Бязвыйгрышны прынцып выбару

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Вінаград замест баршчавіка для помніка археалогіі?
Не так даўно актуальнай для абмеркавання ў сацыяльных сетках тэмай — неспадзеўкай — сталі помнікі археалогіі. Здымкі з пасадкамі вінаграду на гарадзішчы пад Мінскам і будаўнічых работ ля падножжа Навагрудскага замка выклікалі ў неабыякавых людзей недаўменне і абурэнне. Пракаментаваць гэтыя выпадкі мы папрасілі начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара ЧАРНЯЎСКАГА. Натуральна, гутарка зайшла таксама і пра іншыя праблемныя тэмы, датычныя аховы, выкарыстання і нават выяўлення помнікаў археалогіі.

З найлепшымі намерамі...

— Перш-наперш, варта адзначыць, што айчыннае заканадаўства вызначае парадак правядзення работ на ўсіх відах гісторыка-культурных каштоўнасцей — у тым ліку, вядома, і на помніках археалогіі. Адпаведна, усе падобныя захады трэба пачынаць з узгаднення са спецыялістамі. Гэта дапаможа ўнікнуць многіх прыкрых сітуацый, і нядаўні выпадак на Менцы — яшчэ адно таму пацвярджэнне.

/i/content/pi/cult/535/11630/4-2.jpg

Прадпрымальнік правёў расчыстку тэрыторыі гарадзішча ды па просьбе мясцовых жыхароў пасадзіў там вінаграднік. Не выпадае нават сумнявацца ў тым, што ўсё рабілася выключна з найлепшымі намерамі — людзям здавалася, быццам дзякуючы вінаграду археалагічны помнік набудзе рамантычны выгляд. І ніхто не парупіўся, каб спытаць меркаванне на гэты конт прафесійных археолагаў альбо супрацоўнікаў нашага ўпраўлення.

У выніку і атрымалася непаразуменне. Спецыялісты Міністэрства культуры і Акадэміі навук, якія выправіліся на месца разам з прадстаўнікамі мясцовых улад усіх узроўняў, прыйшлі да высновы, што вінаграду на гарадзішчы — не месца.

Скажам, у Чэхіі гэтая культура расце куды лепей, чым у нашых кліматычных умовах, замкаў ды замчышчаў там таксама куды болей. Але ці ёсць хаця б адзін прыклад, каб яны спалучаліся? Напэўна, не знойдзеш. Пасадкі робяцца толькі побач, пад схіламі...

Вось і ў дадзеным выпадку прыватніку трэба было б выбраць непадалёк ад гарадзішча зацішную пляцоўку, якая добра праграецца сонцам — і пасадзіць там свой вінаград. У такім выпадку яму б ніхто дрэннага слова не сказаў — наадварот, варта было б падзякаваць за стварэнне прывабнага антуражу для помніка археалогіі. Уласна, пра гэта гаворка вядзецца і ў пратаколе, складзеным па выніках выезда на месца. Пасадкі давядзецца перанесці, а гарадзішча — прывесці ў адпаведнасць з яго гістарычнымі вартасцямі.

А яны ў гэтага помніка папраўдзе вялікія. Як ніяк, пачатак Мінска — няхай сабе, і гіпатэтычны, бо адназначных доказаў на сёння няма. Але аб’ект у кожным разе вельмі значны — цяжка на Беларусі знайсці археалагічны помнік, які меў бы такія самыя памеры, ды і “ўраджай” артэфактаў там быў выяўлены надзвычай багаты. Адпаведна, гарадзішча належыць выкарыстоўваць як знакавую для краіны гісторыка-культурную каштоўнасць — не менш важную, чым, скажам, літоўская Кярнава.

Думаецца, і мінчане, і нашы госці ахвотна ездзілі б туды на тыя ці іншыя культурныя мерапрыемствы — як гэта і заведзена ва ўсім свеце. Неяк давялося пабываць на археалагічным фэсце ў гміне Чыжы на Беласточчыне. Уражанні самыя лепшыя — турысты нібы акунаюцца ў атмасферу сярэднявечча, знаёмяцца з побытам, тэхналогіямі, культурай тых часоў. Адпаведна, і попыт на такія імпрэзы вельмі вялікі.

Больш за тое, яны дазваляюць дасягнуць і яшчэ адной мэты — прыцягнуць увагу таксама і мясцовых жыхароў да тых, здавалася б, непрыкметных і звыклых элементаў ландшафту, якія маюць адмысловы статус. Бо здараецца, што людзі і сапраўды пра яго “забываюць”, і менавіта гэта спараджае большасць праблем у справе аховы помнікаў археалогіі.

Прыклады выкарыстання такіх аб’ектаў у якасці культурнай пляцоўкі ў нас ужо ёсць — згадайма хаця б Браслаўскае замчышча. Мясцовыя ўлады абумовілі з намі магчымасць усталявання з гэтай нагоды нейкіх часовых збудаванняў, якія не прыносяць шкоду самаму помніку, бо цалкам знаходзяцца на паверхні. Гэта вельмі важна — прыкладам, тыя ж пасадкі вінаграду патрабавалі заглыблення ў зямлю ледзь не на паўметры, а культурны пласт можа пачынацца непасрэдна пад дзірваном.

Магчыма, з часам у тым жа Браславе з’явяцца і рэканструяваныя пабудовы замкавай пары — прыкладам, брама, чыё месцазнаходжанне ўжо вызначана навукоўцамі. Падобная ініцыятыва неяк узнікла і адносна Лагойскага замчышча, прычым прапанавала яе адна турыстычная арганізацыя. Праўда, чамусьці да рэалізацыі не дайшло. З’явілася задума сёе-тое зрабіць і на Верхнім замку ў Полацку — паказаць перыметр абарончых збудаванняў, пазначыць месцы вежаў, стварыўшы там своеасаблівыя пляцоўкі агляду. Гэта ўсё магчыма, але кожны такі крок павінен быць удумлівым, а ў прыняцці рашэнняў рэй мусяць весці спецыялісты, якія ведаюць гісторыю гэтага месца і могуць прапанаваць тыя ці іншыя варыянты яго афармлення.

Але пакуль што хацеў бы звярнуць увагу на самыя простыя справы. Без сумневу, такія знакавыя аб’екты, як тое ж гарадзішча на Менцы, патрабуюць пастаяннага дагляду. Прычым забяспечыць яго, паверце, зусім не складана. Тры гады таму па прапанове Міністэрства культуры там быў праведзены суботнік, але за гэты час валы ізноў паспелі зарасці кустоўем ды баршчавіком. Бо выглядае на тое, што з таго часу ніхто гэтым месцам асабліва і не апекаваўся. Хаця для таго, каб падтрымліваць яго ў прыстойным выглядзе, дастаткова ўсяго пару разоў на год ачышчаць гарадзішча ад зарасцяў. Пагадзіцеся, пакос травы — гэта не самае затратнае мерапрыемства...

/i/content/pi/cult/535/11630/4-3.jpg

“Культурнага пласта няма”

— Перакананы, што ў справе аховы помнікаў археалогіі вельмі важную ролю павінны адыгрываць менавіта мясцовыя ўлады — іх пільнасць і ўвогуле актыўная пазіцыя можа прадухіліць розныя непажаданыя наступствы. Прынамсі, у большасці праблемных выпадкаў, якія скаланулі грамадскасць, менавіта гэтак усё і было. Калі б хтосьці своечасова спыніў чыйсьці празмерны імпэт, не здарылася б ні скандалаў, ні праблем, ні штрафных санкцый.

Тым болей, часам з археалогіяй даводзіцца сутыкацца не толькі суб’ектам гаспадарання, але і самым звычайным грамадзянам — проста таму, што яны жывуць у гістарычных цэнтрах гарадоў. Прыкладам, адзін чалавек атрымаў ад бабулі ў спадчыну хатку ля падножжа Навагрудскага замка і вырашыў пабудаваць на яе месцы новую, больш камфортную... Гэта я ўжо каментую тое фота, што суправаджалася подпісамі кшталту “Куды глядзіць Міністэрства культуры?”.

Дык вось, у гэтым міністэрстве ён неаднаразова быў, і спачатку наша гутарка з ім вялася на павышаных танах, бо чалавек не разумеў, чаму яго абмяжоўваюць, чаму не даюць рабіць тое, што ён хоча на ўласным зямельным участку. Але ў выніку пытанне вырашылася палюбоўна — ні спадчына не пацярпела, ні здаровыя прыватныя інтарэсы. Спецыялісты даследавалі гэтую пляцоўку і далі па ёй свае рэкамендацыі, якія будуць упісаны і ў праект зон аховы. Па заключэнні аўтарытэтнага археолага Андрэя Мяцельскага, культурнага пласта там няма. Таму няхай будуе...

Але тут важны сам факт правядзення даследаванняў. Рэч у тым, што культурны слой у гістарычных цэнтрах гарадоў размеркаваны неаднародна. І толькі спецыялісты могуць вызначыць яго характар. Таму археалагічны нагляд абавязковы для любых земляных работ — нават банальнай пракладкі вадаправода.

І самае важнае — гэта стварэнне праектаў зон аховы. У свой час калегія Міністэрства культуры неаднаразова нагадвала мясцовым органам пра неабходнасць іх распрацоўкі для тэрыторыі, дзе запланаваны тыя ці іншыя будаўнічыя работы. На жаль, пакуль гэты працэс не завершаны. У Навагрудку зоны аховы яшчэ толькі распрацоўваюцца праектным філіялам “Белрэстаўрацыі”. Прычым праект ахопіць увесь гістарычны цэнтр уключна з замкам. Заканадаўствам прадугледжана такая магчымасць, і ў дадзеным выпадку яна падаецца рацыянальнай — па-першае, цяжка вызначыць канкрэтныя межы асобных помнікаў, а па-другое — удасца істотна знізіць каштарыс.

З-пад каўша экскаватара

— Пры парушэнні заканадаўства ў дадзеным выпадку спасылкі на няведанне вельмі частыя. Маўляў, ні сном ні духам, што гэты схіл, аказваецца, з’яўляецца помнікам археалогіі. Але, думаецца, такая аргументацыя не павінна спрацоўваць ужо хаця б таму, што няведанне закону не вызваляе ад адказнасці. А завяршэнне інвентарызацыі археалагічных помнікаў, у выніку якой каардынаты кожнага з іх будуць нанесены на карты землекарыстання, і ўвогуле пакіне такі аргумент у мінулым.

У Кодэксе аб культуры, праект якога знаходзіцца на разглядзе ў парламенце, прадугледжана стварэнне Рэестра археалагічных аб’ектаў — агулам каля дзесяці тысяч! І гэта, без сумневу, падвысіць іх статус. Зрэшты, ужо сёння заканадаўства ахоўвае тыя археалагічныя аб’екты, якія не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Як вядома, даволі часта артэфакты выяўляюцца непасрэдна ў ходзе будаўнічых работ. І калі рыдлёўка ці коўш экскаватара раптам прыадкрые рэшткі старых збудаванняў альбо нейкія незвычайныя прадметы, неабходна адразу ж прыпыніць працу і паведаміць пра знаходку спецыялістам. Заканадаўствам гэта прадугледжана ў выпадку выяўлення тых аб’ектаў, якія могуць — заўважце, толькі могуць! — уяўляць гісторыка-культурную вартасць, а таму неабходна прыпыніць работы і праінфармаваць мясцовыя органы кіравання. А ў тым выпадку, калі знішчэнне культурнага слоя будзе свядомым, вінаватыя панясуць адпаведную адказнасць.

Ці ведаюць пра ўсе гэтыя нюансы простыя грамадзяне? Ізноў жа, тут відавочна адно: мясцовыя ўлады павінны прыкладаць болей намаганняў для інфармавання насельніцтва, весці пастаянную работу з уласнікамі той тэрыторыі, на якой знаходзяцца помнікі археалогіі. Прапаноўвалі вось на згаданым ужо гарадзішчы ўсталяваць інфармацыйны шчыт, але... пакуль яго там не ўбачыш.

Магчыма, нехта з грамадзян успрыме згаданыя вышэй патрабаванні як “драконаўскія меры” альбо пустыя фармальнасці. Насамрэч, яны проста недаацэньваюць той аб’ектыўнай каштоўнасці, якую маюць помнікі археалогіі. Як не разумеюць яе і тыя ж чорныя капальнікі, для якіх важныя толькі матэрыяльныя каштоўнасці, а тыя знаходкі, якія нельга прадаць, яны зазвычай проста выкідаюць. Іх зусім не хвалюе, што для навукоўцаў яны б маглі стаць сапраўдным скарбам.

Пад зямлёй утоеныя тыя факты нашай гісторыі, пра якія мы не прачытаем ні ў адной пісьмовай крыніцы. І толькі археолаг паслядоўна, год за годам назапашваючы і аналізуючы матэрыял, можа чытаць гэтую “кнігу”, здатную істотна дапоўніць нашы ўяўленні пра развіццё грамадства і даць адказы на многія пытанні. Па выяўленых у зямлі артэфактах можна прасачыць станаўленне чалавека і нацыі ды зразумець, чаму беларусы — гэта беларусы, і чым яны адрозніваюцца, прыкладам, ад украінцаў. У дадатак, даследаванні могуць прынесці і практычную карысць — прыкладам, аднаўленне страчаных тэхналогій нашых продкаў. Ведаю, што некаторыя археолагі карыстаюцца ў побыце посудам, зробленым па сярэднявечных узорах, і ён выдатна пасуе да стала.

Фота Зміцера ЮРКЕВІЧА