А я і не супраціўляўся…

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Выпрабавана на сабе, або Чаму не атрымалася “выгуляць” новы пінжак
Пра эксперыментальны тэатр “Галава-нага” я даведаўся з сацыяльных сетак. Гэта моладзь, каманда аднадумцаў, закаханых у тэатр. Як напісана на іх афіцыйным сайце, “увязаліся мы ў гэтую справу дзеля забавы, ад няма чаго рабіць, і не заўважылі, як уцягнуліся ў тэатр па вушы”. У багажы — кароткія 30-хвілінныя спектаклі: эксперыменты са словам, сэнсам, з пластыкай і формай. Пра колішнія паказы калектыву ў Касцюковічах “К” пісала ўжо раней.

/i/content/pi/cult/534/11612/8-2.jpg

 

Сцэна са спектакля "Маўзер". / Фота прадастаўлена тэатрам

Нягледзячы на тое, што гэтаму тэатру толькі пяць гадоў, калектыў браў удзел у такіх раскручаных фестывалях, як “Дзверы”, “Тэатральны куфар” (Мінск), пабываў у расійскіх Маскве, Разані, меў досвед кантактаў з нямецкай публікай (“100° Berlin festival”).

У мінулыя выхадныя ў Маладзечне прайшоў фестываль творчай моладзі “Час жыць” пад эгідай, у прыватнасці, Палаца культуры горада і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У праграме значыўся спектакль названага тэатра пад назвай “Маўзер” па п’есе нямецкага драматурга Хайнэра Мюлера. І, нарэшце, і ў мяне з’явілася магчымасць пазнаёміцца з творчасцю “галаваногіх”, як яны сябе жартам называюць. Але не па ўрыўках з Інтэрнэту, а жыўцом. Дадатковую маю цікавасць выклікала тое, што рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў вядомы тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў.

Адзначу, што прадстаўлены спектакль — не самы камфортны для глядацкага ўспрымання. Асабліва для тых гледачоў, якія прывыклі да лёгкіх жанраў. Самае цікавае, што ёсць у гэтай працы — атмасфера: цяжкая і прыгнятальная.

Пачыналася дзея яшчэ на ўваходзе ў залу. Дзяўчына ў чорнай вопратцы манатонным голасам апытвала нешматлікіх гледачоў і метадычна запісвала нашы асабістыя даныя: прозвішча, імя... І яе настрой у адносінах да публікі быў, падавалася, зусім непрыязным. Я паспрабаваў скінуць з яе маску “следчага”, і ў адказ на пытанне аб месцы нараджэння назваў радзільны дом майго роднага горада. Такога адказу дзяўчына, відавочна, не чакала. Аднак — ніводзін мускул не здрыгануўся на ейным твары. Толькі на секунду ў руцэ замерла шарыкавая ручка.

Скончыўшы перапіс, дзяўчына называла кожнага, хто прыйшоў, па прозвішчы і запрашала прайсці ў залу. Мы ж, гледачы, па адным падымаліся па лесвіцы. А другая дзяўчына ў чорным, якая знаходзілася паверхам вышэй, “сканавала” кожнага хто праходзіў міма, не менш непрыязным позіркам. У танцавальнай жа зале, дзе, уласна, і праходзіў спектакль, не было ніякіх звыклых крэслаў: нас папрасілі выстраіцца ў круг, а кагосьці нават пасунулі ў патрэбным кірунку.

Ці не праз тое стваралася адчуванне, што мы ўсе, тыя, хто прыйшоў на спектакль (няхай і не ў тэатр у нашым звыклым разуменні, а ў такую альтэрнатыўную прастору), раптам апынуліся… Ды дзе заўгодна, толькі не на свабодзе! І што з намі будзе адбывацца далей, каго будуць разыгрываць гэтыя маладыя людзі — следчых, катаў — не вядома. У паветры павісла паўза. І ў мяне заказыталі нервы: ці спектакль гэтая дзея наогул? Паўстала вострае жаданне пакінуць залу: я ж прыйшоў у добрым настроі “выгуляць” новы пінжак, на людзей паглядзець, сябе паказаць, а тут...

Перамагло ўва мне не столькі пачуццё павагі да маладых артыстаў, колькі цікавасць: што ж будзе далей? Апісваць спектакль, відаць, не мае сэнсу. Лепш яго ўбачыць на ўласныя вочы і — адчуць на сабе. Першыя фразы тэксту выканаўцы прамаўлялі, адрасуючы камусьці аднаму з гледачоў: не міргаючы, вочы ў вочы. У іх інтанацыях адчуваліся прыхаваны выклік і пагроза. Сэнс тэксту нібы раствараўся ў паветры, і мая ўвага пераключалася на перамяшчэнне выканаўцаў па пляцоўцы. Я спрабаваў прадбачыць нейкую неспадзяванку.

Наступіў момант, калі са “сцэны” пачалі выносіць “меткі” — паветраныя шары чорнага і чырвонага колеру. Назіраючы за злавесным і амаль рытуальным працэсам уручэння “метак”, падумаў: гэтая доля мяне ўсё ж такі абміне. Дарэмна спадзяваўся! Нас моўчкі расставілі ўздоўж сцен: кагосьці нават тварам да сцяны, закруціўшы рукі за спіну, кагосьці — наадварот і… "расстралялі”, лопнуўшы гэтыя самыя шарыкі-меткі.

У гэты момант я перажыў не самыя пазітыўныя секунды ў жыцці. Перад вачыма раптам паплылі кадры з гістарычных ігравых кінафільмаў... І тут рэжысёр абвясціў аб заканчэнні спектакля. Ды мне раптоўна захацелася працягу. Добра, вось стаю я тварам да сцяны, мяне ўжо няма. Але свет жыве далей. Якім ён становіцца тады: якія гукі, галасы, нават думкі ўслых прагучаць без мяне? Карацей, што потым?

Не паспрачаешся: “Сцісласць — сястра таленту”. Спектакль доўжыцца з паўгадзіны, аднак выклікае масу пачуццяў і думак. Усякая рэвалюцыя ці вайна — гэта зло. “Дзякуй, што жывы”, — сказаў я сам сабе, крочачы дадому пасля абмеркавання. Чаму паддаўся на гэтую правакацыю з “расстрэлам” і не стаў супраціўляцца — застаецца для мяне загадкай і ўрокам, калі пераводзіць гульню ў жыццё. І яшчэ... Звычайна ў тэатры для стварэння неабходнай атмасферы, уключаюць адпаведную музыку. А ў “Маўзеры” нічога лішняга: проста, пераканаўча і даходліва.

Тэатры ўсялякія важныя. І патрэбныя. Выбірай глядач, што табе бліжэй! Асабіста ў мяне такі тэатр і спектакль, які ўбачыў, не выклікае ні адрыньвання, ні непрымання.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр