Не шкадуючы для сімвалічнага капіталу…

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Майстар-клас па стварэнні феномена
Выстаўка “Геніяльныя дылЛетанты” (менавіта так, з дзвюма “л”), чыя міжнародная прэм’ера адбылася ў мінскім Цэнтры сучасных мастацтваў, завітала ў нашы пенаты вельмі своечасова. Досыць нядаўна ў нас пачалі актыўна вяртаць у культурны кантэкст падзабыты тутэйшы арт-андэграўнд 1980-х і 1990-х. Прычым не ў звыклай для “перабудовачных” СМІ рубрыцы “Ёсць і такія”, але менавіта ў якасці паўнавартаснай і адметнай старонкі гісторыі айчыннай культуры. Нямецкія калегі з Інстытута Гётэ прадэманстравалі, што ім такія інтэнцыі таксама блізкія. У фокусе іхняй увагі апынуліся сем нямецкіх гуртоў, якія стартавалі на пачатку 1980-х. Адзін з іх не надта патрабуе папулярызацыі, паспяхова існуючы аўтаномна ад усіх кантэкстаў, яшчэ адзін нехта дагэтуль памятае — і не больш за тое, а астатнія даўно і, мабыць, незваротна канулі ў Лету. Дык навошта спатрэбілася сціраць пыл са старых кружэлак?

Чаму “Геніяльныя дылЛетанты”?

Адказ на гэтае пытанне — зусім не на паверхні. Пагатоў, патлумачыць факусіроўку ўвагі Інстытута Гётэ менавіта на дадзенай з’яве цяжка нават паўсюдным цяпер сацыяпалітычным кантэкстам: за рэдкімі выключэннямі, гутарка вядзецца пра тое, што адбывалася ў Заходняй Германіі і Заходнім жа Берліне, дзе ніхто не перашкаджаў моладзі насіць у носе завушніцы і самавыяўляцца ў музыцы з дапамогай электрадрыляў.

/i/content/pi/cult/534/11618/7-1.jpg

Гэта — першае, а другое... Уводзіць паняцце “Геніяльныя дылЛетанты” ў якасці інтэгральнай характарыстыкі броўнаўскіх бурленняў арт-сцэны Нямеччыны пачатку 1980-х — як мінімум, рызыкоўна. Ні руху, ні суполкі, ні, пагатоў, субкультуры з такой назвай ніколі не існавала. Больш, за тое — сам аўтар тэрміна, вакаліст легендарных “Einsturzende Neubauten” Блікса Баргальд у сваіх інтэрв’ю выказваўся пра ўласную прыдумку даволі скептычна.

Музычныя журналісты, а ўслед за імі і энцыклапедыі, апісвалі дадзеную культурную з’яву як “новую нямецкую хвалю”, што было відавочнай калькай з англійскай “new wave” — кшталту, “наш адказ Чэмберлену”... Відавочна, куратары выстаўкі абсалютна мелі рацыю, калі проста “забылі” пра гэты тэрмін (ён, здаецца, нідзе ў экспазіцыі не згадваецца), замяніўшы яго на іншы. “Геніяльныя дылЛетанты” — гучыць куды лепш, асабліва для тых, хто не надта абазнаны ў музычных перыпетыях таго перыяду. І, тым больш, сапраўды тлумачыць саму сутнасць.

“ДылЛетантаў” цяжка назваць першапраходцамі. Ім папярэднічала, у прыватнасці, такая цікавая і самабытная з’ява, як нямецкі краўт-рок (на жаль, пра гэта на выстаўцы не даведаешся). Ды і ўвогуле... Рознага музычнага авангарду ў Германіі ніколі не бракавала, але ён заўсёды быў (і ёсць) далёкім ад народу. Прычым з часам усё больш ускладняўся і акадэмізаваўся — што многім здавалася нудным. Ажно пакуль не здарылася панк-рэвалюцыя, якая засведчыла, што рок-зоркай можа стаць любы хлопец з падваротні, і зусім неабавязкова яму ўмець граць на гітары як Рычы Блэкмар.

Як шчыра прызнаваўся той жа Блікса, ягоны гурт стаў граць на знойдзеных на сметніку альбо ў гаражы інструментах (з галіны будаўніцтва і рамонту) выключна з той прычыны, што набыць інструменты музычныя тады ім было не па кішэні. Сёння гэты гурт з няўежнай назвай — адна з культурных “візітовак” Германіі... Карацей, назва выстаўкі апраўдала сябе.

У дадатак, яшчэ адзін важны фактар, які варта ўлічыць пры адказе на вынесенае ў падзагаловак пытанне. “ДылЛетанты” былі прынцыпова нямецкамоўнымі — што ва ўмовах глабальнага панавання “інгліша” на музычнай сцэне выглядала на сапраўдны нонканфармізм. Прынамсі два калектывы з гэтай кагорты (тыя ж “новабудоўлі” і “D.A.F.”) прымусілі міжнародную аўдыторыю вывучыць хоць колькі слоў на мове Гётэ — задоўга да “Rammstein”.

Дзве з паловай тоны

Сама выстаўка атрымалася важкай у прамым сэнсе — па чутках, недзе дзве з паловай тоны. Прычым у экспазіцыі былі не толькі алюмініевыя стэлажы, але і процьма тэхнікі. Вядома, ёй нават у глухой вёсцы нікога ўжо не здзівіш, аднак забяспечыць “бесперабойную” работу такога арсеналу цягам хаця б некалькіх тыдняў ніводная наша культурная ўстанова пакуль не здатная. У дадатак, адмыслова з гэтай нагоды пра “дылЛетантаў” быў зняты дакументальны фільм, які таксама дэманстраваўся ў экспазіцыі. І гэта яшчэ далёка не ўсё, але... давайце па парадку.

Уласна экспазіцыя была вытрымана ў даволі акадэмічным, бадай музейным ключы — што, па-першае, не надта суадносілася з самой з’явай, а па-другое, — было, як падаецца, проста несучасным. Атрымаць інфармацыю, пачуць музыку, паглядзець відэа сёння кожны можа і дома (дарэчы, вельмі хочацца спадзявацца, што каласальны праект урэшце выльецца ў інтэрнэт-сайт — правесці на выстаўцы больш за дзве гадзіны можа не кожны, а як сведчыць мой досвед, гэтага часу было недастаткова для знаёмства з усім матэрыялам). Самае важнае, як падаецца, — менавіта зачапіць, зацікавіць. І бетонамяшалка, на якой запісвалі свае першыя опусы “новабудоўлі”, выглядала б тут куды больш пераканаўча. Ну, альбо падобная, знойдзеная на бліжэйшай сметніцы. Балазе, у дадзеным выпадку ніхто не пакрыўдзіўся б за такую падробку.

А вось што вельмі добра, дык гэта імкненне падаць з’яву ў кантэксце. Атмасферныя фота той пары, а таксама кароткія экскурсы ў тое, што рабілася па-за музыкай — у незалежным кіна- і відэаарце ды нават модзе — не проста стваралі належны фон самім “дылЛлетантам”, але і выяўлялі іх метад як папраўдзе ўніверсальны.

Што дрэнна — брак, уласна, музычных паралеляў. Як у часе (ужо згаданы элітарны краўт-рок, што быў да “дылЛетантаў”, і жорсткае размежаванне на мэйнстрым ды інды-сцэну, якое здарылася пасля), так і ў прасторы (ніяк не згаданы яшчэ адзін вынік панк-рэвалюцыі — англійскі постпанк. Ну і, вядома ж, шмат у чым кангеніяльны “дылЛетантам” індастрыэл “Throbbing Gristle”, які раскашаваў амаль адначасова з панкам ды, пэўна, паўплываў на герояў выстаўкі не менш за яго). Урэшце, як заўважылі некаторыя гледачы, бракуе таксама і адаптацыі прадстаўленага матэрыялу, уласна, для беларускай культурнай прасторы — што, вядома, не дзіўна, бо выстаўка мае гастраляваць па свеце.

Прычым многія прадстаўнікі той самай прасторы ўпершыню адкрылі для сябе тыя ж “новабудоўлі”. І чалавек, які на пачатку 1990-х слухаў іх на магнітафоне “Электроника”, а потым доўга тлумачыў суседзям, што ніякага рамонту па начах мы не робім, мог толькі пазайздросіць гэтаму новаму досведу.

Няўдалыя паралелі

Уласна, паралелі з беларускай культурай былі вынесеныя за дужкі — у асобны выставачны праект “Мінск. Нонканфармізм 80-х”, які адначасова дэманстраваўся ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Па часе ўсё амаль супадала, хіба з той папраўкай, што адлюстроўвалася перадусім другая палова таго бурлівага дзесяцігоддзя — і гэта ў нашым выпадку прынцыпова важна. А больш не супадала нічога і ні з чым.

Гэта асабліва прыкра, калі ўлічыць, што куратар Артур Клінаў — выбітны прадстаўнік той самай эпохі, адзін з яе галоўных герояў, і ў прыватнай гутарцы ён можа распавесці столькі маляўнічых эпізодаў, якія тую эпоху характарызуюць... Сакуратары — мастацтвазнаўцы маладзейшага пакалення Таццяна Арцімовіч і Аляксей Барысёнак, людзі абазнаныя ды зацікаўленыя...

