“Перамога”: панарама і фрагменты

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Сёлета ў нашай краіне большасць рэзанансных культурных праектаў прысвечана 70-годззю Вялікай Перамогі. Зразумела, што і творчыя саюзы зрабілі свой унёсак у справу нацыянальнага маштабу. Асобныя творцы і суполкі ладзілі выстаўкі на ваенна-гістарычную тэматыку ў розных гарадах Беларусі, а напярэдадні 9 мая ў сталічным Палацы мастацтва адкрылася рэспубліканская мастацкая выстаўка “Перамога”. Для аматараў выяўленчага мастацтва (колькасць якіх, як мне падаецца, калі меркаваць па пустых залах на наступны дзень пасля вернісажу, няўхільна скарачаецца) выстаўка магла б стаць падзеяй, чаканым падсумаваннем творчых здабыткаў юбілейнага года. Але ці стала?

/i/content/pi/cult/533/11580/9-3.jpgБеларусь мае моцную прафесійную мастацкую школу, імены нашых творцаў вядомы за межамі краіны, штогод Акадэмія мастацтваў “пастаўляе” кваліфікаваныя кадры для нацыянальнага мастацтва, а тэма Вялікай Айчыннай вайны дзяржавай шануецца (нездарма летась адкрыццё новай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стала падзеяй культурнага і агульнаграмадскага гучання). Згаданае спалучэнне чыннікаў мусіла б люстэркава адбіцца ў экспазіцыі рэспубліканскай выстаўкі, прымеркаванай да свята. Але чамусці я ў адзіноце блукаў па залах Палаца мастацтва, дзе разгорнута экспазіцыя “Перамогі”. І з сумам згадваў выстаўкі савецкай пары, якія ўражвалі канцэптуальнай грунтоўнасцю, манументальным маштабам і прафесійным узроўнем твораў.

Сказаў бы мне хто ў 1990-я, што я буду сумаваць па савецкім часе… Але мушу шчыра прызнацца, што далёка не ўсё ў БССР было кепска. Я памятаю, якія гарачыя спрэчкі (прычым не толькі ў прафесійным асяроддзі, а, як прынята казаць, у шырокіх колах грамадства) выклікалі на выстаўках палотны Міхаіла Савіцкага, Аляксандра Кішчакі, Леаніда Шчамялёва, Мая Данцыга. Як падзеяй станавілася кожная новая графічная нізка на ваенную тэму Арлена Кашкурэвіча і Георгія Паплаўскага. Якія жарсці разгортваліся на абмеркаваннях конкурсных праектаў новых ваенных мемарыялаў. Можа, за даўнасцю гадоў я штосьці падсвядома ідэалізую, але ў прынцыповых момантах не памыляюся: тэма вайны была грамадствам запатрабаваная. І мастакі імкнуліся творча сцвердзіцца менавіта ў яе рэчышчы, справядліва разлічваючы, што варты твор пра Вялікую Айчынную будзе мець шырокі грамадскі розгалас.

Калі б выстаўка, пра якую ідзе гаворка, не была прымеркавана да памятнай даты, не мела б тэматычнай прывязкі, я б сказаў, што яна зусім някепская. І нават больш. Тут прадстаўлены дамінуючыя ў нашым мастацтве стылістычныя плыні, бачны творчы патэнцыял маладога пакаленння. Зрэшты, у наяўнасці падборка ўкаранёных ў грамадскую свядомасць вобразаў і сюжэтных стэрэатыпаў — адмыслоўцам карысна ведаць, што такое ёсць, хаця б для таго, каб не рабіць паўтораў, пазбегнуць падсвядомага плагіяту.

