Акрылены Мадоннамі

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Уладзімір ЛІПСКІ, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка”, “Буся”
Аляксей Кузьміч — вядомы мастак Беларусі. Яго радзіма — еўрапейская, славянская, і ён — мастак еўрапейска-славянскага маштабу. На гэтую сусветную вышыню майго земляка ўзнеслі Мадонны. Яны акрылілі яго, натхнілі на творчы подзвіг, раскрылі яго прыродны талент, вывелі на высокую арбіту. З гэтага касмічнага Парнаса бачны загадкавыя Мадонны, ад якіх душа наша напаўняецца сонечнай энергіяй.

/i/content/pi/cult/535/11633/5-3.jpgТэма жанчыны ў мастацтве — вечная. Ёй столькі гадоў, колькі самому чалавеку на зямлі. У сусветную калекцыю шэдэўраў увайшлі наскальныя малюнкі, найстаражытныя скульптуры жанчын, статуэткі “краманьёнскіх Венер” з біўняў мамантаў, каменя, гліны. Свет ведае абліччы Мадоннаў, створаных геніямі — мастакамі Рафаэлем, Леанарда да Вінчы, Батычэлі, Беліні, Рубенсам, Рэмбрантам, Манэ, Сезанам, Рэнуарам, Пікаса...

І Беларусь ведае сваіх мастакоў, якія абагаўлялі зямных пасланніц нябёсаў. Працягваюць гэтую святую працу нашы таленавітыя сучаснікі, прызнаныя творцы XXI стагоддзя, і сярод іх — яркая асоба Аляксея Кузьміча.

Светланосная творчасць чараўніка фарбаў Аляксея Кузьміча выклікае сотні пытанняў пра жыццё ў вечнасці і смерці пры жыцці, пра сапраўдную прыгажосць і скарбы дабрыні, пра міласэрнасць і — як супрацьлегласць — пра інтрыгі д’ябла. Аднак галоўная яго тэма, абраная аднойчы і на ўсё жыццё, — зямныя Мадонны. Мастак стварыў больш за сем соцень палотнаў, у якіх нястомна шукаў ідэал беларускай жанчыны. Яго пошукі акунаюцца то ў сівую даўніну (“Ефрасіння Полацкая”, “Манашка”, “Плач Рагнеды”), то ён звяртаецца да вобразаў вядомых беларусак (партрэты народных артыстак СССР Галіны Макаравай, Стэфаніі Станюты), то піша сваіх сучасніц, беларусак, маладых і сталых, ад якіх не адвесці вачэй (“Мінская Мадонна”, “Даная”, “Таня”, “Наташа”, “Дзяўчына і кветкі”, “Старасць”). За гэта трэба пакланіцца памяці Аляксея Васільевіча: ён услаўляў жанчыну, яе прыгажосць, яе ахвярнасць на зямлі, яе высакародную боскую місію сярод людзей. Ён раскрываў свету чароўны вобраз беларускі і праз яе распавядаў і пра нашу краіну — Беларусь.

Вандруючы па дарогах Святла і Чысціні да ўзнёслага і, у той самы час, зямнога, жывапісец бачыў і зло, і распусту, і заганы, якімі д’ябал хоча падарваць Свет. Можа, таму на святых вобразах зямных Мадоннаў Кузьміча і бачны трывога, неспакой і слёзы. Мастака хвалюе, што ў свеце маладыя маці гадуюць дзяцей з бояззю за іх жыццё і лёс.

Сам Аляксей Кузьміч тлумачыў трывогу сваіх Мадоннаў з вышыні таямніцы мастацтва:

— Пішу прыгажуню. Натхнёна і ўзнёсла датыкаецца мой пэндзаль да палатна. Прасвятляецца боскі твар маці. І раптам нечаканы штуршок у маёй душы, як бы зверху, ад Таго, Хто кіруе маім талентам. Мазок, другі... І на прывабным твары Мадонны — смутак глыбокага роздуму і вечнага болю за нашчадкаў сваіх, за сям’ю, за дзень заўтрашні, за будучыню планеты, на якой усе мы — касмічныя пілігрымы...

Маэстра за мальбертам зноў і зноў браў высокую ноту мастацтва, нястомна абуджаў сэрцы, памяць, душы гледачоў, прымушаў іх задумвацца, спавядацца, маліцца…

Кожны дзень у сваёй майстэрні ў мінскім Траецкім прадмесці Аляксей Кузьміч біўся над разгадкай таямніцы прыгажосці, мудрасці і святасці беларускай Мадонны. Падбіраў фарбы такія, каб перадалі духоўнае багацце жанчыны, няўлоўны свет самога Госпада. “Да гэтага імкнуся, — прызнаваўся Аляксей Васільевіч, — але да канца раскрыць сакрэт прыгажосці Мадонны немагчыма. Над гэтым пакутавалі геніі да мяне, будуць у вечным пошуку і нашчадкі, таму што сапраўдная прыгажосць — гэта само жыццё, а ключ — у Бога. Я стараюся толькі асвятліць людзям дарогу да Яго Храма”.

Я заўсёды шчыра радаваўся за брата па духу, што ён верны сваёй тэме, свайму мастацкаму почырку і густу, верны сваёй Мадонне і сваёй сям’і, хвалебна працягвае свой род, які каранямі сыходзіць у глыб далёкай даўніны, і чэрпае жыватворную сілу ў знакамітых продкаў. Ён багаты душой і ўзвышаны шчодрай любоўю тысяч сваіх прыхільнікаў.

Аляксей Кузьміч шмат гадоў пісаў свае дзённікі, адкрыта і шчыра спавядаўся перад сваім сумленнем, сваёй Мадоннай, прызнаваўся ў любові да сваёй радзімы — Беларусі. Яго мастацкія палотны і літаратурная споведзь даўно просяцца ў незвычайны музей Беларусі — Галерэю Мадоннаў Аляксея Кузьміча (Прынамсі, сёння існуе галерэя твораў майстра на яго радзіме — у вёсцы Махро Іванаўскага раёна Брэстчыны. — “К”). Гэта была запаветная мара мастака.

Няхай жа наступіць час выканання жаданняў жывапісца Аляксея Кузьміча! Хай дапаможа ў гэтым Бог!