Натура дзейная, і не толькі музейная

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Днямі 70-годдзе адзначыў вядомы дзеяч айчыннай культуры — старшыня Беларускага фонду культуры, старшыня Беларускага камітэта Міжнароднай рады па помніках і гістарычных мясцінах ІКАМОС, галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” Уладзімір ГІЛЕП. Калі гаварыць пра найбольш вызначальныя для гэтай асобы рысы характару, дык, на маю думку, гэта — цэльнасць і паслядоўнасць. Бо дзе б Уладзімір Гілеп ні працаваў — на пасадзе музейнага супрацоўніка, першага намесніка міністра культуры Беларусі ці кіраўніка грамадскай арганізацыі, — ён заўсёды рабіў значную справу: ствараў музеі, дбаў пра адраджэнне помнікаў, ушанаванне славутых імёнаў Бацькаўшчыны, вяртанне культурных каштоўнасцей — увогуле пра гістарычную памяць, падтрымліваў традыцыйную культуру. Калі я папрасіла Уладзіміра Аляксандравіча расказаць пра сябе, дык пачаў ён з далёкіх 40-х мінулага стагоддзя, са свайго ваеннага дзяцінства ў вёсцы Острава на Капыльшчыне.

 /i/content/pi/cult/153/1160/Sub-sustreshy.jpg
— Была, — распавядае Уладзімір Гілеп, — звычайная сітуацыя: бацькі ваявалі, а матулі як толькі маглі ратавалі сваіх дзяцей, каб не перапыніўся род, кааб па вяртанні мужа ўручыць яму дзяцей са словамі: “Я іх зберагла!” Гэта тое, што сказала мая маці, калі бацька, ідучы ад Сталінграда на Берлін праз родную вёску, забег на дзве гадзіны дадому, а потым пайшоў далей і ледзь не загінуў у чужой старане. Гэта быў іх лёс. Наш лёс — дзяцей вайны — таксама быў вельмі цяжкі.

Бацька быў вайскоўцам, на вайне 5 разоў паранены, але, на шчасце, усё-ткі вярнуўся. Сям’я пераязджала з месца на месца, і я пераходзіў з адной школы ў другую: у Германіі, у Расіі, на Украіне.

Скончыць школу давялося ў Слуцку. Ганаруся тым, што я выпускнік першай у Беларусі агульнаадукацыйнай навучальнай установы — Слуцкай школы № 1 (сёння гэта гімназія), якую адкрыў яшчэ адзін з Радзівілаў і якой не так даўно споўнілася 390 гадоў. Праз 10 гадоў, такім чынам, будзе 400-годдзе не толькі маёй школы, але і ўвогуле сістэмнай адукацыі на Беларусі. Таму ў мяне наступная прапанова да Міністэрства культуры

і Міністэрства адукацыі: адрэстаўраваць за час, які застаецца да гэтай даты, стары

школьны будынак (сёння гімназія працуе ў сучасным будынку побач), зрабіўшы яго, з аднаго боку, турыстычным аб’ектам, а з іншага — элітным памяшканнем, дзе навучаліся б гімназічныя класы, спаборнічаючы за права праводзіць заняткі менавіта ў гэтых гістарычных сценах.

Я патрыёт сваёй школы яшчэ і таму, што менавіта тут пачаў вывучаць беларускую мову. Як сын вайскоўца я быў ад яе вызвалены, і некаторы час мне гэта здавалася натуральным. Але аднойчы любімы настаўнік-гісторык, дарэчы, рускі па нацыянальнасці — Агееў, зайшоўшы на ўрок беларускай мовы і пачуўшы, што я яе не вывучаю, сказаў: “Перадайце

Гілепу: калі ён беларус, дык ён павінен ведаць сваю родную мову”. Тады я задумаўся, стаў хадзіць і на гэты прадмет. Каб вывучыць мову, выпісваў “Звязду”, якая і да сёння застаецца маёй газетай.

Далей былі праца на заводзе запасных частак у Мінску, тры гады службы ў арміі. Потым вучоба на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта і праца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром, намеснікам дырэктара. Для мяне гэта былі гады цікавыя і плённыя: фарміраваліся экспазіцыі музеяў, ствараўся мемарыяльны комплекс “Хатынь”, у тым ліку і пры маім удзеле. Зрэшты, я лічу, што

гэта мемарыял ахвярам Другой сусветнай вайны сусветнага маштабу.