Прычын таго, што ўзровень твораў экспазіцыі за рэдкім выключэннем драбнаваты, не адпавядае маштабу падзеі, якой выстаўка прысвечана, я мяркую, некалькі. Магчыма, у тэме Вялікай Айчыннай вайны ўжо дасягнуты такі ўзровень мастацкага ўвасаблення, пераўзысці які бадай што немагчыма. І насамрэч, што можа сённяшні творца, які той вайны не бачыў ні з фронта, ні з тыла, дадаць да важкіх слоў згаданых вышэй Міхаіла Савіцкага ці Арлена Кашкурэвіча? Гэта сітуацыя, накшталт той, калі стаіш на вяршыні гары, і няма іншага шляху, акрамя як спускацца ўніз. “В суету городов и потоки машин…”, — як слушна сказаў бард. Між тым, чымсьці адзначыцца на выстаўцы ўсё адно трэба. Каб грамада не забыла, што ёсць такі мастак. Вось і прадстаўляе ён у экспазіцыю рэфлексіі на тую самую “суету городов”, штосьці прыватнае, побытавае. Прычым, з фармальнага боку ўсё правільна: за тое і ваявалі, каб па-людску жыць. Па-другое, адлегласць у семдзесят год ад мая 1945-га непазбежна ўтварае іншае бачанне, пры якім карціна вайны губляе жорсткую брутальнасць, якая рэжа вока і цісне на сэрца. Здалёк ўсё бачыцца ў крыху прытуманеным святле. Узнікае панарама, але з поля зроку (і з памяці) знікаюць нейкія важныя фрагменты. У такой сітуацыі мастаку прасцей звярнуцца да апрабаваных часам схем і вобразаў, крыху іх паднавіўшы, скарэктаваўшы на сучасную стылістыку.

Зноў нагадаю, што выстаўка дае пэўнае ўяўленне пра стан нашага выяўленчага мастацтва. Трыпціх Анатоля Кузняцова “Шлях”, дзякуючы абстрактнай форме і шматзначнай назве можна быць запатрабаваны ў любой экспазіцыі. “Лава” Сяргея Пыжыкава і “Пагарэлая зямля” Віктара Шылко гавораць пра вогненную віхуру вайны не наўпрост, але праз асацыятыўны шэраг. Адно, што атрымліваецца ці не празмерна прыгожа. Нібыта глядзіш на дзеючы вулкан здалёк і захапляешься экспрэсіяй фарбаў, не бяручы да ўвагі, што людзі гінуць. Карціна Уладзіміра Зленкі “Май” — падбіты нямецкі танк сярод яблыневай квецені, нагадвае карціну падобнага зместу аўтарства Бялыніцкага-Бірулі. Прынамсі, нагадвае мне. Эфектная па жывапісе і дынамічная па кампазіцыі карціна “Хімера” Святланы Урублеўскай. Хоць і ніякая гэта не хімера, а канкрэтная падбітая ваенная тэхніка.

Скульптар Аляксандр Батвінёнак прадставіў даволі эфектныя партрэты двух народных мастакоў Беларусі — удзельнікаў вайны Леаніда Шчамялёва і Міхаіла Савіцкага. Добра глядзіцца ў экспазіцыі дэкаратыўная ваза “Ялцінская канферэнцыя” работы Тараса Паражняка, мастака, які прайшоў Вялікую Айчыную, страціўшы руку ў Сталінградзе. Гэта ваза, ўласна кажучы, рэтра-стыль, эстэтыка 1940 —1950-х, але твор вельмі пасуе кантэксту выстаўкі “Перамога”, бо ў ім сродкамі дэкаратыўнага мастацтва паказаны (прынамсі, зроблена такая спроба) глабальны маштаб згаданай падзеі. Аўтар нагадвае, што Савецкаму Саюзу змагацца за будучы мір даводзілася не толькі на полі боя, але і за сталом перамоў.

Сярод твораў дэкаратыўнага мастацтва я вылучыў бы габелен Святланы Баранкоўскай “Апостал. Светлай памяці Васіля Быкава”. Цікавасць ўяўляе праект Сяргея Шылы “Крык”. Гэта спроба паглядзець на вайну проста як на варожую чалавечай сутнасці з’яву. Праўда, прадстаўлены праект неяк не на поўную сілу ў плане выразнасці, а праз гэта і успрымаецца адпаведна.

Варта было наведаць выстаўку, каб пабачыць выдатную карціну-дыптых Андрэя Дубініна “Выратуй і захавай”, гістарычна дакладныя палотны Ігара Касавуцкага (“Дзень Перамогі”) і Юліі Антанюк (“Подых волі”). Мяркую, не абміне гледач увагай і брутальную карціну “Чорны дождж вайны” Станіслава Сугінтаса.

А мяне найбольш зачапіла за жывое карціна Уладзіміра Ісачэнкі “Будзем памятаць”. На вуліцы вызваленага Чырвонай Арміяй горада — хлопчык з піянерскім горнам, які ён захаваў як знак даваеннага часу і дзяўчынка з букецікам кветак. Гэта карціна магла б быць ілюстрацыяй да успамінаў маёй маці пра сустрэчу вызваліцелей у Мінску.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"