Сёння — у тэленавінах, заўтра — у экспазіцыі

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Варыяцыі гаспадарчай ды творчай разваротлівасці
Праблемы ва ўсіх — прыблізна аднолькавыя. Вось толькі па-рознаму іх вырашаюць у розных раёнах ды абласцях. Гэта — аксіёма. Калі і далей карыстацца матэматычнай тэрміналогіяй, варта, напэўна, зазначыць, што задачнік у нас агульны, а вось рашэбнік у кожнага — свой. Дык ці павінна так быць? Пад час нашых аўтатураў пастаянна думаем пра гэта. Хто будзе аналізаваць станоўчы досвед гаспадарчай ды творчай разваротлівасці нашых аддзелаў, хто з начальнікаў патлумачыць, як з мінімумам выдаткаў адрамантаваць, да прыкладу, дах СДК ці зрабіць музей той установай, дзе пастаянна збіраюцца сябры?.. Штосьці не прыгадаем мы апошнім часам рэспубліканскіх практычных семінараў, дзе ўзнімаліся ды абагульняліся б гэтыя тэмы. Калі так, дык каму, як ні журналістам гэтым заняцца. Займаемся і паверце, мы вельмі стараемся, каб слова наша дайшло да адрасата.

/i/content/pi/cult/533/11582/10-1.jpg

Шкада Капланцоў

Чарговая загадка сустрэлася ў вёсцы Капланцы, што месціцца ў Бярэзінскім раёне. Аднак загадку тую разгадваць было нярадасна.

На ганку зачыненага па невядомай прычыне клуба лянотна драмалі сабакі. На нас — нуль ўвагі. Абышлі мы будынак, заглянулі ў вокны: апаратура — на месцы. Шыльда з указаннем клуба таксама. Вось толькі пакладзена яна ўнутры памяшкання — відаць, да лепшых часоў. Але ці прыйдуць тыя лепшыя часы для гэтай асобна ўзятай вёскі? Скіраваліся ў бліжэйшую краму — набыць пітной вады ды высветліць акалічнасці такой сітуацыі. Там ветлівыя кабеты распавялі, што пацёк у клубе дах, таму ўстанова ўвобмірг стала аварыйнай і не працуе даволі працяглы час. Замест рэгулярнай клубнай дзейнасці ў населеным пункце плануюцца разавыя мерапрыемствы кшталту “Дня вёскі”, абвестку з запрашэннем на які мы ўбачылі на дзвярах крамы.

Ля сельсавета сустрэлі яшчэ адну жанчыну. Пенсіянерка, што працавала калісьці настаўніцай, паведаміла: мясцовы дзіцячы сад — перапоўнены, значыць перспектыва ў вёскі ёсць. Але крыўдна спадарыні не столькі з-за адсутнасці клуба (для танцаў — узрост ужо не той), колькі па прычыне таго, што не дзейнічае бібліятэка. Маўляў, спачатку яна ў клубе месцілася, потым — у сельсавеце, цяпер — увогуле няма. Чаму? Не ведае… Прыкладна такое ж цьмянае бачанне культурных перспектыў вёскі выказала нам і пара выпадковых маладых людзей.

Сітуацыю мы разумеем цудоўна. Справа, як кажуць, жыццёвая. Мо фінансаванне рамонтных работ кепскае, а мо і кадраў не стае як для бесперабойнай працы бібліятэкі з клубам, так і для разваротлівасці гаспадарчай групы аддзела… Але чаму пра гэта вяскоўцы не ведаюць? Цяжка ды роспачна, калі інфармаванне такое кепскае. Атрымліваецца, далейшы лёс сяльчан не надта цікавіць чыноўнікаў? Урэшце, хочацца, каб мы памыляліся. Проста, шкада Капланцоў, перспектыўных па прычыне сваёй адноснай люднасці. Аднак пры такім стаўленні да дзейнасці мясцовай установы культуры ці надоўга захаваецца тая люднасць?

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Развагі пра аптымізацыю ў сферы культуры набілі аскоміну не толькі журналістам газеты. Ды вось толькі, калі асабіста завітваеш у вёску, дзе не так даўно яшчэ працавалі клуб, бібліятэка, а цяпер — культурны вакуум, становіцца, мякка кажучы, не па сабе. І крыўдна не столькі за тыя нібыта бесперспектыўныя вёскі, насельніцтва якіх, па завярэнні раённых уладаў, само пагадзілася на закрыццё ўстаноў культуры. Крыўдна за марна выдаткаваныя — як у тых жа Капланцах (так атрымліваецца) — грошы на ўзвядзенне будынка, на, відаць, нядаўнюю устаноўку шклопакетаў.

Ці стане Саша работнікам культуры?

Першай на Клічаўшчыне, праз якую пралягаў наш далейшы шлях, трапілася вёска Коўбча. Вёскай гэты аграгарадок не падаецца — надта ўжо вялікі населены пункт, дзе, шукаючы ўстановы культуры, мы нават паспелі крыху заблукаць. А таму лагічна, што нас напаткала пачуццё разгубленасці і спустошанасці, калі пасля такіх пошукаў заспелі СДК і бібліятэку зачыненымі. Мясцовыя жыхары, якія пасля працы культурна адпачывалі побач, патлумачылі: сельская бібліятэка адкрыта ў іх толькі два разы на тыдзень — у сераду і пятніцу. Ды і тое, па палове дня. Бібліятэкар працуе тут толькі на 0,25 стаўкі, а таму займаецца выключна кнігавыдачай. Часу на якіясьці краязнаўчыя гурткі наўрад ці ёй стае. Чаго не скажаш пра СДК. Мясцовая дзятва, якой у Коўбчы багата, адтуль літаральна не вылазіць. Вымушаны ж перапынак у працы СДК мастацкі кіраўнік Марына Маслоўская патлумачыла справамі ў школе. Аднак не паспела яна адчыніць нам дзверы ўстановы, як туды ўжо набегла з дзясятак падлеткаў. Такое, шчыра кажучы, у час нашых аўтатураў нам бачыць даводзілася вельмі рэдка. Згадваецца хіба поўная зала моладзі ў Жарабковіцкім СДК Ляхавіцкага раёна, якая без усялякіх рэпетыцый прыйшла ў будні дзень адпачыць у мясцовы клуб. Што ні кажы, а гэта выдатны паказчык здольнасці знайсці агульную мову клубных работнікаў з аўдыторыяй.

Марына Маслоўская, якая ў свой час атрымала вышэйшую адукацыю ў мазырскім філіяле Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, працуе ў Коўбчы з 2001 года. Пры гэтым апошні год — зусім адна: дырэктар СДК па асабістых прычынах звольніўся, а стаўку акампаніятара скарацілі. Таму мастацкі кіраўнік працуе за траіх. Вядзе сем клубных фарміраванняў, пад час працы якіх займаецца з каўбчанскай публікай мастацкім чытаннем, выцінанкай, народнымі і эстраднымі спевамі ды танцамі.

Актыўна ўдзельнічае ў самадзейнасці і пяцікласніца Саша, дачка Марыны Маслоўскай. І хоча, як маці, працаваць у сферы культуры. Вось толькі яе мама катэгарычна супраць такіх перспектыў… Тым не менш, Аляксандра — ужо сапраўдная зорка. Разам з раённым дзіцячым калектывам “Купалачка” неаднаразова ўдзельнічала ў замежных творчых конкурсах. І прывозіла дамоў не толькі яскравыя ўражанні, але і перамогі.

