Вачыма Ларывона-мухі

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Амаль сур’ёзна пра смешнае
Але часам было не да смеху. Сельскагаспадарчыя рэформы імпульсіўнага Хрушчова праваліліся. І, як у 1920-я на Тамбоўшчыне, як у 1930-я пад час галадамору, па СССР пракаціліся хвалі массавых выступленняў. Тое ўжо не сем гадоў турмы за “уцэнены” анекдот… Прыспеў час прыкусіць языкі — такая вось “адліга”. Анекдоты пра генсека станавіліся ўсё больш злоснымі.

/i/content/pi/cult/534/11605/14-6.jpg(Працяг. Пачатак у рубрыцы "Прыватная гісторыя".)

“Хрушчоў заходзіць у краму:

— Таварыш прадавец, ці ёсць у вас лязо для галення?

— Няма.

Хрушчоў сыходзіць. Калега пытаецца ў прадаўца:

— Чаму ты сказаў, што ляза няма? Іх жа цэлы кораб!

— А таму, што ён назваў мяне таварышам. Дык няхай голіцца сярпом!”

Краіна кацілася ў галодную прорву. Крамлёўскія “небажыхары” ўрэшце адсунулі Хрушчова ад дзяржаўных спраў. Смяшлівы савецкі народ рэагаваў імгненна — у традыцыях Ларывона-мухі...

Той, хто заняў месца Хрушчова, адразу ж стаў, аб’ектам анекдотаў. Тым больш, што нагоду для насмешак давалі некаторыя рысы новага лідара.

Перыяду “царавання” кожнага кіраўніка СССР яго паслядоўнік даваў азначэнне. Так, дзесяцігоддзе праўлення Хрушчова назвалі “валюнтарызмам”, а брэжнеўскі перыяд — “стагнацыяй”, “застоем”. Хаця ідэолагі — паплечнікі Ільіча — называлі той час “развітым сацыялізмам”: туманна, але — ідэйна. А вось Ларывоны-мухі мелі сваё азначэнне:

“Ад Ільіча да Ільіча:

Ад крызіса да параліча”.

Ледзь з’явіўся пры Брэжневе “навуковы” тэрмін “развіты сацыялізм”, як ананімныя жартаўнікі далі яму сваё, таксама “навуковае” ж, тлумачэнне.

“Развіты сацыялізм — гэта калі цяжкасці росту змяняюцца ростам цяжкасцей”.

Краіна па-ранейшаму “пераадольвала” харчовыя “часовыя цяжкасці”.

“Брэжнеў ідзе па Маскве з сакратаром Тульскага абкама, і з апошнім вітаюцца ўсе сустрэчныя.

— Адкуль вас у Маскве ведаюць? — зацікавіўся Генсек.

А той у адказ:

— Гэта ж усё мае землякі-тульчакі: прыехалі ў Маскву па каўбасу”.

Сапраўды, на маскоўскіх вакзалах з’явіліся “каўбасныя электрычкі”, якія штораніцу звозілі ў сталіцу жыхароў Падмаскоўя з пустымі кошыкамі — па харч.

“Замежны карэспандэнт бярэ ў Брэжнева інтэрв’ю:

— СССР — такая вялікая краіна! Як вы наладжваеце забеспячэнне харчам?

Леанід Ільіч у адказ:

— Цэнтралізавана: калгасы звозяць у Маскву харчаванне, а адсюль людзі самі ўсё развозяць па краіне”.

Вастрасловы-“мухі” сфармулявалі шэсць асаблівасцей сацыялізму:

“У СССР няма беспрацоўя, але ніхто не працуе. Ніхто не працуе, але план выконваецца. План выконваецца, але нічога няма. Нічога няма, але ў кожнага ўсё ёсць. У кожнага ўсё ёсць, але ўсе незадаволены. Усе незадаволены, але галасуюць “за”.

Усё больш прыкметнымі станавіліся ўзроставыя змены ў Генсеку.

“Дыктар тэлебачання:

— Учора ў Крамлі Генеральны Сакратар ЦК КПСС Леанід Ільіч Брэжнеў прыняў нігерыйскага пасла за англійскага і меў з ім гутарку”.

Анекдоты часта не трэба было прыдумваць: іх нараджала само жыццё. Гледачы спектакля “Так пераможам” у МХАТе сведчаць: “Калі на сцэне з’явіўся Калягін у грыме Леніна, Брэжнеў ва ўвесь голас запытаў: “Гэта Ленін — ужо трэба апладзіраваць?”

Па розных крыніцах у Брэжнева было 114, 120 і нават 140 узнагарод. Падлічана, што перад труной неслі падушачкі, а на кожнай не па адной, а па чатыры ўзнагароды.

“Тэлевядучы: “Леанід Ільіч адмовіўся ад вышэйшага ордэна Маўрытаніі — залатога колца ў носе”.

Ці вось яшчэ:

“Мастаку, які пісаў парадны партрэт “дарагога Леаніда Ільіча”, загадалі дарабіць партрэт: пашырыць левае плячо, каб змясціць яшчэ адну Залатую Зорку”.

(Працяг артыкула — у наступных нумарах "К".)

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр