Дударэнку, думаецца, варта аднесці да мастакоў, якія зрабілі значны ўклад у айчынны жывапіс XX стагоддзя. За большасцю ягоных прац мы бачым не столькі наватара, колькі чалавека, які прытрымліваецца мастацкай традыцыі, у першую чаргу, праз прачулае і ўважлівае стаўленне да прадмета адлюстравання. Як правіла, майстар пазбягае сыходу ў суб’ектывізм ды ірацыяналізм. За ягонымі працамі бачны аўтар з трапяткім стаўленнем да свету і людзей. Ва ўсім, што ён адлюстраваў, — гарадскія вуліцы, рыбакі поўначы, лекары або члены сям’і творцы, — адчуваецца спагадлівае стаўленне аўтара да лёсаў сваіх герояў. Не выпадкова ж Дударэнка не называе майстроў, якія аказалі на яго ўплыў ў якасці настаўнікаў. Яго манера, як і творчы шлях, — індывідуальная.
Атрымаўшы прафесійную адукацыю ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1956) і Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1962), мастак рана праявіў самастойнасць і стаў працаваць ва ўласным кірунку. З 1967 года Дударэнка рэгулярна ажыццяўляе творчыя вандроўкі. Ён наведаў Манголію, Афганістан, Туркменістан, Грузію, Якуцію, Карэлію, Далёкі Усход...
Пад час падарожжаў мастаком створаны бадай лепшыя яго творы ў жанрах пейзажу і партрэта. Менавіта непасрэдныя стасункі з грамадзянамі розных куткоў свету і ўменне распавесці пра гэтых людзей на мове жывапісу напаўняюць яго партрэты вечным сэнсам.
Дударэнка працуе пераважна на натуры, і, разам з тым, у пэўнай ступені абстрагуецца ад яе. Захоплены цікавым яму матывам, мастак імкнецца выкарыстаць у рабоце розныя дэкаратыўныя, а часам і фармальныя магчымасці кампазіцыі. Характэрнай рысай жывапісу аўтара становіцца пэўная графічнасць.
Скалы, пагоркі, порты, старажытныя пабудовы паказаны на палотнах, нібы яны жывуць нейкім сваім жыццём і прасякнуты адзіным рытмам. Многія пейзажы, асабліва гарадскія, з аднаго боку, адлюстроўваюць канкрэтны матыў, з іншага ж, карціна набывае вывераную лінейна-рытмічную структуру. У некаторых творах адчуваюцца аддаленыя водгукі постімпрэсіянізму і кубізму.
Важнае месца ў творчасці Дударэнкі займаюць тэматычныя работы, якія закранаюць глабальныя праблемы сучаснага грамадства. У такіх палотнах, як “Эпілог” (1988), “Гэта не павінна здарыцца” (1986) і “Чалавек — гаспадар зямлі” (1989), мастак асэнсоўвае наступствы магчымай экалагічнай катастрофы, прычынай якой можа выступіць чалавечая дзейнасць. У гэтых палотнах мастак сумяшчае вобразы свету, гармоніі і мёртвай пасля ўяўнай катастрофы зямлі, даносячы такім чынам да гледача свае перажыванні.
Леанід Аляксандравіч Дударэнка, якому сёлета споўніцца 85 гадоў, — творца з велізарным вопытам, які заўсёды захоўвае высокі ўзровень мастакоўскага майстэрства.
Кірыл МЕЛЬНІК, мастацтвазнаўца