“Пясняр”. І да Песняра…

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

У панядзелак у Мінску адзначыў сваё першае дзесяцігоддзе Музей Уладзіміра Мулявіна, што месціцца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Родныя, сябры і блізкія знаёмыя Уладзіміра Георгіевіча, удзельнікі ансамбля “Песняры” розных гадоў, вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, навучэнцы сталічных устаноў адукацыі — вось тая публіка, якая сабралася ў гэты дзень у Малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, каб ва ўрачыстай абстаноўцы адзначыць дату ўстановы. Асноўным элементам мерапрыемства сталі фрагменты са спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага “Пясняр” у рэжысуры Валянціны Ераньковай, прысвечанага вялікаму Артысту. Прэм’ера, нагадаем, адбылася напрыканцы мінулага года.

Акцёры ўвасобілі на сцэне філармоніі той фрагмент пастаноўкі, дзе гаворка вядзецца пра ўмоўную сустрэчу Максіма Багдановіча з Мулявіным. Сама пастаноўка ў тых, хто прайшоў бок аб бок з прататыпам яе галоўнага героя праз шмат гадоў, а таксама ў заўзятых тэатралаў, крытыкаў і шараговых гледачоў выклікала меркаванні палярныя. Тое само па сабе ўжо добра: падзея незаўважанай не засталася. Пра тонкасці спалучэння на сцэне біяграфічных і фантасмагарычных рыс у спектаклі прысутныя і распытвалі артыстаў пасля таго, як тыя прапанавалі некалькі сцэн з дзеі.

Мадэратарам нефармальных стасункаў і вядучай імпрэзы стала Святлана Мулявіна-Пенкіна, дырэктар музея, удава Уладзіміра Георгіевіча. Сваімі ўспамінамі аб маэстра дзяліліся розныя людзі, у тым ліку яго калегі — народны артыст СССР, народны артыст Беларусі, кампазітар Ігар Лучанок і заслужаны артыст нашай краіны, шматгадовы саліст ансамбля “Песняры” Анатоль Кашапараў. А скончылася светлае і адначасова прасякнутае нотай суму свята, магчыма, галоўнай песняй у жыцці Уладзіміра Георгіевіча — “Малітвай”, аўтар якой, кампазітар Алег Молчан, таксама быў сярод гасцей. На сцэне з экрана спяваў Геній. Гледачы ў зале, устаўшы, услухоўваліся ў гэтыя вечныя словы, музыку, голас...

Пад фінальныя акорды я спусціўся на другі паверх, дзе, уласна, і размяшчаецца музей, які захоўвае артэфакты, звязаныя з жыццём Чалавека і Музыканта — творчага і паўсядзённага. Гэта адзіная ў Мінску ўстанова такога профілю, якая дае ўяўленне і распавядае аб папулярным беларускім артысце, якi тварыў, лічыце, яшчэ літаральна ўчора. (Урэшце, як музей рок-музыканта і сучаснага музыканта наогул на Беларусі паралеллю можна назваць хіба Клуб-музей Чэслава Нэмэна ў радзінным доме апошняга ў вёсцы Старыя Васілішкі, што на Шчучыншчыне. Я не памыляюся?) Многія з тых, хто ходзіць у філармонію на выступленні айчынных і замежных выканаўцаў, зазірае і сюды: за тыдзень колькасць патэнцыйных наведвальнікаў музея, думаецца, перавальвае за дзве, а то і тры тысячы (калі падлічыць колькасць месцаў у абедзвюх залах філармоніі і лік канцэртаў за гэты перыяд). Такой статыстыцы могуць пазайздросціць многія стацыянарныя музеі. Але калі вы не філарманічны меламан, а жадаеце дакрануцца толькі і канкрэтна да імя эстраднай зоркі Беларусі Нумар Адзін усіх часоў, то існуе і такая магчымасць: праз службовы ўваход ўсе жадаючыя могуць прайсці ў музей, наведванне якога бясплатнае! У прынцыпе, лепшай платай і самай дарагой за сваю творчасць для Уладзіміра Георгіевіча і былі поўныя залы, неабыякавы слухачi ды публіка невыпадковая. Гэтыя людзі і сёння па-ранейшаму побач з Майстрам, з яго песнямі, з яго душой і сэрцам. І так будзе заўсёды...

А мо ўсё ж зрабіць ля філармоніі нейкую вонкавую рэкламу таго, што ў Музей Мулявіна можа патрапіць кожны ахвотны? Мяркую, тое пойдзе толькі на карысць і папулярнасці ўстановы, і памяці пра імя Песняра. Бо гасцей, упэўнены, магло б у ім быць яшчэ больш.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"