Праз нейкі час, — працягвае Уладзімір Аляксандравіч, — давялося змяніць месца працы. Прызначылі нечакана інструктарам аддзела культуры ЦК КПБ, што напачатку мяне засмуціла, бо адцягвалася на невядомы час мая мара стаць археолагам.

Пытанне: “Хіба нельга было адмовіцца?” выклікала ў спадара Гілепа ўсмешку:

— Вы гэта сур’ёзна? Тады дзейнічалі іншыя правілы: партыя сказала “Трэба!” — камуністы адказалі “Ёсць!”. Але ў ЦК я займаўся той самай работай, што і дагэтуль. Ізноў жа, з маім актыўным удзелам, ствараўся шэраг цікавых музеяў — Музей Беларускага Палесся, наш скансен — Дзяржмузей народнай архітэктуры і побыту, з’явіўся першы гісторыка-экскурсійны маршрут вакол Мінска — рашэнне на гэты конт падпісаў Пётр Міронавіч Машэраў. Шмат займаліся мы і Летапісам народнай славы, які потым перарос у серыю кніг “Памяць”.

Падрыхтоўка летапісу,— паглыбляецца ва ўспаміны Уладзімір Аляксандравіч, — ішла з вялікімі цяжкасцямі. У ЦК КПСС, па сутнасці, забаранілі яго рабіць.

Каб адстаяць наш пункт гледжання, сакратар ЦК КПБ Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін узяў з сабой у Маскву загадчыка аддзела культуры ЦК Аляксандра Петрашкевіча і мяне. У Маскве сказалі: “Тпру!”. Прычына была... важкая. Сакратар ЦК КПСС Міхаіл Зімянін прывёў наступны довад: “Нашто вы будзеце гэтым займацца, калі свайго летапісу яшчэ не стварылі ні Расія, ні Украіна?” Мы ехалі назад у цягніку, панурыўшы галовы. Нарэшце Аляксандр Трыфанавіч, упершыню ў сваім жыцці не паслухаўшыся таго, што параілі ў ЦК КПСС, сказаў: “А летапіс мы ствараць будзем!”

— Гэты летапіс, кнігі “Памяці”,— працягвае мой суразмоўца,— надзвычай важныя не толькі самі па сабе. Праца над кнігамі “Памяць” дала штуршок даследаванням гісторыі кожнага раёна, стварэнню цэлага шэрагу музеяў, наогул прывяла да музейнага буму на Беларусі!

На пасадзе першага намесніка міністра культуры краіны, якую ён займаў з 1982-га па 1996-ы год, Уладзімір Аляксандравіч курыраваў акурат музейную справу.

— Неяк узяўшы ў рукі міністэрскі даведнік, я падлічыў, што за гады маёй працы ў Міністэрстве створана — колькі б вы думалі? — 100 новых музеяў і філіялаў. Сапраўдны музейны бум! Недзе 70-ццю з іх я займаўся асабіста, выязджаючы на месцы, месяцамі працуючы ў рэгіёнах. Некаторы час, адпаведна загаду па Міністэрстве культуры, быў адначасова і першым намеснікам міністра, і дырэктарам Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.

— Што яшчэ са зробленага тады ўзгадваеце з асаблівым пачуццём?

— Чым я ганаруся? А вельмі многім: што меў дачыненне да стварэння Музея кнігі ў Полацку, Веткаўскага музея народнай творчасці, Музея Валенція Ваньковіча, Музея Адама Міцкевіча ў Завоссі.

Яшчэ адзін найцікавейшы праект — Нясвіжская акадэмія. Гэта сумесная праграма Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры і мастацтва Польшчы па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне захавання гістарычнай спадчыны, культурных ландшафтаў у шырокім разуменні гэтага слова — гістарычных сядзіб і палацаў з іх атачэннем — прыродным і штучным. Вучацца ў Нясвіжскай акадэміі спецыялісты з Усходняй Еўропы, а найперш — з тых краін, у якіх спецыялістаў па зберажэнні культурных ландшафтаў больш ніхто не рыхтуе, — з Беларусі, Літвы, Украіны. Ганаруся і тым, што ў час маёй работы ў Міністэрстве ўпершыню з’явіліся законы аб музеях, бібліятэках, народнай творчасці, ахове помнікаў.

