Калісьці былі студэнтамі…

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў сёлета святкуе 70-гадовы юбілей. Гэта зручная нагода азірнуцца на пройдзены шлях, асэнсаваць напрацаваны вопыт. Нездарма да юбілейных дат прымяркоўваюць навукова-творчыя канферэнцыі з гістарычным ухілам.

/i/content/pi/cult/535/11622/8-3.jpgУ Акадэміі, якая рыхтуе кадры для нацыянальнага мастацтва, падысці да гэтай справы вырашылі нязвыкла, арыгінальна, крэатыўна. У межах XLIX Студэнцкай навукова-творчай канферэнцыі рэалізаваны выставачны праект “Дыяруш”. Шэраг вядомых выпускнікоў Акадэміі (многія з якіх зараз выкладаюць у БДАМ) прадставілі свае ўспаміны ў выглядзе тэкстаў, а сённяшнія студэнты зрабілі паводле тэкстаў творчыя работы ў жывапісе, графіцы, фотаграфіі, у выглядзе інсталяцый і арт-аб’ектаў. Выстаўка нагадвае кнігу, дзе кожны раздзел мае свайго аўтара і свайго ілюстратара.

Сярод тых, хто падзяліўся з грамадой успамінамі, — Міхаіл Баразна, Валянціна Бартлава, Уладзімір Васюк, Эльвіра Герасімовіч, Уладзімір Зінкевіч, Уладзімір Савіч, Павел Татарнікаў, Уладзімір Тоўсцік ды іншыя. Тэксты і візуальныя аб’екты ў выставачнай прасторы спалучаны даволі гарманічна. Пабачыўшы “ілюстрацыю”, хочацца прачытаць тэкст, а прачытаўшы, міжволі пацікавішся, чаму “ілюстратар” абраў менавіта такую форму візуалізацыі слоў. Пры гэтым трэба разумець, што мастак, нават ілюструючы чужыя думкі, усё адно выяўляе самога сябе; што ў кожнага творцы, нават калі ён пачатковец, ёсць “дзяжурны” набор стылёвых прыёмаў і вобразных загатовак, якія ён скарыстоўвае, як з’явіцца на тое нагода. Для студэнтаў першага — пятага курсаў Акадэміі, якія ўзялі ўдзел у гэтым праекце, такой нагодай сталіся тэксты знакамітых выпускнікоў БДТМІ — БДАМ.

Было б добра, каб выставачны праект стаў выдавецкім, каб экспазіцыя, што нагадвае кнігу, ператварылася ў яе сапраўдную, якую можна не толькі ахапіць вокам, але і ўзяць ў рукі. Зразумела, што рэалізацыя такой ідэі нямала каштуе, але ў юбілейны для Акадэміі год грошы, можа, і знойдуцца.

Выстаўка цікавая яшчэ і тым, што яна дае ўяўленне пра тое, на што студэнты здольныя па-за межамі навучальнай праграмы. Гэта парасткі таго, што называецца самавыяўленнем і самастойнай творчасцю. Выдатна, што студэнты праз гэты праект цяпер лепш ведаюць і разумеюць сваіх настаўнікаў, якія калісь таксама былі студэнтамі.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"