Кастынг на “…Веча”

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Вынікі абласнога агляду-конкурсу аматарскіх харавых калектываў падведзены ў Магілёве.

/i/content/pi/cult/534/11608/10-2.jpg16 мая ў канцэртнай зале “Магілёў” Абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы адбыўся гала-канцэрт абласной акцыі, прымеркаваны да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Агляд-конкурс праходзіў з сакавіка па май 2015 года ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча”. Якія мэты акцыі? Далейшае развіццё і папулярызацыя мастацтва харавых спеваў, павышэнне мастацкага ўзроўню выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры аматарскіх вакальна-харавых калектываў вобласці — хароў і ансамбляў з народнай, акадэмічнай і эстраднай манерай выканання. Арганізатарамі агляду-конкурсу выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і сам Метадцэнтр.

Канкурэнцыя сярод удзельнікаў была вельмі высокай: вядома, што харавыя калектывы і вакальныя ансамблі Магілёўшчыны вылучаюцца высокім узроўнем выканання і з’яўляюцца сталымі ўдзельнікамі маштабных абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў і конкурсаў. Таму перад прафесійным журы на чале з намеснікам дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, уладальнікам медаля Францыска Скарыны, мастацкім кіраўніком ансамбля песні і танца “Медуніца” Магілёўскай абласной філармоніі, народнага хору народнай песні каледжа мастацтваў Валянцінай Кандрацьевай стаяла няпростая задача: выбраць лепшых з 
лепшых.

Дык каго ж пасля яркага гала-канцэрта назвалі пераможцамі? Гэта народны акадэмічны хор клічаўскага РДК, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь хор народнай песні Палаца мастацтваў Бабруйска, народны вакальны ансамбль “Альянс” Касцюковіцкай дзіцячай школы мастацтваў, народны ансамбль народнай песні “Пярэзвы” Бабруйскага РЦК, народны эстрадны ансамбль “Парадыз” Ліпеньскага СДК Асіповіччыны, народны ансамбль народнай песні “Вечарынка” Ялізаўскай ДК таго ж раёна.

Па рашэнні журы спецыяльным дыпломам “За ўклад у папулярызацыю і развіццё вакальнага мастацтва” быў уганараваны народны ансамбль эстраднай песні “Арыён” Палаца культуры вобласці.

Пераможцы абласнога агляду-конкурсу прымуць удзел у фінальных мерапрыемствах агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча” у рамках святкавання Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Алёна БЕЛАНОЖКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы