“А кіно змянілася”

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Сёлета ў Мінск завітваў расійскі рэжысёр і прадзюсар Ягор КАНЧАЛОЎСКІ. Для беларускіх гледачоў ён распавёў пра свой шлях у прастору кіно, адносіны да рэкламы фільмаў, свае новыя праекты ды многае іншае. Фрагменты маналогаў прапануем вашай увазе.

/i/content/pi/cult/534/11617/6-2.jpg— Мне здаецца, зараз кіно істотна змянілася. Два прыклады фільмаў, якія амаль адначасова выйшлі ў свет: “Сонечны ўдар” Мікіты Міхалкова, майго дзядзькі, і “Белыя ночы паштальёна Трапіцына”, майго бацькі Андрэя Канчалоўскага. Абедзве карціны добра дэманструюць стары падыход да кіно — і новы.

Мне падаецца, што фільм Міхалкова — гэта стары падыход, калі табе патрэбны сеткі, пракат і гэтак далей. А “Белыя ночы…” — той выпадак, калі сеткі былі праігнараваны. У кінатэатрах фільм не ішоў. Ён каштаваў настолькі няшмат для сучаснай кінасферы, што яго можна было адразу паказаць на якімсьці тэлеканале. І з цягам часу я раблюся пратаганістам такога падыходу.

Але пры гэтым я — чалавек гнуткі, і для сябе вырашыў так: калі я прадзюсар — дык звер і нягоднік, ненавіджу рэжысёра, калі ж рэжысёр — дык ненавіджу прадзюсара, хлушу яму. На маёй першай карціне быў выпадак, калі мне прадзюсар казаў: “Слухай, скараці ты гэтую частку. Я цябе прашу як прадзюсар!”. Вечарам тэлефаную яму і кажу: “Прыязжай, я скараціў. Класс!” А сам нічога не змяняў. Ён паглядзеў і кажа: “Вось бачыш! Слухай мяне”.

Мне здаецца, што зараз амерыканскія блакбастары рухаюцца ў кірунку прынамсі 300 мільёнаў долараў бюджэту з вялізнай рэкламнай кампаніяй. Амерыканскае кіно — не нацыянальны кінематограф, а глабалісцкае кіно. Што яны прадаюць? Амерыканскую мару у той або іншай форме. А што такое амерыканская мара? Гэта калі любы чалавек можа жыць у нармальным доме, з басейнам, яго дзеці вучацца ва ўніверсітэце, стаіць джып ля дома і сям’я ездзіць на Гаваі адпачываць. Хто гэтага не хоча — жыць нармальна? Вось тое і ёсць глабалісцкая мара. Самая мяккая форма глабалізацыі — гэта, скажам, фільм “Трансформеры”. Усё ж такі кіно павінна рабіць людзей лепшымі, а “Трансформеры” хіба робяць нас такімі?

Асабіста я лічу, што тое кіно, якое мы зараз глядзім у вялікіх мультыплексах, дзе шмат памяшканняў для паказу кіно, каса падобная на прылавак рэстарана фастфуда, вобразна кажучы, нагадвае біг-мак, бульбу-фры. Прынцып спажывальніцтва, карацей.

Мо таму зараз я спрабую знайсці грошы на праекты, якія нікому, па вялікім рахунку, не патрэбныя. Адзін з іх хачу зрабіць як прадзюсар, а рэжысёрам выступіць мой бацька. Мы ўзялі за аснову цудоўны літаратурны твор, які ён напісаў разам з Юрыем Нагібіным дваццаць гадоў таму пра Сяргея Рахманінава. Гэта будзе 12-серыйны біяграфічны фільм.

Занатавала Вікторыя ГОМЗА, студэнтка Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Фота vokrug.tv