— Пра работу Беларускага фонду культуры наша газета неаднойчы пісала. Над чым працуеце ў фондзе сёння?

— Як вядома, грамадскасць праз Фонд культуры ўвесь час рэалізуе і як бы апрабіруе пэўныя праграмы, якія потым часта падтрымлівае і дзяржава.

Адна з такіх вялікіх праграм — выданне кніжнай серыі “Вяртанне” (“Сумеснае выкарыстанне і вяртанне архіўных, бібліятэчных і музейных каштоўнасцей, якія захоўваюцца за межамі краіны”). Пабачылі свет ужо 7 тамоў, падрыхтаваны да выдання яшчэ адзін.

І гэтая праца будзе працягвацца, але ўжо, спадзяюся, у межах дзяржаўнай праграмы і пэўных дакументаў па гэтай тэме, якія сёння падрыхтаваны сумесна Міністэрствам культуры і Міністэрствам замежных спраў. Менавіта ў нашым фондзе ўзнікла ідэя правядзення конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Зараз гэты конкурс праводзім сумесна з Міністэрствам культуры. Яшчэ адна цікавая праграма — “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”: вяртанне сучаснікам імёнаў знакамітых людзей, пра беларускае паходжанне якіх не ўсе ведаюць, — такіх, да прыкладу, як Міхаіл Глінка, Соф’я Кавалеўская, Фёдар Стравінскі, Мікалай Ястржэмбскі. На гэтую тэму таксама выдадзена дзве кнігі, падрыхтавана трэцяя, а ўсяго ў нашым спісе каля 250 такіх імёнаў. І, безумоўна, велізарны кавалак працы — выданне “Краязнаўчай газеты”, якая з’яўляецца

неад’емным клопатам нашага фонду.

— Уладзімір Аляксандравіч, вы займаліся стварэннем многіх цікавых музеяў. Якога, на вашу думку, музея яшчэ няма, але ён патрэбен?

— Музея песні! Музеяў бульбы, лёну. Музея солі— у Салігорску! Зрэшты, адным з самых цікавых мог бы стаць нават Музей дзіцяці — як музей традыцыі. З расповедам пра тое, як у народзе традыцыйна гадавалі дзяцей, як клапаціліся, каб яны выжылі, выраслі моцнымі. У народзе практычна не было штучнага кармлення немаўлят. Калі маленькае дзіцятка прыхварэла, не давалі яму адразу таблетку ці ўкол, а нечым жа лячылі. Успомніць бы гэта ўсё! У народным досведзе шмат такога, што і сёння спатрэбіцца. Узгадаць, ізноў жа, народную педагогіку. А якія прыказкі, прымаўкі, казкі, песні складзены народам на тэму выхавання дзіцяці! Я да чаго гэта ўсё кажу? Сёння стаіць задача развіцця турызму. Каб максімальна прыцягнуць турыстаў у музеі, трэба, каб гэтыя ўстановы былі самыя разнастайныя!

— А якую тэму ці праблему вы лічыце ў сённяшняй культуры самай актуальнай?

— Самая надзённая праблема — пазбавіцца ад двайных стандартаў. Існуюць паасобку культура як бы прэзентацыйная і тая, якую стварае народ. Быў час, калі мы выводзілі носьбітаў традыцыйнай культуры на лепшыя сталічныя пляцоўкі. Лічу, што трэба і сёння гэта рабіць больш шырока. Каб людзі, тыя ж гараджане, ведалі, што ў нас ёсць і выдатная традыцыйная культура, вартая таго, каб яе шанавалі разам з матчынай мовай не толькі на сцэне, а і ў паўсядзённым жыцці.

 Ксенія АЛЬШЭЎСКАЯ 

КалектыўКшчыра віншуе свайго сталага члена рэдкалегіі з юбілеем і зычыць яму моцнага здароўя і плёну ва ўсіх пачынаннях!