Як выяўленчаму без рынку?

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Валерый ШКАРУБА, мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі
У 1980-я, калі я толькі пачынаў свой шлях у вялікім выяўленчым мастацтве, у Беларусі штоквартальна праходзілі буйныя і прэстыжныя рэспубліканскія выстаўкі. Трапіць на іх імкнуўся кожны мастак. Там экспанаваліся сапраўды лепшыя творы беларускіх жывапісцаў, і калі чалавек трапляў у гэтую абойму на такой падзеі, значыць, ён чагосьці быў варты ў сваёй прафесіі.

/i/content/pi/cult/535/11631/5-1.jpgА лепшыя з лепшых адбіраліся ўжо на Усесаюзную выстаўку ў Маскве. Шмат работ набывалася дзяржавай — Міністэрствам культуры, Саюзам мастакоў, музеямі. На адкрыццё ж прыходзілі не толькі чыноўнікі адпаведнага профілю, але і прадстаўнікі кіраўніцтва рэспублікі. Ставала і ўвагі прэсы, распавядалася па радыё, здымала тэлебачанне, адпаведна, рэзананс у грамадстве быў каласальны.

І цяпер такога класу выстаўкі на Беларусі праходзяць, але без ранейшага ажыятажу: падзеямі ў маштабах краіны яны дакладна не з’яўляюцца, маральнага і матэрыяльнага стымулу для мастакоў не нясуць. Вакол іх звычайна маўчанне, а дзяржава і прыватнікі амаль нічога не купляюць, дамовы не заключаюцца. Маладыя мастакі не бачаць сэнсу свайго ўдзелу ў выстаўках.

Але выстаўка — не толькі прэстыж і магчымыя фінансы, гэта школа. Маё пакаленне, выстаўляючыся з Савіцкім, Вашчанкам, Кішчанкам, Шчамялёвым, вучылася ў іх, імкнучыся за імі. А яны штосьці падказвалі, настаўлялі, нават раскрывалі сакрэты. Мы ж раслі з іх парадамі, акрыленыя доляй увагі, нам хацелася пасля размовы з мэтрам тут жа пісаць! А цяперашні таленавіты пачатковец выслухае, скажам, мяне — і што яму з гэтым рабіць? Заставацца невядомым геніем, якога не набываюць?

У цэлым прэстыж прафесіі моцна ўпаў. Прынамсі, сярод хлопцаў. І гэта паказчык, які непакоіць. Я некалькі разоў уваходзіў у склад прыёмнай камісіі Акадэміі мастацтваў. У наш час па многіх мастацкіх кірунках вучыліся адны юнакі, зараз на жывапісе і манументальным — амаль адны дзяўчаты, на скульптуры — 50/50.

Маладое пакаленне мастакоў імкнецца выстаўляцца ў Расіі, у Еўропе і далей, лічачы, што на радзіме ім “лавіць” няма чаго. І сёй-той выстаўляецца паспяхова. У нас жа больш-менш нармальная творчая атмасфера ў гэтым сэнсе пануе ў Гродне. Далёка не ўсё залежыць ад прабіўных якасцей саміх мастакоў, але калі горад ідзе ім насустрач, калі ён зацікаўлены ў тым, каб развіваць сваё мастацтва, штосьці атрымліваецца. Наколькі я ведаю, у Гродне практычна ўсе жывапісцы — і вопытныя, і маладыя — забяспечаны майстэрнямі. У Віцебску нядрэнная сітуацыя (пры празмернай увазе да Шагала). У Магілёве — горш, але тут здараюцца цікавыя пленэры. У Гомелі — шыкоўная пляцоўка: палац Румянцавых-Паскевічаў, маленькі беларускі Эрмітаж.

У СССР быў у фаворы жанр шматфігурнай кампазіцыі, рабочых і калгаснікаў ды іншых, а сацрэалізм пісаў кожны другі мастак. Кірунак гэты добра аплачваўся, развіваўся і прапагандаваўся. З распадам Саюза на паверхню ў колішніх савецкіх рэспубліках выйшлі жанры больш дэмакратычныя — партрэт, пейзаж, нацюрморт. Пейзаж, скажам, сёння вельмі запатрабаваны і ў Беларусі, маючы ярка выяўленыя нацыянальныя, рэгіянальныя рысы. Калі называць нейкія імёны, дык з рэалістаў, прыхільнікаў традыцый, я б адзначыў Антона Вырву, які шмат выстаўляецца ў краіне і за мяжой. Са скульптараў вылучыў бы Андрэя Асташова, што робіць незвычайныя работы.

Але ў краіне няма рынку выяўленчага ды і любога іншага мастацтва. А тое, што існуе асобнымі іскрамі, мы губляем: яно выцякае з Беларусі. І задача дзяржавы, мяркую, палягае ў тым, каб утрымаць тут новае пакаленне беларускіх дзеячаў культуры, стымулюючы іх творчасць. Энтузіязм і маладосць хутка праходзяць, а адным альтруізмам сыты не будзеш.

У Міністэрства культуры ёсць грошы, якія вылучаюцца на закупку карцін. Як сістэма працуе ў рэальнасці, я не ведаю. А прапанаваць са сваёй званіцы магу наступнае. Абмежавацца адной маштабнай выстаўкай выяўленчага мастацтва, якая будзе праходзіць напрыканцы года і дзе могуць быць прадстаўлены любыя працы. А сродкі (прынамсі, значную іх частку) варта выдаткаваць на закупку, дапусцім, дзесяці лепшых твораў. Тады кожны мастак будзе ведаць, што “пад заслону” года якую-небудзь з яго карцін могуць купіць, прычым — дорага. Стымул? Стымул. Рэзананс? Рэзананс. І сапраўдныя пашана ды павага тым, чые палотны патрапілі ў дзясятку. І за мяжу яны не адправяцца, застануцца ў якім-небудзь з прэстыжных айчынных музеяў.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"