У карэ вітрын

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Новыя экспазіцыі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава развіваюць тэмы ранейшых, аднак яны глядзяць на нас “новымі вачыма”.

/i/content/pi/cult/534/11600/12-1.jpg

Семіятычны падыход да экспазіцыі як да мадэлі культурнай прасторы працягнуты. Ён дае магчымасці новых адкрыццяў і новых прачытанняў, паколькі матэрыял істотна ўзбагаціўся знаходкамі, а самі даследчыкі за чатырнаццаць гадоў перайшлі на больш высокі ўзровень прафесіяналізму. Трэці паверх традыцыйна аддадзены кніжнай культуры стараверскай Веткі.

Унікальнасць яе заключаееца не толькі ў рарытэтах першадрукароў Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца (а гэта кнігі, якім па 450 гадоў!). Больш уражвае, што кнігі чыталіся і перадаваліся з рук у рукі дзясяткамі пакаленняў, захоўваліся ў хатах, у сем’ях, у кніжнай культуры нашых продкаў. Таму ў зале налічнікі мясцовых дамоў і нават цэлыя часткі іх, “успаміны, выразаныя з часу”. Цяпер вокны “насяляюць” апосталы са старажытных Евангелляў. У знак таго, што ў гэтых дамах жылі кнігі і іх чытачы, і самі кніжныя майстры — пісцы-каліграфы, мастакі рукапісаў, пераплётчыкі... Усе яны данеслі Кнігу да нас. Таму і абавязковы інтэр’ер: куток кніжных спраў майстра.

Наперадзе, у вітрынах паміж прасветамі інтэр’еру, прадстаўлены тэмы: як рабілі кнігу ў даўніну, як рэстаўравалі фаліянты пераплётчыкі. А яшчэ — унікальныя гістарычныя запісы на старонках. І рарытэты XVI стагоддзя, і развіццё кніжнага дэкору ў XVIII-м. А ў цэнтры залы — карэ празрыстых вітрын з кнігамі ў шыкоўных пераплётах: шыццё, чаканка, аксаміт, зашпількі, навугольнікі, эмалі...

Тут жа, унізе, пад шэдэўрамі, — выдавецкая прадукцыя самога музея на “кніжную тэму”: каляндарыкі, закладкі, размалёўкі, паштоўкі, а таксама ўласныя фаліянты — манаграфіі. Яшчэ ў гэтай зале, у “краіне старонак”, — комплексы, прысвечаныя манускрыптам. Кожны ўпрыгожаны рукапіс прадстаўлены ў арыгінале. Але над ім — павялічаныя мініяцюры і арнаменты, быццам яны ўзляцелі ўгару. І залочаныя “пляцёнкі” Евангелля XVI стагоддзя. І “птушынае царства” “Свят” мясцовай работы пачатку XIX стагоддзя. І дзясяткі ўзораў буквіц-ініцыялаў — такіх разнастайных, што нідзе, акрамя як у Ветцы, — не знойдзеш. Адна, напрыклад, стаіць на нагах-лапах. Але кожная кіпцюрыстая лапа ператвараецца на нашых вачах у птушку — а гэта ўжо тэраталогія, то бок фантастычнае злучэнне геаметрыі, раслін, істот трох светаў. І далей — пайшло-паехала!

Налічнікі падобныя на дамы са стрэхамі. А на некаторых — разныя кароны з дзіўнымі арнаментамі. І вельмі падобныя на старадаўнія старонкі кніг. А тыя — на дамы. Вядома, што стараверы “брали образцами для резьбы украшенные рукописи, коих у них всегда довольно было…”. Гэта заўважана было яшчэ ў XIX стагоддзі. Тая ж геаметрыя, знакі, расліны і істоты. Часам яны зрошчаны ў адну фігуру, як тая буквіца “П” з лапамі-птушкамі. Колькі ж вякоў гэтай практыцы? І чаму дайшла яна нават да XX стагоддзя?

Сёння веткаўская калекцыя элементаў разнога архітэктурнага дэкору ў народнай традыцыі, мабыць, унікальная. Вось — сабраныя, прывезеныя, адрэстаўраваныя, дзіўныя звяры і знакі. Коні, драконы-цмокі, птушкі, зоркі, стрэлы, росты і дрэвы, колы і дзіды. Вось — лічыны-абліччы, што прарастаюць стрэлападобнымі парасткамі. Вось — абліччы, што прарастаюць птушкамі-галубамі і птушкамі-варонамі. Такой злучанай тэраталогіі на старонках рукапісаў, што дайшлі да нас, ужо не сустрэнеш.

Але ўзгадайце кніжныя помнікі XII — XIV стагоддзяў. У тым ліку, і наўгародскія, і беларускія. Іх птушкі-драконы-звяры, сплеценыя рамянямі, прарастаюць растамі. Былі такія рукапісы і на Веткаўскай зямлі. Зараз па ўзорах налічнікаў можна толькі выказаць здагадку, што за таямніцы яны захоўвалі... А яшчэ прыгадайце старажытную хрысціянскую архітэктуру — ці не тыя ж матывы? І ў ювелірным мастацтве — ажно да “звярынага стылю”. Углыб стагоддзяў сыходзіць узаемная размова. Відаць, так чалавек уплятаў і сябе ў мудрасць старажытнай касмалогіі. І нашы людзі ведалі гэта!

Наогул, сама зала — з апорна-бэлечнай сістэмай новага дызайну — прастора-мадэль будынка наогул. Таму так натуральна ён змог упісаць у сябе архітэктурныя кампазіцыі — экстэр’ер і інтэр’ер. Самі кнігі — каштоўнасці — шчасліва зажылі ў зручных вітрынах. Прыступкавы шэраг галоўных пяці — нясе карабельную думку: усё вышэй, і вышэй... Адушаўлённасць су-творчасці, су-тварэння, су-быцця чалавека і мастацкага тэксту дае надзею. Калісьці вельмі пажылая жыхарка Слабады Леонцьевай Ірына Тарасянкова ўбачыўшы ў музеі рукапісную кнігу, упрыгожаную майстрам яшчэ ў яе дзяцінстве, усклікнула: “Родненькая мая! Вось і давялося стрэнуцца! Быў бы жывы мой дзядуля — ён апрануў бы цябе ў новую адзежку!”

Абедзве часткі гэтага адкрыцця-вокліча мы імкнуліся ўвасобіць у нашай новай экспазіцыі.

Галіна НЯЧАЕВА, дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава