У яго творах танчыць… сонца

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Эдуард Астаф'еў: “Скульптурна філасофствую”
Скульптар Эдуард Астаф’еў паказвае чарговую выстаўку ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава.

/i/content/pi/cult/535/11620/8-1.jpg

Эдуард Астафьеў. “Час. Прастора. Бясконцасць”.

Да Светлагорска ў Эдуарда Барысавіча асаблівае стаўленне. Тут ён не аднойчы ўдзельнічаў у рэспубліканскіх і міжнародных пленэрах, пакінуўшы вуліцам памяць пра сябе: на Цэнтральнай плошчы горада стаіць, адухоўлена ўглядаючыся з аддаленага часу, яго бронзавы шляхціц Шаціла — адзін з заснавальнікаў тутэйшага старажытнага паселішча. Я добра памятаю той святочны дзень 16 верасня 2006 года, бо і самому давялося пераразаць сімвалічную стужку на ўрачыстасці, прысвечанай адкрыццю помніка, якім скульптар цудоўна ўвасобіў і маю даўнюю ідэю.

Мы бачым шляхціца ў свецкім адзенні. Але на яго грудзях ззяе сучасны сонечны герб Светлагорска. Гэта святло самасвядомасці, патрыятызму, разумення іх пераемнасці. І, нібыта пацвярджаючы такое адчуванне, ён працягвае жыхарам Светлагорска, а не Ждану Манкевічу, чарговаму ўладальніку Вострава Шацілінскага, той самы прывілей на права валодання гэтай старажытнай зямлёй.

Манумент цудоўна глядзіцца і зблізу, і здаля. Міжвольна прыгадваюцца словы скульптара аб тым, як яго настаўнік у Тэатральна-мастацкім інстытуце, прафесар, народны мастак Беларусі Андрэй Бембель настойліва раіў тварыць так, каб любы твор адразу ж зразумела “чытаўся” з любой адлегласці. А гэтага без таленавітага адчування прасторы ў самім сабе дасягнуць немагчыма. Эдуард Астаф’еў шчасліва надзелены менавіта такой магчымасцю. Лаканічнасць, псіхалагічная дакладнасць і ўсё тая ж адухоўленая філасофская асэнсаванасць прысутнічаюць у кожнай яго працы. Аўтар знакамітага помніка Францыску Скарыну, які ўстаноўлены ў Празе, ён выдатна пачувае сябе і ва ўсёй разнастайнасці стыляў так званых малых скульптурных форм. Бронза, мармур, граніт, дрэва, алюміній — і нават пэўным чынам іх спалучэнні — паслухмяна падуладныя яго майстэрству. Кожны твор гарманічна завершаны і пры павелічэнні да адпаведных памераў мог бы стаць манументальным.

— Такая неабходнасць здараецца цяпер вельмі рэдка, — сумна ўсміхаецца Эдуард Барысавіч. — Аднак з’явілася магчымасць рабіць тое, што табе асабліва цікава. Шмат эксперыментую. Скульптурна філасофствую.

23 разнажанравыя выявы прадставіў ён на выстаўцы, якая дазваляе рэтраспектыўна пазнаёміцца ці не з усімі асаблівасцямі яго творчых намаганняў. А яны самыя розныя. Гэта скульптар, якому цікава займацца партрэтамі выставачнымі і для экстэр’ераў (ён — аўтар шэрагу бюстаў гістарычных дзеячаў), манументамі (тры скульптурныя комплексы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне), медалямі (Скарына, Куляшоў, Каліноўскі і іншыя героі), кампазіцыйнымі работамі, паркавымі скульптурамі, фантанамі, мемарыяльнымі дошкамі, надмагільнымі помнікамі… Калі ўсё гэта ўлічыць, то ўжо не здзіўляешся ўбачанаму ў карціннай галерэі.

Зрэшты, па-добраму здзівіцца ёсць чаму. Не кожны мастак можа напісаць… танец сонца. А ўвасобіць такое скульптурна — тым больш складана. І ўсё ж Эдуард Астаф’еў здолеў ажыццявіць нават гэту задуму. “Развітанне” — так называецца твор, прысвечаны Максіму Багдановічу. Скульптар змог перадаць не толькі тое, што навеяна лёсам паэта, але і яго вершамі. Перад намі паэт на фоне крымскага каменю, які, аднак, ужо застаўся за яго спінай. Вось яно, сімвалічнае імкненне да Радзімы! Шкада, што гэтае ўвасабленне класіка беларускай паэзіі не стала цудоўным помнікам. Як і прысвячэнні Ефрасінні Полацкай (“Святая”), Кірылу Тураўскаму або скульптурны партрэт славутага беларускага спартсмена Алега Караваева.

А якой псіхалагічнай дакладнасцю вызначаецца скульптура “Перазімавалі”! Нават не верыцца, што яна — з алюмінію, бо глядзіцца па-гранітнаму важка. Сталага веку жанчына з драўлянай рыдлёўкай для прыборкі снега стаіць, стомлена ўсміхаючыся шэраму голубу, які даверліва спыніўся ля яе ног. Скончылася зіма — і абаім будзе лягчэй, — адчуваем мы, разглядваючы скульптурную выяву.

Увогуле Эдуард Барысавіч уважлівы да быццёвых момантаў. Пра гэта міжволі думаеш, бачачы яго “Баньку”, “Добры настрой”, “Таямнічы сон”, “Світанак”… Умее і любіць скульптар спалучаць убачанае з добрым пачуццём гумару або з патаемным падтэкстам. “Свая ноша — не цяжар”, — так называецца бронзава-гранітная жанравая скульптура. У ёй лёгка пазнаецца аўтар экспазіцыі, які нясе адну са сваіх выяў. А вось выява, якой таксама нельга не ўсміхнуцца: чалавек стаіць пад небяспечна нахіленай сцяной, спакойна склаўшы рукі. “Самаўпэўнены” — вельмі дакладна названы твор. Побач яшчэ больш жартаўлівае ўвасабленне: залішне паўнацелы мужчына глядзіцца ў люстэрка і бачыць сябе… стройным, па-спартыўнаму падцягнутым і нават памаладзелым. Зрэшты, у люстраным адбіцці і мы яго бачым такім, бо скульптар адпаведным чынам выгнуў медную пласціну, ператварыўшы яе ў нешта накшталт цудадзейнага або крывога люстэрка.

Майстэрства Эдуарда Астаф’ева дазваляе яму перадаць “Успаміны аб Італіі”, філасофскае адчуванне “Сустрэчы, якая не адбылася”, пафас успамінаў аб Вялікай Айчыннай вайне (“Наша справа справядлівая — мы перамаглі!”). Іншы раз ён быццам амаль бессюжэтна імкнецца засведчыць сваё выдатнае майстэрства, і тады ўзнікаюць такія цудоўныя творы, як “Раўнавага”, “Чаканне”, “Італьянскі матыў”. Але гэта бывае вельмі рэдка. Часцей за ўсё ўвасабляе тое, што сталася неад’емным пачуццём і вымагае духоўнага роздуму. “Мішэнь” — назва твора, што ўвасобіў чалавека, які знаходзіцца паміж дзвюма мішэнямі… “Тройка” — яшчэ больш трагічны сюжэт далёкага ад нас часу. Постаці без твараў выносяць прысуд, ад якога няма выратавання сумленнаму чалавеку. Метафарычная згадка пра сталінскія рэпрэсіі…

Так, дыяпазон шчодрага таленту Майстра дазваляе многае. У гэтым я пераканаўся яшчэ раз не толькі на выстаўцы, але і тады, калі перабіралі з ім фотаздымкі шматлікіх яго прац, якія, на вялікі жаль, не сталіся пакуль не толькі манументальнымі ўвасабленнямі, але нават і маляўнічым альбомам. Колькі ў іх самай рознай кампазіцыйнай напоўненасці, дынамічнай імклівасці і адухоўленай прыгажосці! А ў некаторых, як мы ўжо ведаем, нават танчыць… сонца. І таму гэты скульптар заслугоўвае менавіта той запатрабаванай увагі, якой абдзелены.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск