Так называецца выстаўка аднайменнага міжнароднага пленэру, якая працуе ў Музеі
сучаснага выяўленчага мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены работы мастакоў з
Украіны, Польшчы, Расіі і Беларусі. Асноўны жанр карцін — пейзаж. Магчыма, на
мастакоў падзейнічала тое, што жылі і працавалі яны на маляўнічым беразе Нёмана,
непадалёк ад горада.
|
А.Сільвановіч (Беларусь). |
У знаёмых і блізкіх гродзенцу краявідах — энергічная экспрэсіўнасць і хаатычная прыцягальнасць, ціхая задуменнасць і гучнасць каларытных акордаў маладых украінскіх мастакоў з Львова. Узнёслая ўрачыстасць барочных помнікаў Гродзеншчыны — на гэтым спыніліся погляды расійскіх гасцей з Масквы. Знаёмае буянне восеньскіх фарбаў — у літоўскага мастака ды імпрэсіўная лёгкасць звычайнага пейзажа ягонага калегі з Мінска. Глыбокая і зусім асабістая трактоўка рэчаіснасці ў польскіх мэтраў: пранесеная праз гады любоў да камерных куточкаў прыроды, гарадскіх вулачак, старых пабудоў і зусім новы погляд на Нёман у срэбным ззянні месяцовай ночы.
І ўрэшце — найбольш вядомыя гродзенскія мастакі з філасофскай шматзначнасцю сімвалаў, умоўнымі вандроўкамі ў гісторыю роднага горада і з аб’ектамі самай звычайнай рэчаіснасці — трактарам “Беларусь”, які вязе прычэп з бульбай.
Як падсумоўванне пленэру — агульнае палатно, дзе кожны з удзельнікаў намаляваў часцінку свайго “Я”.
Фундатарамі пленэру выступілі Гродзенскі гарвыканкам, Генеральнае консульства Рэспублікі Польшчы ў Гродне, Генеральнае консульства Літоўскай Рэспублікі ў Гродне.
Ул. інф.