Ноч за ноччу

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Запатрабаванасць сёлетняй Ночы музеяў — навідавоку. Фотаздымкі, на якіх былі бачныя вялізныя чэргі ў Нацыянальныя мастацкі і гістарычны музеі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, у Музей гісторыі беларускага кіно ды іншыя, мае “фрэнды” і не толькі з ахвотай выкладалі ў сацыяльныя сеткі. Відаць, многія з тых, хто не "варыцца" ў культурным "соку" атрымалі пэўны шок ад увагі да музейнай прасторы. Мо самы час пачынаць акцыю “Ноч музеяў-2”, каб паўтарыць поспех, прынамсі, яшчэ раз цягам года. Мяркую, адбою ад ахвотных пабываць, скажам, жнівеньскай ноччу — пры летнім культурным голадзе — ў музеі ды яшчэ і з адмысловай праграмай, будзе не менш, чым на свята ў маі…

/i/content/pi/cult/534/11593/4-22.jpgАле ж, натуральна, у астатнія 364 ночы падобныя імпрэзы ў многіх музейных установах Беларусі зладзіць не атрымаецца… Таму зноў паўстае вострае пытанне, якое я задаваў чытачам напрыканцы матэрыяла пра Ноч музеяў у мінулым нумары ”К”: а ці спрыяе гэтая маштабная акцыя папулярнасці музейных устаноў краіны наогул, па-за кантэкстам свята?

На мой запыт ніхто пакуль не адгукнуўся. Буду спадзявацца, што хтосьці ўсё ж выкажацца. Бо справа, пагадзіцеся, вартая: імідж і запатрабаванасць айчынных музеяў “начныя” акцыі хоць і падвышаюць, але ж, мяркую, не надта надоўга… Магчыма, толькі на адну ноч. Дык як зрабіць, каб такіх папулярных “начэй” і “дзён” было больш?

Так, буйныя музеі могуць ладзіць прадстаўленні ды акцыі, запрашаць акцёраў ды музыкантаў, рабіць перформансы. Прычым, немалаважна тое, што рабіць гэта яны здольны даволі часта. Хто ж ім забараняе зладзіць у сваіх сценах ці на музейным падворку вулічны спектакль альбо цікавую імпрэзу, выцягнуўшы са сваіх запаснікаў цікавыя экспанаты, якія ў стацыянарную экспазіцыю не змясціліся ці пакуль “не ўпісаны” ў яе належным чынам? Глядзіш, і папулярнасць асноўных музейных выставак павялічыцца на парадак…

Што да раённых музеяў, дык пытанне больш складанае. Тут “Ноч музеяў” сапраўды выступае як акцыя па прыцягненні ўвагі да ўстановы культуры, да яе экспанатаў, яе дзейнасці… Але пасля рэспубліканскай акцыі крэатыўнае жыццё ў такіх раённых музейных установах зазвычай замірае: на новыя акцыі і праекты, як заўсёды, не стае грошай і часу. Ёсць, праўда, яшчэ зменныя выстаўкі, якія час ад часу прывабліваюць да сябе ахвотных паўзірацца ў японскія кімано, у вырабы з бісеру ці ў манеты... Але ж, пагадзіцеся, хочацца большага.

Магчыма, раённым музеям варта ладзіць падобныя зменныя выстаўкі значна часцей, выкарыстоўваючы для гэтага сяброўскія адносіны паміж калегамі з суседніх раёнаў і нават рэгіёнаў, абменьваючыся цікавымі экспанатамі ды ладзячы сумесныя акцыі... Акрамя таго, ніхто не адмяняў і супрацоўніцтва з мытнікамі, якія час ад часу затрымліваць тыя або іншыя музейныя скарбы… Такім "культурным канфіскатам” можна зацікавіць, прыклаўшы пэўныя намаганні па рэкламе выстаўкі ў СМІ.

І яшчэ. Айчынным музейшчыкам цалкам магчыма — паўтару гэтую тэзу ў чарговы раз — зладзіць сумесны цікавы праект са сваімі калегамі з суседніх раёнаў, а таксама з партнёрамі з недалёкіх, прынамсі, краін. Агульнымі намаганнямі можна знайсці грошы, атрымаць грант, арганізацыйную ды прафесійную падтрымку… А калі ў музеі будуць на сталай аснове ладзіцца зменныя выстаўкі, калі ён будзе задзейнічаны ў адным ці нават у двух-трох міжрэгіянальных ды міжнародных праектах, калі стане“гучаць” па тэлебачанні, радыё і ў газетах, — тады і будуць каля яго чэргі, тады будзе ён запатрабаваным 365 дзён цягам года…

Фота Юрыя ЧАРНЯКЕВІЧА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"