Гродна — дарог скрыжаванне

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Так называецца выстаўка аднайменнага міжнароднага пленэру, якая працуе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены работы мастакоў з Украіны, Польшчы, Расіі і Беларусі. Асноўны жанр карцін — пейзаж. Магчыма, на мастакоў падзейнічала тое, што жылі і працавалі яны на маляўнічым беразе Нёмана, непадалёк ад горада.

 /i/content/pi/cult/153/1163/Grodna1.jpg

А.Сільвановіч (Беларусь).
У знаёмых і блізкіх гродзенцу краявідах — энергічная экспрэсіўнасць і хаатычная прыцягальнасць, ціхая задуменнасць і гучнасць каларытных акордаў маладых украінскіх мастакоў з Львова. Узнёслая ўрачыстасць барочных помнікаў Гродзеншчыны — на гэтым спыніліся погляды расійскіх гасцей з Масквы. Знаёмае буянне восеньскіх фарбаў — у літоўскага мастака ды імпрэсіўная лёгкасць звычайнага пейзажа ягонага калегі з Мінска.

Глыбокая і зусім асабістая трактоўка рэчаіснасці ў польскіх мэтраў: пранесеная праз гады любоў да камерных куточкаў прыроды, гарадскіх вулачак, старых пабудоў і зусім новы погляд на Нёман у срэбным ззянні месяцовай ночы.

І ўрэшце — найбольш вядомыя гродзенскія мастакі з філасофскай шматзначнасцю сімвалаў, умоўнымі вандроўкамі ў гісторыю роднага горада і з аб’ектамі самай звычайнай рэчаіснасці — трактарам “Беларусь”, які вязе прычэп з бульбай.

Як падсумоўванне пленэру — агульнае палатно, дзе кожны з удзельнікаў намаляваў часцінку свайго “Я”.

Фундатарамі пленэру выступілі Гродзенскі гарвыканкам, Генеральнае консульства Рэспублікі Польшчы ў Гродне, Генеральнае консульства Літоўскай Рэспублікі ў Гродне.

Ул. інф.