В.Віткоўская. “Мая спадчына. Памяці дзеда”. |
З кожным крокам ты ўсё больш набліжаешся да тых кожны раз непаўторных пачуццяў, калі ўпершыню ў новым сезоне пакідаеш дымны і душны горад і з’язджаеш у вёску. Удыхаеш надзвычайна празрыстае паветра пасля таго, як “Дождж прайшоў”, ачышчаешся малітвай у чырвоным куце “Раніцай”, заварожана слухаеш нядзельныя спевы “У царкве”. Новыя адценні ў адчуванне салодкасці жыцця дадае нізка “Лета ў хаце”. Яна быццам напаўняе залу водарам кветак, што ззяюць “Ля вакна”, і песняй “Званочкаў”. “Лета ў вёсцы” набірае моцы, запаўняючы прастору старадаўнімі лялькамі ў пышных сукенках, бляскам самавараў і стракатасцю коўдраў, якія з рознакаляровых лапікаў шыла бабуля на машынцы, што гула, быццам чмель. Пад гэты мерны гул нараджалася “Вандроўка ў казку”.
Восеньскія пейзажы мастачкі не навяваюць лірычную тугу, а працягваюць зычную жыццесцвярджальную песню. “Нацюрморт з гарбузамі і лялькамі” насычае памяранцавымі эмоцыямі. І калі прыходзіць пара зноў пакінуць вёску, успамін пра заззяўшыя вясёлкай вуліцы вёскі пасля таго, як “Снег прайшоў”, будзе падтрымліваць гармонію ў душы.
Людміла МАКОЎСКАЯ