Упершыню п’еса была пастаўлена ў 1913 г. у Вільні. Супрацоўнікі музея запрасілі выступіць акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія калісьці ўвасаблялі ці ўвасабляюць цяпер на сцэне персанажаў “Паўлінкі”. Менавіта за гэты
спектакль у 1955 г. тэатр атрымаў званне акадэмічнага. Ужо 65 гадоў “Паўлінка” кожны сезон ідзе на яго сцэне з аншлагам.
Ала Доўгая прыгадала, як прыйшла працаваць у тэатр у 1964 г. Тады для прэтэндэнтак іграць Паўлінку быў конкурс. “Гэтая роля вельмі дабрадатная для актрысы, — лічыць Ала Пятроўна, — яна і лірычная, і камедыйная. Паўлінка ад прыроды вельмі разумная і таленавітая, у яе вобразе Купала паказаў лепшыя рысы беларускай жанчыны. Гэта самая дарагая роля ў маім жыцці.”
Спачатку Паўлінка стала гераіняй апавядання, а потым на яго аснове Купала напісаў п’есу. Сам удзельнічаў у яе пастаноўцы, прысутнічаў на рэпетыцыях. Першы ж спектакль, дзе галоўную ролю выконвала Маркавічанка, прайшоў з шумным поспехам. Пасля прэм’еры ўдзячная публіка падарыла пісьменніку гадзіннік.
Дарэчы, фінал п’есы зазнаў змены. У Купалы пад занавес Якіма арыштоўваюць. Але рэжысёр Малчанаў з дазволу аўтара змяніў канцоўку на больш аптымістычную: Паўлінка з Якімам збягаюць, каб пачаць разам новае жыццё — нялёгкае, але шчаслівае. Гэтае рашэнне падхапіў і Літвінаў.
Перад гасцямі музея выступілі Генадзь Гарбук, які цяпер увасабляе на сцэне Сцяпана Крыніцкага, Алег Гарбуз — выканаўца ролі пана Адальфа Быкоўскага, былы дырэктар тэатра імя Янкі Купалы, а сёння — дырэктар літаратурнага музея Петруся Броўкі Іван Вашкевіч, а таксама актрыса Купалаўскага тэатра Марыя Захарэвіч, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Таццяна Мархель. Упрыгожылі вечарыну ігрой на духавых інструментах вучні сталічных музычных школ № 14 і 17.
Вынік імпрэзы падвяла намеснік дырэктара музея Янкі Купалы па навуцы Ала Сташкевіч:
— “Паўлінка” — жывая спадчына беларусаў. Яна адлюстроўвае наш нацыянальны характар і гумар. У гэтым яе можна параўнаць з “Панам Тадэвушам” Адама Міцкевіча.
Святлана ІШЧАНКА