“Каложскі дабравест”: курс на Усход і на Захад

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

VII Абласны фестываль праваслаўных песняспеваў “Каложскі дабравест”, што прайшоў на Гродзеншчыне, сабраў 39 царкоўных і свецкіх калектываў з 6-ці краін: акрамя Беларусі, гэта Расія, Украіна, Польшча, Літва і Сербія. Міжнародным быў і склад журы, у які ўвайшлі прадстаўнікі 4-х краін. Таму можна з поўнай упэўненасцю канстатаваць, што свята паступова ператвараецца з рэгіянальнага ў міжнароднае.

 /i/content/pi/cult/153/1158/Kalozhski1.jpg
— Асаблівасцю “Каложскага дабравесту” стала тое, што ён праходзіць у два туры, — расказаў адзін з арганізатараў і нязменны старшыня журы фестывалю, святар і кампазітар Андрэй Бандарэнка. — Усе царкоўнапрыходскія хоры Гродзеншчыны ведаюць, што пасля Дня Божага Нараджэння, акурат на калядныя святы, пастаянныя члены журы ездзяць па вобласці і слухаюць царкоўныя хоры, нават у самых аддаленых вёсках.

Мы не толькі назіраем, у які бок рухаецца творчасць гэтых царкоўных спеўных калектываў, але і дапамагаем ім удасканальваць мастацтва царкоўных спеваў. Падчас такіх паездак мы і адбіраем лепшыя хоры для ўдзелу непасрэдна ў конкурснай праграме. Такім чынам, царкоўныя хоры ўдзельнічаюць у гэтым конкурсе, так бы мовіць, у абавязковым парадку, а ўжо ў другі тур трапляюць толькі некаторыя з іх. Свецкія ж хоры самі дасылаюць заяўкі, на падставе якіх мы і фарміруем канчатковую праграму. Дый сам фестываль становіцца своеасаблівым “майстар-класам”: намагаемся праводзіць у яго межах навуковую канферэнцыю, прычым з удзелам такіх буйных спецыялістаў, як Мікалай Дзянісаў з Масквы і Мікалай Шыманскі з Мінска. Павялічыўся фестываль і па колькасці дзён: да ранейшых трох далучылася ўрачыстае адкрыццё з гала-канцэртам. Склад журы таксама перавышае звычайны “абласны статус”, бо сярод пастаянных членаў не толькі начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка, але і дырэктар знакамітага Гайнаўскага фестывалю ў Польшчы, протаіерэй Міхаіл Нігярэвіч.

Вялікую цікавасць да фестывалю выяўляюць не толькі ў суседняй Польшчы. Хор з г. Дзьбюрдава (Сербія) яшчэ летась даведаўся з Інтэрнета пра фестываль і ўвесь год рыхтаваўся да паездкі. Хор Клайпедскага Благачыння “Іверская свечка” пры Свята-Мікалаеўскай царкве г. Цяльшай (Літва) даведаўся пра “Каложскі дабравест” ад хору Гродзенскай Епархіі, з якім разам удзельнічаў у фестывалі ў польскім мястэчку Гайнаўка.

— Мы праваслаўныя, — расказала рэгент Маргарыта Машына, — таму так і хочацца прыязджаць у Расію ды Беларусь, бо тут усе свае, як родныя.
 /i/content/pi/cult/153/1158/Kalozhski3.jpg

Тое, што царкоўная еднасць спрыяе добрым узаемаадносінам паміж народамі, адзначыў і кіраўнік Гродзенскай Епархіі, епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Нельга не пагадзіцца са словамі начальніка аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама, члена аргкамітэта фестывалю Ігара Папова: “Беларуская Праваслаўная Царква — непахісная, як і праваслаўная вера”.

У рамках фестывалю ў Гарадской выставачнай зале Гродна адкрылася фотавыстаўка “Праваслаўныя храмы Гарадзеншчыны”. Гала-канцэрт закрыцця фестывалю, на якім былі абвешчаны пераможцы, сабраў столькі слухачоў, што іх не змясціла нават самая вялікая актавая зала горада: людзі сядзелі на прыступках, стаялі ўздоўж сцен — столькі было ахвотных паслухаць якаснае выкананне царкоўных песняспеваў.

Конкурс праходзіў асобна паміж царкоўнымі і свецкімі калектывамі па некалькіх намінацыях: сярод хораў святароў і духоўных школ, царкоўных ансамбляў Епархіі, дзіцячых царкоўных калектываў, а таксама свецкіх аматарскіх (асобна — дарослых і дзіцяча-юнацкіх). Акрамя званняў лаўрэатаў і дыпламантаў, пераможцы атрымлівалі каштоўныя прызы: тэлевізары, магнітафоны, DVD-прайгравальнікі. Гран-пры на “Каложскім дабравесце” бывае адзіны на ўсе намінацыі, дый прысуджаецца не штогод, а як “выключэнне з правілаў”. Сёлета такім “выключэннем” стаў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхася Дрынеўскага. Удзел гэтага знанага прафесійнага калектыву, у выкананні якога прагучалі творы найперш беларускіх кампазітараў — Аляксея Туранкова, Мікалая Шчаглова (Куліковіча), Андрэя Бандарэнкі, Мікалая Бутомы і інш., — узняў мастацкую планку фестывалю.

Не станем загадваць, ці атрымае хто-небудзь Гран-пры праз год. Бо галоўнае прызначэнне “Каложскага дабравесту” не ў размеркаванні ўзнагарод, а ў далейшым развіцці беларускай нацыянальнай духоўнай культуры, у пашырэнні яе прызнання за мяжой.

 Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юліі РАДЗЮК
Гродна