Як і ў выпадку з “...ДылЛетантамі”, аснову экспазіцыі склалі менавіта дакументы — фотаздымкі, афішы, відэазапісы, сведчанні ўдзельнікаў падзей. Але хаця б неяк структурыраваць гэты матэрыял і забяспечыць яго больш-менш уежным каментарыем куратары чамусьці не здолелі.

Адкуль узяўся той мінскі арт-андэграўнд? Чаму ён з’явіўся ў краіне, дзе мастакі прыналежылі да прывілеяванай касты — у выпадку сваёй канвенцыйнасці? Што натхняла, што рухала, што матывавала? І ці атрымалася, урэшце, нешта вартае? Гэтыя пытанні я абавякова задаў бы, калі б быў “гледачом з вуліцы” — ды і для мяне яны, па шчырасці, актуальныя па-ранейшаму. Шукаць на іх адказы на выстаўцы было марна. Мы маглі ўбачыць толькі незлічоную сукупнасць твараў — для большасці, зусім незнаёмых, і подпісы не ратуюць. Ні нуднаватага гістарызму, ні, тым больш, культуралагічнага абагульнення ды “брэндынгу”...

Меншасць магла адчуць настальгічнае замілаванне з нагоды “как молоды мы были...”. Але ў такім выпадку выстаўку было б больш дарэчна рабіць не ў галерэі, а ў кватэры — па завядзёнцы старых добрых часін.

Дарэчы, каб глядач мог адчуць дух эпохі, у галерэі зрабілі “рэпліку” інтэр’ера кватэры аднаго з гуру мінскага андэграўнду Віталя Чарнабрысава. Досыць дзіўны экспазіцыйны ход: раней прыватная прастора была вымушана падмяняць сабой публічную, а цяпер усё стала наадварот... Незразумела толькі, навошта.

І я ўжо нават не кажу пра тое, што дзве згаданыя выстаўкі амаль ніяк не суадносяцца паміж сабою. Прадстаўнікі беларускага андэграўнду былі, у сваёй большасці, акурат прафесіяналамі (нават паводле афіцыйных крытэрыяў), а не “дылЛетантамі”. Адпаведна, іх выбар быў свядомы — і тым больш каштоўны.

А вось што сапраўды выцягнула “...Нонканфармізм” за вушы, дык гэта, па-першае, прэзентацыі персанальных альбомаў некаторых творцаў той пары (пачын часопіса “pARTysan”, вядома ж, вымагае самай высокай ацэнкі), і, па-другое, вечарына ці не адзінага нашага адпаведніка і амаль равесніка 
“...ДылЛетантаў” — суполкі “Беларускі клімат”. На жаль, патрапіць туды не атрымалася, але, кажуць, дзядзькі далі чаду яшчэ больш, чым у свае маладыя гады.

Яшчэ адна паралель, праведзеная Інстытутам Гётэ, была куды больш удалай. Фестываль “Першы. Майскі” сабраў сённяшніх наступнікаў “Геніяльных дылЛетантаў” з розных краін. Што праўда, большасць з іх, дажыўшы на сцэне хаця б да трыццаці, стала ўжо прафесіяналамі, як звычайна і здараецца ў такім выпадку.

Урэшце, тут немінуча паўстае і наступнае пытанне: навошта краіне Гётэ і Штакгаўзэна спатрэбілася ствараць яшчэ адзін культурны феномен? За дзяржаўныя, між іншым, грошы... Пэўна, адказ тут вельмі просты: культурных феноменаў ніколі не бывае зашмат.

Англійскі прафесар Нэлі Бекус і амерыканскі прафесар Ігар Малевіч, якія па шчаслівым збегу абставін забрылі на “круглы стол”, прысвечаны “рэінкарнацыі” легендарнай мінскай галерэі “Шостая лінія” (гл. “К” № 2 за гэты год. — І.С.), аперыравалі досыць эканамічным па сваёй сутнасці паняццем — “сімвалічны капітал”. Смела ўжываючы яго ў дачыненні да беларускага “не такога” мастацтва 1990-х.

Без сумневу, у гісторыі (ды і сучаснасці) нашай культуры нямала “нераскрытых” пакуль феноменаў. Не толькі з галіны “андэграўнду” — хаця творчасць такіх яго яскравых прадстаўнікоў, як Язэп Драздовіч і Алена Кіш, думаецца, прагучала б у Еўропе не горш за гукі электрадрыля. У якасці антытэзы “...ДылЛетантам”, замежнаму гледачу можна было б прапанаваць, прыкладам, беларускую акадэмічную школу жывапісу...

Але пакуль мы не засвоім той каштоўны ўрок, які за ўласныя сродкі правёў для нас Інстытут Гётэ, воз нікуды не зрушыцца. Феномены трэба ствараць. Не шкадуючы для сімвалічнага капіталу рэальных укладанняў.