Запыталіся мы ў Марыны Маслоўскай і пра эканамічны складнік дзейнасці СДК. Як аказалася, асноўны від прыбытку складаюць навагоднія віншаванні ды дыскатэкі. І гэта пры тым, што стары вялікі СДК некалькі гадоў таму згарэў, а пад установу пераабсталявалі колішні інтэрнат, які не можа пахваліцца вялікай танцавальнай залай.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Цудоўна ведаю прафесійнасць ды прынцыповасць начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама Уладзіміра Ваакса. Гэта наконт вакансіі дырэктара СДК Коўбчы… Мяне нават больш хвалюе не тое, што ў штаце вядзе рэй пакуль толькі мастацкі кіраўнік Марына Маслоўская. Кадравае пытанне, калі справа тычыцца асобна ўзятага клуба, у нас рана ці позна ды вырашаецца. Бяда ў тым, што вочы ў Марыны мо часам і перастаюць гарэць. Хоць і ходзіць да яе плойма гурткоўцаў, хоць і не сумна ім у клубе. Усё зразумела: стамілася ды мо і зняверылася. Таму і не хоча, каб дачка яе праз час каштавала гэткага ж нялёгкага, але зусім не багатага хлебу. Вось у чым праблема. І вырашаць яе трэба на самым высокім дзяржаўным узроўні. І не толькі дзеля людскіх заробкаў работнікаў культуры, а і для таго, каб вочы ў людзей не згасалі. Пачакаем…

Тры-чатыры групы ў дзень

Дырэктар Клічаўскага раённага краязнаўчага музея Наталля Храмянкова даўно запрашала нас у госці. Урэшце мы прыехалі. І не пашкадавалі. Бо Наталля Уладзіміраўна імгненна агаломшыла нас статыстыкай.

Але спачатку пра рэжым працы. Музей працуе да 17-й гадзіны. На нашым гадзінніку палова на шостую. Па ўсіх законах установа працаваць не павінна. Нас жа чакае прыемная неспадзяванка. На працоўным месцы і дырэктар, і навуковыя супрацоўнікі. І чакалі яны не карэспандэнтаў “К” (мы загадзя і не паведамлялі пра свой магчымы візіт), а чарговую групу турыстаў. Па словах дырэктара, нават у будні дзень сюды завітвае па тры-чатыры групы. Няўзброеным вокам можна ўбачыць стомленасць музейшчыкаў.

Якім жа чынам раённы музей можа дасягнуць такой запатрабаванасці? Наталля Храмянкова падзялілася сакрэтамі.

Адзін са складнікаў поспеху — крэатыўнасць. Апошнім часам у музеі шмат мерапрыемстваў праходзіць з элементамі тэатралізацыі і рэканструкцыі старадаўніх падзей. Спявае тут і згаданая намі вышэй “Купалачка”, і музычны калектыў “Жытніца” на чале з начальнікам аддзела Уладзімірам Вааксам.

Другі — працавітасць. Музейшчыкі праводзяць экскурсіі, ствараюць тэатралізацыі не толькі ў самой установе, але і ў Мемарыяльным комплексе “Усакіна”, што пад Клічавам. Нават музейныя наглядчыкі не сядзяць без справы: плятуць паясы па аўтэнтычных узорах!

І ўсё ж галоўны фактар поспеху ўстановы — неўтаймаваная актыўнасць яе дырэктара. Наталля Уладзіміраўна не наракае на эканамічныя клопаты, а самастойна шукае варыянты развіцця музея. За апошнія некалькі гадоў неаднаразова выходзіла на Міністэрства культуры з просьбай аб перадачы канфіскаваных на мяжы каштоўных прадметаў гісторыі і культуры. Убачыць, да прыкладу, тэлесюжэт пра канфіскаваныя каштоўнасці, а заўтра ўжо тэлефануе ў Міністэрства. І гэта ініцыятыва атрымала свой вынік — музей займеў больш за пяць каштоўных калекцый. Чарговы прыклад — зала прыроды, якая адкрылася ўсяго год таму. Дапамагло ў рэалізацыі экспазіцыі не толькі Міністэрства культуры. Не абышлося і без фінансавай дапамогі Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. Мае музей і інфакіёскі. Цікава, што набылі іх па ініцыятыве дырэктара першымі сярод музеяў Магілёўскай вобласці. У выніку тое, што немагчыма паказаць у экспазіцыі, можна ўбачыць на экране тэрмінала.

Сёлета ўстанове выдзелілі 43 мільёны на набыццё новых музейных артэфактаў, якія дырэктар самастойна шукае па антыкварных крамах Мінска. Словам, планаў і праектаў у Клічаўскага музея багата. Галоўнае, каб хапіла часу і сіл ягоным супрацоўнікам.

