Мясціны Агінскага

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Аляксей ФРАЛОЎ, мастацкі кіраўнік фестывалю “Год Агінскага”
2015-ы, як вядома, абвешчаны ЮНЕСКА Годам Агінскага, бо сёлета спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння гэтага слыннага дыпламата, мецэната, музыканта, патрыёта. Імя і творчасць.

/i/content/pi/cult/534/11599/5-2.jpgМіхала Клеафаса неабходна папулярызаваць незалежна ад юбілейных урачыстасцей, але апошнія даюць для гэтага дадатковыя падставы. Калі раней наш ансамбль “Вытокі” рэгулярна ўключаў у свае праграмы яго творы і нават ладзіў цыклы канцэртаў, дык цяпер гэта было б надта “сціпла”. Саспела ідэя зрабіць фэст, далучыць да яго іншых музыкантаў і калектывы.

Зразумела, асноўныя падзеі прыпадуць на адноўленае Залессе, што на Смаргоншчыне, — “Паўночныя Афіны”, як называлі калісьці гэты маёнтак. Першы з канцэртаў фестывальнай праграмы, дарэчы, там ужо адбыўся. Адраджэнне Залесся як унікальнага музычнага цэнтра можна лічыць галоўнай мэтай фестывалю. Палац Агінскага ў яго эпоху быў сапраўднай “Сядзібай Муз” — ён павінен ёй стаць і ў наш час!

Фэст закране таксама іншыя рэгіёны Беларусі. Канцэрты, прычым без аніякай фінансавай дапамогі, плануюцца на Пастаўшчыне — у касцёле вёскі Лучай, у музычных каледжах імя Агінскага і Салярцінскага — у Маладзечне і Віцебску адпаведна, у Слонімскай дзіцячай школе мастацтваў. Не абмінём мы і сталіцу: выступім у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Канцэртнай зале “Верхні горад”, у зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Праедзем мы і замежнымі маршрутамі лёсу Агінскага. Яшчэ да згаданага канцэрта ў Залессі “Вытокі” выступілі ў Небарове (Польшча), дзе ёсць палац, які калісьці належаў Міхалу Клеафасу. Там захавалася шмат аўтэнтычных прадметаў інтэр’ера: мэбля, жывапіс, ляпніна. Адна з удзельніц ансамбля — Ірына Аўдзеева — грала на раялі, якому 120 гадоў і які належаў гаспадарам маёнтка — Радзівілам. Мы выконвалі там музыку не толькі юбіляра, але і кампазітараў яго эпохі, а таксама іншых прадстаўнікоў славутага роду Агінскіх. Цікава, што некаторыя творы гучалі там упершыню пасля больш як двухсотгадовага забыцця: мы нанова адкрылі іх для прыхільнікаў. Наведалі мы і Гузава — месца нараджэння Міхала Клеафаса. Цікава, што слухачы былі не толькі з Польшчы, але і з Беларусі.

Фестывальную геаграфію плануецца папоўніць выступленнямі ў Літве, Італіі — ажно да снежня: Год Агінскага працягваецца!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"