Правілы правядзення Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы музей года па патрыятычным выхаванні моладзі, прысвечанага 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г


1. Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы музей года па патрыятычным выхаванні моладзі, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (далей — агляд-конкурс) праводзіцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь (далей — Міністэрства культуры) сумесна з упраўленнямі культуры аблвыканкамаў (Мінгарвыканкама) у мэтах пашырэння перадавога вопыту музейнай работы па патрыятычным выхаванні насельніцтва, актывізацыі дзейнасці музеяў па ўдасканаленні працы з моладдзю, развіцці новых форм работы з наведвальнікамі, шырокаму ўдзелу музеяў розных профіляў у мерапрыемствах, прысвечаных 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
2. Удзельнікамі агляду-конкурсу могуць быць музейныя ўстановы сістэмы Міністэрства культуры, якія з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі або структурнымі падраздзяленнямі юрыдычнай асобы.
3. Конкурс праводзіцца ў два этапы.
3.1. Першы (абласны) этап агляду-конкурсу праводзіцца з красавіка па снежань 2008 года для музеяў абласнога і раённага (гарадскога) падпарадкавання. У межах гэтага этапа ўпраўленні культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама вызначаюць па адным музеі ў трох намінацыях:“Музей і новыя адукацыйныя праграмы па патрыятычным выхаванні моладзі”;
“Музейныя экспазіцыі і выставачныя праекты, прысвечаныя адлюстраванню падзей Вялікай Айчыннай вайны, патрыятызму савецкага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі” (за перыяд 2005 — 2008 гг.);
“Навуковыя даследаванні музея па ваенна-патрыятычнай тэматыцы”.
3.2. Да 1 студзеня 2009 года ўпраўленні культуры аблвыканкамаў (Мінгарвыканкама) прадстаўляюць заяўкі на ўдзел музеяў — пераможцаў абласнога этапа агляду-конкурсу ў другім (рэспубліканскім) этапе агляду-конкурсу. Да заяўкі прыкладаецца заключэнне ўпраўлення культуры аблвыканкама (Мінгарвыканкама) і адпаведныя інфармацыйна-аналітычныя і наглядныя матэрыялы (планы, праграмы, сцэнарыі, буклеты, рэкламныя афішы і запрашальнікі, публікацыі, фота-, відэаматэрыялы і іншыя) на разгляд Рэспубліканскай экспертнай камісіі Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы музей года па патрыятычным выхаванні моладзі, прысвечанага 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (далей — Рэспубліканская экспертная камісія) па адрасе: 220086, г. Мінск, вул. Каліноўскага, 12, Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры. Матэрыялы, якія будуць прадстаўлены пазней вызначанага тэрміну, не будуць прымацца да разгляду.
4. Другі (рэспубліканскі) этап агляду-конкурсу праводзіцца з 1 студзеня па 1 красавіка 2009 года. У другім этапе агляду-конкурсу прымаюць удзел музеі — пераможцы абласнога этапа агляду-конкурсу і музеі рэспубліканскага падпарадкавання, якія прадстаўляюць заяўкі на ўдзел у аглядзе-конкурсе і матэрыялы, пазначаныя ў падпункце 3.2. пункта 3.
Рэспубліканская экспертная камісія вывучае прадстаўленыя матэрыялы, можа выязджаць на месцы для аналізу дзейнасці музеяў па намінацыях конкурсу.
Для пераможцаў конкурсу вызначана па тры прызавыя месцы ў кожнай з намінацый: адно першае, адно другое, адно трэцяе.
5. Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу Рэспубліканская экспертная камісія кіруецца наступнымі крытэрыямі:
арыгінальнасць праекта;выкарыстанне інавацыйных падыходаў да раскрыцця тэмы і аргдызайну;
выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій;
эфектыўнасць выкарыстання музейных прадметаў і музейных калекцый;
узаемадзеянне і партнёрства з іншымі музеямі і арганізацыямі ў падрыхтоўцы і рэалізацыі праектаў па патрыятычным выхаванні моладзі.
Усе ўдзельнікі рэспубліканскага этапа агляду-конкурсу атрымліваюць дыпломы ўдзельніка або пераможцы агляду-конкурсу.
Пераможцы агляду-конкурсу па асноўных намінацыях атрымліваюць грашовыя прэміі: адна першая — 3 млн. рублёў, адна другая — 2 млн. рублёў, адна трэцяя — 1 млн. рублёў.
Фінансаванне заахвочвання пераможцаў агляду-конкурсу ажыццяўляе Міністэрства культуры ў межах сродкаў, прадугледжаных Міністэрству культуры ў рэспубліканскім бюджэце на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў.