Бібліятэкар-франтавік

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Са слоў старажылаў у вёсцы Малеч першая хата-чытальня была арганізавана ў 1946 годзе, а яе загадчыкам стаў дваццаціаднагадовы франтавік Валянцін Рупека.

/i/content/pi/cult/535/11626/10-2.jpgУ грамадска-патрыятычным цэнтры Малецкай аграгарадоцкай бібліятэкі, дзе найбольшая колькасць чытачоў у Бярозаўскай раённай бібліятэчнай сістэме — 800, працуе выстаўка “Наша Перамога”, прысвечаная памяці першага бібліятэкара.

Валянцін Васільевіч не дажыў да памятнай даты — 70-годдзя Вялікай Перамогі, але яго заслугі памятаюць у вёсцы, дзякуючы, у тым ліку, і бібліятэчным работнікам Ірыне Корган і Валянціне Патаповіч, аўтарам экспазіцыі.

У 18 гадоў Валянцін Рупека стаў сувязным партызанскага атрада, а потым — байцом-кулямётчыкам. У 1944-м папрасіўся на фронт, вызваляў Варшаву, браў Берлін, уганараваны многімі медалямі. За тры дні да Перамогі салдат быў цяжка паранены. Пасля шпіталю пакалечаны вайной юнак змагаўся за сваё месца ў мірным жыцці: скончыў шасцімесячныя курсы бібліятэкараў і ўзяўся за працу вясковага асветніка. Бібліятэка знаходзілася ў жылым доме, кнігі выдаваліся з сабой, фонд папаўняўся дамашнімі кнігазборамі мальчан.

У “Нарысе гісторыі Малецкай сельскай бібліятэкі” адлюстраваны ўспаміны Валянціна Рупекі, дзе ён прыгадвае, што заработная плата бібліятэкара і старшыні сельскага Савета былі аднолькавымі, і ў нялёгкі пасляваенны час гэта была істотная плата за працу.

Вясковы бібліятэкар быў сумленным работнікам, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, зараджаў аднавяскоўцаў энергіяй і аптымізмам. І таму цалкам заканамерна, што праз нейкі час франтавік Рупека быў выбраны старшынёй сельскага Савета. Нягледзячы на інваліднасць, Валянцін Васільевіч любіў сталярнічаць. І калі працаваў у Малецкай сярэдняй школе адказным па гаспадарчай частцы, многія неабходныя рэчы зрабіў уласнымі рукамі. Памяць пра бацьку і дзядулю трапятліва зберагаецца ў сем’ях яго сына і трох дачок.

Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