САЎЧАНКА

Такое атачэнне міжволі настройвала на роздум пра тое, як сучаснасць становіцца ці проста мінулым, у тым ліку забытым, ці класікай. А гэта тэма ў дачыненні да новага фармату фестывалю як ніколі актуальная. Бо ў Маладзечне акцэнт будзе зроблены на сучасных песнях, створаных за апошняе дваццацігоддзе. Такая панарама здабыткаў сучаснай эстрады — першы крок да фарміравання класічнага фонду. Бо каб абраць лепшае, трэба, па-першае, яго ведаць, а па-другое — параўноўваць, упісваючы ў больш шырокі кантэкст. Усё гэта і паўстане перад гледачамі і слухачамі ў фестывальныя дні.

Яшчэ адным крокам да складання рэпертуару, які мог бы стаць класікай, з’яўляецца размаітасць трактовак. Для эстрады гэта асабліва важна, бо песня часта застаецца ў выглядзе “намёртва зробленага” запісу — і круціцца далей у нязменнай версіі, пакуль не атрымае які-небудзь рымейк. Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам рэгулярна прадстаўляе новыя варыянты выканання, прычым заўсёды “жывога”, а значыць — зменлівага, як само жыццё. Прычым гэта тычыцца не толькі эстрады, але і нацыянальнай акадэмічнай класікі розных стагоддзяў. Сёлета такім стане канцэрт камернай музыкі “Выбітныя творы беларускіх кампазітараў да лёсавызначальных падзей” у Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў.

Што ж да новых трактовак у эстрадзе, дык мы іх пачуем не толькі на фестывальным канцэрце згаданага калектыву ў Чысцінскім сельскім Доме культуры, але і на юбілейным творчым вечары кампазітара Алега Молчана “Песня мая…”, дзе многія яго мелодыі набудуць новых выканаўцаў.

Нарэшце, фарміраванне музычнай класікі немагчыма без пошуку і ўзрошчвання маладых талентаў. Сёлетні фэст будзе як ніколі багаты на творчы маладняк. Гэта і два фінальныя туры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні (другі пройдзе ў Канцэртнай зале Палаца культуры Маладзечна, а трэці, у суправаджэнні аркестра М.Фінберга, у амфітэатры), і канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” з удзелам пераможцаў адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2015”, і праграма “Зоркі “Зорнага дыліжансу” — адной з першых “фабрык зорак”, створаных нашым айчынным тэлебачаннем. А ў гарадскім парку будзе працаваць маладзёжная пляцоўка “Арт-Стар” з удзелам творчых калектываў і выканаўцаў сучасных маладзёжных накірункаў.

Паводле традыцыі, нагадае фестываль і пра тое, што класіка непарыўна звязана з фальклорам — душой народа. “Мелодыі роднай зямлі” збяруць прыхільнікаў ансамбляў “Бяседа”, “Свята”, “Неруш”. “Скарбонка творчасці народнай” з’яднае народных майстроў і ўмельцаў у галіне дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.

А над усім будзе лунаць паэтычнае слова, якое ўжо само па сабе — мелодыя.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"