Летапісец партызанскай эпапеі

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Графіка і ўспаміны пра вайну мастака Сяргея Раманава
Сто гадоў таму нарадзіўся Сяргей Раманаў — партызан, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, мастак-графік. Да гэтай даты ён не дажыў 13 гадоў. Але і за гэты кароткі час яго імя, як і многія іншыя імёны беларускіх мастакоў, якія змагаліся з фашыстамі не толькі зброяй, але і алоўкам ды пэндзлем, як бы знікла для сённяшняй моладзі, у тым ліку і для прасунутага творчага пакалення. Так ўжо выбудаваны супярэчлівы сучасны свет, дзе старэйшым мастакам не заўсёды застаецца месца, нават у чалавечай памяці. Іх творы амаль ніколі не выстаўляюцца на выстаўках (ну, можа, толькі ў час буйных дат і юбілееў), пра іх піша мала хто з мастацтвазнаўцаў. Канешне, добра, калі хтосьці з ветэранаў пакінуў падрабязныя ўспаміны пра тыя “свінцовыя, парахавыя” гады вялікіх выпрабаванняў, як гэта зрабілі ў сваіх кнігах партызаны Віктар Грамыка і Мікалай Абрыньба, а ў сродках масавай інфармацыі — Мікалай Гуціеў, які ваяваў разам з Абрыньбам у партызанскай брыгадзе “Дубава” на Ушаччыне. Але такіх мастакоў-мемуарыстаў — адзінкі.

/i/content/pi/cult/534/11606/14-7.jpg

Калі гавораць пра беларускую графіку эпохі Вялікай Айчыннай вайны, то звычайна ўспамінаюць менавіта гэтыя імёны, радзей — Сяргея Раманава, Уладзіміра Сухаверхава, Соф’ю Лі, Генрыха Бржазоўскага, Мікалая Гурло, Леаніда Бойку, Анатоля Агафоненку і некаторых іншых партызанскіх мастакоў, хто вышукваў моманты паміж баямі, каб зарысаваць свае ўражання ад таго, што адбывалася навокал. Але паступова, маленькімі кавалачкамі, складваўся выяўленчы летапіс партызанскай барацьбы ў Беларусі. Ды ўсё ж асабістых успамінаў лясных байцоў пра тое засталося вельмі мала…

Сяргей Рыгоравіч Раманаў, герой майго сённяшняга матэрыяла, яшчэ пры жыцці паспеў расказаць мне і майму калегу Мікалаю Ганчарову (мы часам ўдвух заходзілі ў майстэрню мастака), праўда, даволі скупа, пра сваю партызанскую “адысею” ў рагачоўскіх, усакінскіх, клічаўскіх і быхаўскіх лясах. Тады ў мяне яшчэ не было ніякага дыктафона, і некаторыя запісы яго ўспамінаў даводзілася рабіць алоўкам, як бы мімаходзь. Хаця далёкіх перспектыў на тое, што праз нейкі час гэтыя запісы камусці спатрэбяцца, у мяне тады, на жаль, не было. І з часам некаторыя з іх былі проста згублены, як і частка запісаў унікальных маналогаў масквіча, колішняга партызанскага разведчыка Мікалая Абрыньбы. Помню, па прыездзе з Масквы ў Мінск ён мне шмат чаго расказваў пра тое, як трапіў у палон пад Вязьмай, як збег адтуль і аказаўся ў партызанскай брыгадзе генерал-маёра Фёдара Дуброўскага разам з Мікалаем Гуціевым, як змагаўся з ворагам у лясах Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, як 1 мая 1943-га стварыў там адзіную такога кшталту лясную карціную галерэю, і наогул — як паміж баямі і баявымі заданнямі маляваў жывапісныя палотны…

Але гаворка зараз пра Сяргея Раманава. Пачну, як заведзена, з біяграфіі, бо ў дадзеным выпадку гэта важна для разумення яго наступнага жыцця ў Беларусі. І хаця ён — рускі, лёс зрабіў яго, так бы мовіць, сапраўдным беларускім мастаком і па вобразе думак, і па шырыні ды глыбіні творчых інтарэсаў, і па сталай увазе да беларускай гісторыі і сучаснасці. Дарэчы, у ягонай творчай спадчыне — добрыя ілюстрацыі да кніг Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Эдзі Агняцвет, Максіма Танка, Алеся Якімовіча, Аляксея Карпюка, Алеся Савіцкага… Вельмі ўдала атрымаліся вокладка ды гуашныя ілюстрацыі да кнігі Уладзіміра Карпава “Нямігі крывавыя берагі” і зборніка “Ніколі не забудзем”.

Так, Сяргей Раманаў нарадзіўся ў Маскве ў сям’і рабочага ў верасні 1914 года, калі па Еўропе ішла Першая сусветная вайна (Вялікая, як яна тады называлася), і яго ранняе дзяцінства якраз выпала на бурныя гады Грамадзянскай вайны. З той пары ў памяць назаўсёды ўрэзаліся матросы са скрыжаванымі кулямётнымі стужкамі на грудзях, людзі ў цывільнай вопратцы з вінтоўкамі за плячыма, двухколкі са снарадамі… А яшчэ запомнілася, як — гэта ўжо пасля Грамадзянскай вайны — летам усёй сям’ёй выязджалі на адпачынак у вёску Дзятлава, што непадалёк — ад станцыі “Шахоўская”. Там, на беразе Рузы, Сярожа любіў праводзіць канікулы разам з пяццю братамі. Тут юнак навучыўся араць, касіць, малаціць збожжа, калоць дровы. Гадзінамі блукаў па лесе, вудзіў рыбу, дапамагаў старэйшым у сялянскай працы. Потым усё гэта неаднойчы адгукнецца ў творчых задумах мастака. Ну, а што мастацтва? “Родны брат майго бацькі, Фёдар, — прыгадваў Сяргей Рыгоравіч, — быў самадзейным мастаком. Ён хадзіў на заняткі ў рабочую студыю ды часам браў з сабою і мяне. Я ўпадабаў багацце фарбаў і пачаў сам тое-сёе рысаваць. Але, канешне, любіў наведваць Траццякоўку: там мне падабалася літаральна ўсё. І здзіўляўся, як такую прыгажосць мог зрабіць чалавек?..”

Пасля школы па патрабаванні сям’і Сяргей паступае навучэнцам на токара ў ФЗН авіязавода імя Фрунзэ. А ў гэтым вучылішчы чарчэнне выкладаў Васіль Крайнеў, мастак-пейзажыст, вучань Абрама Архіпава і Апалінарыя Васняцова. Юнаму Раманаву вельмі падабалася белізна паперы, пявучасць ліній, а таксама чарцёжныя інструменты. І сам пачаў рысаваць пад уплывам падмаскоўных лірычных пейзажаў настаўніка. Асабліва ўдаваліся гумарыстычныя і сатырычныя малюнкі. Адзін з іх нават быў надрукаваны ў заводскай шматтыражнай газеце “Авіяматор”. А потым і другі малюнак “Мне нічога на свеце не трэба…” — супраць п’янства на вытворчасці. Тады Крайнеў накіраваў таленавітага юнака на курсы мастакоў-пачаткоўцаў пры часопісе “Крокодил”, і, працуючы токарам на заводзе, Раманаў цягам двух гадоў наведваў іх. У гэты час ён пазнаёміўся з Кукрыніксамі, з якімі сустракаўся ў іх майстэрні на Нікольскім бульвары. Яны паглядзелі замалёўкі Сяргея і, паляпаўшы яго па плячы, сказалі: “Будзеш мастаком…”

Пасля гэтага Сяргей Рыгоравіч сур’ёзна стаў падумваць аб прафесійнай адукацыі. У 1935-м паступае ў Маскоўскае абласное мастацкае педагагічнае вучылішча памяці паўстання 1905 года, дзе трапіў да такіх знакамітых настаўнікаў і творцаў, як Пётр Пятровічаў, Георгій Ражскі і Мікалай Крымаў. Дарэчы, прыкладна ў той жа час тут вучыліся будучыя беларускія мастакі — жывапісец Пётр Данэлія і графік Пётр Дурчын.

Праз чатыры гады Раманаў паспяхова скончыў вучобу і быў прызваны на службу у Чырвоную армію. І тут не развітваецца ён з алоўкам і блакнотам. Ён робіць замалёўкі з салдацкага жыцця, выконвае партрэты таварышаў, афармляе чырвоныя куткі і насценгазеты. З той пары захаваліся такія малюнкі, як “Баец Чырвонай арміі” і “У каравульным памяшканні”. А ўжо ў 1940-м наш герой прымае першае баявое хрышчэне: удзельнічае ў вызваленні Бесарабіі. За добрую службу і грамадскую работу камандаванне палка прэміравала маладога салдата 10-дзённым адпачынкам — паездкай да бацькоў, у Маскву. “Гэта быў рэдкі выпадак, — прыгадваў Раманаў, — калі ў той складаны для краіны час прадстаўляўся кораткатэрміновы водпуск салдата на пабыўку дадому. На радасцях мы з палкавымі пабрацімамі нават адсвяткавалі такую ўдачу.

Але скарыстацца такой шчаслівай магчымасцю мне не ўдалося: на наступны дзень, у нядзелю, пачалася вайна. Аднак, дазнаўшыся аб тым, што нашы войскі адкінулі на румынскай граніцы за раку Прут ворага, я зрабіў на гэтую тэму сатырычны малюнак, які 24 чэрвеня быў надрукаваны ў акруговай газеце “Красная Армия”...” Буйным планам мастак намаляваў чырвонаармейца-пераможца, які штыкавым ударам змятае з берага ракі фашыстаў. Кампазіцыя была ўдала выбудавана па дыяганалі, што надало ёй яшчэ большых дынамізм і значнасць. Тады, у першыя дні вайны, здавалася, што пераможны канец фашызму не за гарамі. Нездарма, аптымістычная песня “Калі заўтра вайна…” была адной з любімых у народзе і арміі.

Але цяжкія першыя месяцы адступленняў, гібель мірных людзей пад бомбамі і снарадамі, ушчэнт разбураныя гарады і вёскі паказалі, што ўсё не так проста. Потым было акружэнне і палон. Чырвонаармеец Раманаў па этапе быў накіраваны ў жудасны фашысцкі канцлагер. Так ён паўтарыў лёс і іншых нашых будучых мастакоў, якія ў розныя часы прайшлі гітлераўскія канцлагеры — Пятра Данэліі, Міхаіла Савіцкага, Эдуарда Куфко, Аляксандра Мазалёва, Данілы Парахні, Мікалая Гуціева, нашага зямляка, ленінградца Яўсея Маісеенкі.

З вялікімі цяжкасцямі Раманаву ўдалося ажыццявіць уцёкі з лагера. Доўга давялося прабірацца праз акупіраваную ворагам тэрыторыю ў бок Беларусі. І напрыканцы лютага 1943 года Раманаў выйшаў у Азярынскія лясы, дзе трапіў да беларускіх партызан. Менавіта тут дыслакавалася 8-я Рагачоўская партызанская брыгада і базіраваўся Рагачоўскі падпольны райкам КП(б) Беларусі. Гэта брыгада, створаная ў пачатку 1943-га паводле загаду Клічаўскага ваенна-аператыўнага цэнтра на базе 255-га, 256-га і 257-га партызанскіх атрадаў, пад кіраўніцтвам Фёдара Тарасевіча дзейнічала на тэрыторыі Рагачоўскага, Журавіцкага, Буда-Кашалёўскага, Клічаўскага, Кіраўскага, Быхаўскага, Бярэзінскага раёнаў. Вось так, да канца ліпеня 1944 года, калі партызаны злучыліся з часцямі Чырвонай арміі, Сяргей Раманаў знаходзіўся ў складзе камсамольска-маладзёжнага атрада гэтай самай знакамітай 8-й Рагачоўскай, якая ў сакавіку 1944-га была пераўтворана ў Рагачоўскую ваенна-аператыўную групу пад кіраўніцтвам Васіля Чысцякова.

Для ўчарашняга чырвонаармейца Раманава пачалося суровае і багатае на падзеі партызанскае жыццё. Амаль кожны дзень, як прыгадваў Сяргей Рыгоравіч, змяняліся абставіны. Баявыя аперацыі, блакіраванне лясоў немцамі, зводкі з франтоў, раёнаў і вобласці аб дзеяннях партызан, паведамленні аб злачынствах ворага над мірнымі жыхарамі — усё гэта хвалявала яго як народнага мсціўца і мастака. І ён, па магчымасці, як мага больш імкнуўся занатаваць гэтыя падзеі з дапамогай алоўка. Усе свае малюнкі Раманаў насіў у заплечным рэчавым мяшку ў вокладцы ад фотальбома. На рэмені — граната-лімонка, праз плячо — сумка з патронамі і трохлінейка Мосіна. Так ён заўсёды і хадзіў — пры такой амуніцыі…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"