Зазірнём у сярэдзіну лета

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Цяжка мець зносіны з людзьмі настрою, аднак вялікае шчасце выпадае на долю таго, хто пасябруе з “чалавекам-настроем”, асабліва калі такім з’яўляецца мастак. Ён дорыць дадатныя эмоцыі кожнай сваёй карцінай, нават у самы пахмурны дзень запаліць пад столлю сонца ды сагрэе дабром і верай. Падобную атмасферу святла і справядлівасці стварае персанальная выстаўка Веранікі Віткоўскай у Палацы мастацтва, прымеркаваная да пяцідзесяцігоддзя творцы.

 /i/content/pi/cult/153/1162/Zazirnem.jpg

В.Віткоўская. “Мая спадчына. Памяці дзеда”.

Яе палотны ўражваюць насычанасцю фарбаў, нібыта з сакавіка адразу трапіў у сярэдзіну лета. Слінкі цякуць ад адных толькі назваў: “Шмат парэчкі”, “Пара малінавага варэння”, “Нацюрморт з самаварам”. А ўжо пра “смакату” саміх карцін і гаварыць няма чаго.

З кожным крокам ты ўсё больш набліжаешся да тых кожны раз непаўторных пачуццяў, калі ўпершыню ў новым сезоне пакідаеш дымны і душны горад і з’язджаеш у вёску. Удыхаеш надзвычайна празрыстае паветра пасля таго, як “Дождж прайшоў”, ачышчаешся малітвай у чырвоным куце “Раніцай”, заварожана слухаеш нядзельныя спевы “У царкве”. Новыя адценні ў адчуванне салодкасці жыцця дадае нізка “Лета ў хаце”. Яна быццам напаўняе залу водарам кветак, што ззяюць “Ля вакна”, і песняй “Званочкаў”. “Лета ў вёсцы” набірае моцы, запаўняючы прастору старадаўнімі лялькамі ў пышных сукенках, бляскам самавараў і стракатасцю коўдраў, якія з рознакаляровых лапікаў шыла бабуля на машынцы, што гула, быццам чмель. Пад гэты мерны гул нараджалася “Вандроўка ў казку”.

Восеньскія пейзажы мастачкі не навяваюць лірычную тугу, а працягваюць зычную жыццесцвярджальную песню. “Нацюрморт з гарбузамі і лялькамі” насычае памяранцавымі эмоцыямі. І калі прыходзіць пара зноў пакінуць вёску, успамін пра заззяўшыя вясёлкай вуліцы вёскі пасля таго, як “Снег прайшоў”, будзе падтрымліваць гармонію ў душы.

Людміла МАКОЎСКАЯ