Тры Гран-пры

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

На XV Міжнародным фестывалі “Аэда. Музычны мост Еўропы”, што прайшоў нядаўна ў венгерскім горадзе Балатонфюрэд, адбылася неардынарная падзея: пры ўручэнні Гран-пры пераможцам конкурсу, у якім брала ўдзел каля 800 музыкантаў з Беларусі, Аўстрыі, Славакіі, Азербайджана, Украіны і іншых краін, журы апладзіравала стоячы.

Уладальнікамі Гран-пры сталі вакалістка Дар’я Юркоўская, педагагічны калектыў народных інструментаў “Карусель+” і камерны ансамбль “Рэнесанс MUZIK”. Усе яны — з дзіцячай школы мастацтваў Бярозы. Каб годна прэзентаваць Беларусь на “Еўрабачанні”, падрыхтоўка вядзецца на дзяржаўным узроўні, задзейнічаны немалыя сродкі, а тут сіламі адной раённай установы скорана адна з прэстыжных музычных вяршынь. Акрамя Балатонфюрэда, гала-канцэрт фестывалю адбыўся і ў Брасціславе.

Пра цікавыя моманты закулісся конкурсу распавяла педагог Наталля Неліповіч:

— Уразіла старанная арганізацыя фестывалю, яго размах, стаўленне да кожнага ўдзельніка і суправаджаючых асоб. Падчас правядзення адборачнага конкурсу ніхто не тоўпіўся за кулісамі — былі прапанаваны цікавыя рэлакс-мерапрыемствы для зняцця напруджання перад выступам. Пакуль ішоў адборачны конкурс, для бацькоў і суправаджаючых асоб былі арганізаваны асобныя праграмы з майстар-класамі мясцовых народных умельцаў і экскурсіі.

У старажытнагрэчаскай міфалогіі Аэда — адна з найстарэйшых муз. Аэдамі называлі і спевакоў, што пад кіфару ўшаноўвалі подзвігі герояў. Вартае ўвагі і такое здзяйсненне супрацоўнікаў гэтай ДШМ. Па словах яе дырэктара Ірыны Шуляк, такога высокага выніку ў школы яшчэ не было. Тая сітуацыя, калі жаданні супалі з магчымасцямі. Сярод апошніх — цудоўныя педагогі, камфортныя ўмовы працы і навучання, добрыя касцюмы, якасныя інструменты.

Годна выступілі на фестывальным конкурсе навучэнцы Бярозаўскай ДШМ Яўген Чатырбок (1 месца), Алеся Шаўчук (3 месца), а таксама выхаванцы Малецкай школы мастацтваў Ганна Каладзінская і Карына Панышава (у абодвух — па трэцім месцы). Наперадзе — новыя перамогі, бо прадстаўнікі Бярозаўшчыны атрымалі запрашэнне і на будучы год.

Валянціна ОСІПАВА

Бяроза