Помнік і “жывы” сайт

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

У рэдакцыю працягваюць паступаць лісты, прысвечаныя ўшанаванню Памяці мінулых войнаў. Каб гэтыя паведамленні не згубілі сваёй актуальнасці з-за тэрміну даўнасці і патрапілі на старонкі “Культуры” больш-менш своечасова, мы вырашылі аб’яднаць чытацкія паведамленні ў аглядавы матэрыял.

Метадыст аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Сямашка, да прыкладу, паведамляе, што тэма дзяцей вайны стала цэнтральнай сярод мерапрыемстваў райбібліятэкі. Цыкл мерапрыемстваў для юных чытачоў называецца “70 эпізодаў Вялікай вайны”. Бібліятэкары яшчэ летась занатавалі ўспаміны бярэзінцаў, якія і сталі асновай яскравых відовішчаў. Спачатку ўдзельнікамі акцыі сталі школьнікі раённага цэнтра, крыху пазней — падлеткі з аграгарадкоў “Лешніца” і “Паплавы”.

Уважлівы чытач памятае, што Бярэзінская ЦРБ даўно славіцца тым, што з маладымі размаўляе на іх мове — яркай, нестандартнай, відовішчнай…

А вось сацыякультурны праект Пружаншчыны. Ён, як піша нам дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра з Пружан Вольга Шэпель, называецца “Новае пакаленне — будучыня нашай краіны”. Моладзь мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі вырашыла зрабіць аб’ектам пільнай увагі брацкія магілы чырвонаармейцаў.

Вольга Шэпель расказвае гісторыю помніка, што ўваходзіць у Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. У 1920 годзе ля вёскі Крыніца сутыкнулія часткі Чырвонай Арміі Заходняга фронту і польскія войскі. У баі загінулі 12 чырвонаармейцаў. Па рашэнні Пружанскага рэўкама на магіле герояў устаноўлены помнік — кулямёт “Максім” на пастаменце. Першапачатковы помнік, на жаль, не захаваўся. З 1967 года тут знаходзіцца стэла. Вось яе маладыя работнікі культуры і даглядаюць…

Яшчэ адзін бібліятэчны праект, звязаны з 70-годдзем Вялікай Перамогі. Крэўская, Сасноўская і Сінькаўская сельскія бібліятэкі Смаргонскага раёна пастаянна ладзяць працоўныя акцыі па добраўпарадкаванні месцаў воінскіх пахаванняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі іх устаноў. Так што бібліятэкары тут — яшчэ і своеасаблівыя экскурсаводы-музейшчыкі: заўжды гатовы распавесці пра подзвіг воінаў-вызваліцеляў. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Смаргонскай райбібліятэкі Таццяна Камароўская напісала і пра тое, што ўся інфармацыя пра святочныя мерапрыемствы змешчана на сайце. Я зайшоў — і праседзеў за яе вывучэннем прынамсі паўгадзіны. Цікава. Тры дзясяткі раздзелаў даюць максімальна поўную карціну бібліятэчных шчыраванняў. А раздзел “Аўтабібліятэка” падае карту маршрутаў, ёсць графік наведвання кожнага аддаленага і маланаселенага паселішча… Дзякуй!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"