Не толькі ў даху справа

У Рагачоўскі раён завіталі ў другой палове дня. У вёсцы Дварэц СДК і бібліятэка (у адным будынку) былі зачыненымі. Але прэтэнзій не выказваем: усё — у адпаведнасці з працоўным раскладам устаноў. Пачакалі мінакоў, каб распытаць пра дзейнасць СДК. Малады чалавек гадоў пад трыццаць з гатоўнасцю спыніўся. Ён ужо сямейны, мае дзяцей, таму пра дыскатэкі нічога сказаць не можа. А вось канцэрты мясцовай самадзейнасці і заезджых зорак — заўжды шыкоўныя. Калі ёсць магчымасць, ён з жонкай іх з задавальненнем наведвае.

Характарыстыка рабоце СДК — даволі ёмістая. Пра бібліятэку мы не пыталіся. Як паказвае журналісцкая практыка, хлопцы такога веку, абцяжараныя сямейным клопатам, з чытацкіх спісаў выпадаюць ці не па ўсёй краіне. Выключэнне складаюць хіба тыя дальнабачныя ўстановы, якія стаўку робяць на арганізацыю сямейнага чытання ці на працу клубаў маладой сям’і… Тэма, вартая асобнай журналісцкай гаворкі.

А ля СДК вёскі Кашара спыніліся таму, што на клубным падворку кіпела праца. Здавалася б і тут установа не павінна працаваць у гэты час. Аднак кіраўнік клуба Святлана Анікеенка тлумачыць, што разам з мастацкім кіраўніком Анжэлай Сапронавай і бібліятэкарам Наталляй Рудкоўскай вырашылі ў непрацоўны час прывесці да ладу мемарыял, што знаходзіцца ля СДК. За гэтай справай мы іх і заспелі напярэдадні майскіх святаў. Пазнаёміліся, сфатаграфавалі працаўніц. Вырашылі пацікавіцца, як дзейнічае ўстанова. Аказалася, дах яе пачаў крыху падцякаць. Але пра аварыйны стан, як ў вёсцы Капланцы, што на Бярэзіншчыне, гаварыць, на шчасце, не выпадае. Святлана Анікеенка тлумачыць, што аддзел да ацяпляльнага сезону пачынае рыхтавацца вельмі рана. І ў сярэдзіне лета дах будзе даведзены да ладу.

Так што не ў даху справа. А ў тым, што дзяўчаты працуюць з радасцю. Наталля Рудкоўская, да прыкладу, доўга паказвала нам вынікі краязнаўчых даследванняў, што нястомна вядуцца разам з чытачамі. Даведаліся мы пра колішнюю авечкагадоўчую скіраванасць Кашары, пра яе шматлікіх ветэранаў вайны і працы. А колькасць бібліятэчных мерапрыемстваў нават ў адпаведны сшытак не змяшчаецца. Адзіны негатыўны момант: няма ў бібліятэцы камп’ютара. Спадзяемся — таксама часова.

Наколькі часова — пра гэта чытайце ў наступным выпуску нашага аўтатура, дзе мы пазнаёмімся з цікавымі рагачоўскімі ініцыятывамі, міжнародным супрацоўніцтвам сельскіх устаноў культуры, быхаўскімі анамаліямі, а таксама паразважаем пра свае карані.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Нам, шчыра кажучы, спадабалася актыўнасць работнікаў культуры Магілёўшчыны ды Гомельшчыны. Але калі выбіраць найбольш яркае ўражанне другога дня аўтатура, дык гэта будзе, несумненна, дзейнасць Клічаўскага музея. Для маленькага гарадка такая ўстанова — як шчаслівая знаходка для тых, хто шукаў прытулку для розуму і душы. Прымаць па тры-чатыры групы экскурстантаў ў перадсвяточныя майскія дні — не толькі выпрабаванне на стойкасць музейшчыкаў, але і яскравы доказ іхняга прафесіяналізму. Пераймайце досвед, спадары!

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"