Галаграмы і не толькі

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Сустрэчы навукоўцаў з навучэнцамі Жодзіна праходзілі ў незвычайным афармленні. Выстаўку мастацкай галаграмы ў экспазіцыйнай зале Краязнаўчага музея ў рамках праекта “Моладзь і навука: праз супрацоўніцтва і адукацыю да новых адкрыццяў і перамог” наведала больш за дзве тысячы чалавек. Там былі прадстаўлены дзясяткі галаграм рознага фармату і тэматыцы.

/i/content/pi/cult/535/11627/10-3.jpg

Так, канкурэнцыя пры наступленні на фізічныя факультэты ВНУ невысокая: прэстыж дакладных навук, які быў у СССР 40 — 50 гадоў таму, знізіўся не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце. Але не так усё сумна. У гэтым пераканаліся навучэнцы і настаўнікі школ ды гімназій Жодзіна, якія сталі слухачамі лекцый лепшых прадстаўнікоў навуковага свету фізікі. Прафесары, доктары навук, кіраўнікі лабараторый Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вельмі цікава, займальна і даступна распавялі слухачам аб найноўшых дасягненнях у розных раздзелах фізікі. Аўдыторыя даведалася, што наша краіна па рэйтынгу развіцця фізічнай навукі знаходзіцца на дзявятым месцы ў свеце, а ў такім раздзеле фізікі, як оптыка, ідзе ў першых шэрагах.

Распачаў цыкл лекцый доктар фізіка-матэматычных навук, загадчык цэнтра “Тэарэтычная фізіка” Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі Юрый Курачкін. Ён распавёў пра значэнне адкрыцця загадкавай элементарнай часціцы — базона Хігса, дзеля якой ствараўся адронны калайдар. Наступнай была лекцыя прафесара, доктара фізіка-матэматычных навук, загадчыка лабараторыі Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў Сосны НАН Беларусі Вячаслава Куўшынава “Развіццё атамнай энергетыкі ў Беларусі”. Цікавасць у слухачоў выклікаў аповед пра патрэбу ў спецыялістах для атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў Астраўцы. Асаблівую ўвагу выклікала лекцыя доктара фізіка-матэматычных навук, акадэміка Міжнароднай інжынернай акадэміі Леаніда Таніна “Галаграфія і яе ўжыванне”. Выступалі і іншыя навукоўцы.

Да ўсяго, наш зямляк, выпускнік СШ № 1, Леанід Танін падарыў школам і гімназіі пяць каштоўных унікальных наглядных дапаможнікаў — адбівальныя галаграмы, а таксама дзясяткі ціснёных і ахоўных галаграм. Самым таленавітым навучэнцам і іх настаўнікам былі ўручаны сорак новых зборнікаў задач па фізіцы для інтэнсіўнай падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, складзеных вядучымі беларускімі навукоўцамі. Такім чынам, можна канстатаваць: зроблены незвычайны, своеасаблівы ўнёсак у будучыню айчыннай навукі.

Акрамя названага, вельмі важная прафарыентацыйная накіраванасць выстаўкі-семінара. Навучэнцы пасля лекцый задавалі шмат пытанняў, якія тычыліся не толькі навукі, але і выбару будучага жыццёвага шляху. Аўтарытэтныя парады пераконвалі слухачоў у тым, што фізікай як навукай займацца варта!

Спадзяемся, падобная форма працы стане традыцыйнай, што прыцягне ў фізічную навуку маладыя кадры. Хачацца падзякаваць супрацоўнікам Жодзінскага краязнаўчага музея, якія арганізавалі і паспяхова рэалізавалі новую форму ўзаемадзеяння навукі, культуры і адукацыі: выстаўку-семінар мастацкіх галаграм.

Алена САЛАЎЁВА, настаўнік фізікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі СШ № 9

Жодзіна