Такі патрэбны дысананс…

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Надоечы мой калега Аляксандр Чарнуха ў Сеціве патлумачыў шкоднасць прывозу гурта “Metallica” ў Мінск для айчыннай культурнай прасторы: “Выправа на канцэрт у нас асацыюецца з магчымасцю падпець да болю знаёмыя песні і пусціць слязу на завучаным пройгрышы. Мы ідзём туды не дзеля таго, каб нешта адкрыць, атрымаць новы досвед і адчуванні, а для таго, каб паставіць “птушачку”. Замацаваць пройдзены ўрок. Па сутнасці, мы як гульцы ў покер, якія ўвесь час пасуюць. Яны ў гульні, яны практычна нічога не губляюць, але і не знаходзяць таксама. Тады навошта гуляць?”

/i/content/pi/cult/535/11629/4-11.jpgДумка не новая — не так даўно яе ўжо агучваў у сваёй калонцы на старонках “К” вядомы прамоўтар Аляксандр Багданаў. Пытанне толькі ў тым, што з гэтым рабіць. Зрэшты, і адказ на яго зразумелы. І для кожнага ён свой — для арганізатара канцэртаў, журналіста, гледача...

Прызнаюся шчыра: пра гурт “Kreidler” я даведаўся, атрымаўшы ў сваёй “пысакнізе” (здагадайцеся, якую сацыяльную сетку я маю на ўвазе) запрашэнне на фестываль “Першы. Майскі”. Назва апошняга мне зусім не спадабалася (банальна!), але склад удзельнікаў справакаваў жаданне дазнацца пра іх болей. Як вы самі ведаеце, запоўніць інфармацыйную лакуну ў наш час вельмі проста. Паслухаў. Гэтая музыка з моцнай “жывой” рытм-секцыяй, у якую украпваюцца разнастайныя электронныя сэмплы, і сапраўды падалася даволі свежай для майго вуха — нават не ведаю, па шчырасці, як яе ахарактарызаваць.

І гэта зрабілася належным аргументам, каб у выхадны дзень адарваць цела ад фатэля ды выправіцца на колішнюю рабочую ўскраіну Мінска, якая цяпер спакваля пераўтвараецца ў лофтавы раён. Прайшоўшы фэйс-кантроль, я здзівіўся: падобных да мяне набралося не больш за сотню! Відавочна, калі б не падтрымка Інстытута Гётэ, гэтая імпрэза ўторгнула б яе арганізатара Алекса Кутузава ў пажыццёвыя пазыкі.

Мы — тая сотня, што адарвала свае... мазгі ад фатэляў — атрымалі і сапраўды новы музычны досвед. “Kreidler” выступіў на ўзроўні і жыўцом “чуўся” не так рафінавана, як у запісе, але ж былі яшчэ і шыкоўныя пост-джазавыя беларускія “Мроі Пафнуція”, касцюміраваны абэрыуцкі перформанс маскоўскай каманды “AWOTT”, а шмат каму і наогул больш за ўсё спадабаўся музычна ды візуальна стрыманы дарк уэйв “Big Debbie”... Вызначэнні стыляў тут досыць умоўныя — як я ўжо казаў, гэта быў фэст менавіта новай музыкі.

Музыканты кшталту “Kreidler” не ўзбуджаюць пачуцці спажыўцоў сваім шалёным райдарам, а колькасць бутэрбродаў у грымёрцы знакамітасцей ужо даўно стала паважнай інфармацыйнай нагодай для многіх СМІ. Ты можаш сустрэць гэтых хлопцаў у “атавістычным” савецкага тыпу закутку ды, скарыстаўшыся нагодай, падзякаваць ім за добры выступ. Альбо заўважыць у чарзе ў бары бубнача Томаса Кляйна, які, уласна, і робіць амаль увесь “Kreidler” (магчыма, менавіта ў гэтым “змяшчэнні акцэнтаў” і заключаецца іх фішка).

...З пункту гледжання шоу-бізнесу ўсё збольшага зразумела. Спажывец куды ахвотней аддасць свае грошы за гарантаваны прадукт — тыя самыя да болю ў вушах знаёмыя запілы, — чым за ката ў мяху. Такая яго, спажыўца, псіхалогія, і не толькі ў сферы культуры. Зважаючы на вялікую канкурэнцыю і нізкую плацёжаздольнасць, прамоўтары папросту вымушаны ўлічваць законы рынку. І таму застаецца спадзявацца толькі на “культуртрэгераў”, якія камерцыйных мэт перад сабой не ставяць. Ну і, галоўнае, самім не ўпускаць магчымасці новага досведу. Я вось, напрыклад, ужо набыў квіткі на чарговую імпрэзу, якая ладзіцца з удзелам Інстытута Гётэ — фестываль цяпер ужо электроннай музыкі “Mental Force”, дзе выступіць гурт “Monolake” (пошук праз Сеціва дапаможа вам усвядоміць значнасць таленту Роберта Хенке: я спрабаваў), а таксама і не менш цікавыя беларускія музыканты кшталту сямейнага тандэму Паўла Эмбіёнта і “Салярнай Вольгі”. Рэкамендую зрабіць тое самае тым, хто жадае здаровага кагнітыўнага дысанансу.

Іначай будзе бясконцы “Дзень “Металікі”.

Фота Юрыя ІВАНОВА