Інтэрпрэтацыя і эпілог

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі — выстаўка Гродзенскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў “Няма ў вайны эпілога…”, прысвечаная 70-годдзю Перамогі.

/i/content/pi/cult/533/11579/9-2.jpgВыстаўка складаецца з жывапісных палотнаў, графічных аркушаў, скульптуры, умоўных пластычных кампазіцый. Гродзенскія творцы прадстаўляюць гледачу свой погляд на падзеі вайны, з пазіцый сучаснасці ў мастацкіх вобразах ацэньваюць шматлікія страты і гераічныя ўчынкі савецкага чалавека, духоўную трагедыю пакалення.

У экспазіцыі прадстаўлены рэалістычныя партрэты блізкіх мастакам людзей, удзельнікаў вайны на палотнах Уладзіміра Качана, акварэлях Аляксея Багустава, дзе цеплыня пачуццяў спалучана з услаўленнем мужнасці пераможцаў. Пераканаўчы вобраз байца Чырвонай Арміі ў творы Мікалая Бандарчука ідэйна суадносіцца з вобразамі знакамітых постацей часоў Другой сусветнай вайны: Васіля Быкава (Уладзімір Качан), Януша Корчака (Уладзімір Мурахвер), Уінстана Чэрчыля (Сяргей Грыневіч). Выявы гэтых людзей, кожны з якіх па-свойму ўнёс сваю часцінку ў перамогу над фашызмам, пазначаны моцнай экспрэсіяй аўтарскіх ацэнак. Жанравыя работы Аляксандра Ступеня, Уладзіміра Казакова, Аляксандра Дулуба вылучаюцца своеасаблівай мастацкай інтэрпрэтацыяй падзей і асэнсаваннем значнасці памятных мясцін, серыя “Салдаты”, выкананая ў тэхніцы фотаграфікі Антонам Ляшчынскім, эстэтычна прэзентуе сучасны падыход да тэмы.

Умоўна-візуалізаваныя жывапісныя кампазіцыі Сяргея Асапрылкі, Пятра Янушкевіча, Жанны Чыстай, абагульняюць жыццёвы драматызм ваенных гадоў, акцэнтуючы ўвагу на злавесна-разбуральнай сутнасці вайны. Праз глыбокую асацыятыўнасць спрабуюць вобразна пераасэнсаваць ваеннае мінулае Валянціна Шоба, Васіль Мартынчук, Вікторыя Ільіна, Іван Русачак. Нязменнасць чалавечай агрэсіі падчас канфліктных сітуацый падкрэслівае Сяргей Грыневіч. Вернасць адвечным чалавечым каштоўнасцям, што сімвалізуюць мірнае жыццё на зямлі, сцвярджаецца праз знакавыя вобразы поўнага жытняга калосся жывапісца Грыневіча, юных летуценнікаў графіка А.Захарава, постаці маці скульптара Уладзіміра Панцялеева. Анёл Журбы і Перамогі лунае над зруйнаванай зямлёй, зламанымі лёсамі людзей у Аляксандра Сільвановіча, цеплынёй і спакоем напоўнена кампазіцыя з выявай сям’і Станіслава Кічко. Подзвігу суайчыннікаў прысвечана рэалістычная скульптура Анатоля Салятыцкага.

Пластычныя кампазіцыі з керамікі Ірыны Радкевіч, Яўгена Адзіночанкі, Васіля Мартынчука, з дрэва Уладзіміра Панцялеева, Мікалая Скляра, утрымліваючы ў сабе глыбокую метафару, апелююць да нашай гістарычнай памяці.

На вернісажы быў ушанаваны Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, мастак Аляксандр Захараў, якому напярэдадні споўнілася 90 гадоў. Сімвалічным было і тое, што ўзнагароджваліся і зусім маладыя — навучэнцы каледжа мастацтваў, пераможцы мастацкага конкурсу, прысвечанага вайне.

У аснове ж агульнай канцэпцыі выстаўкі ляжыць ідэя адмаўлення насілля над чалавекам. І пакуль у “вайны няма эпілога”, пакуль на зямлі доўжацца войны, творцы будуць дэклараваць пазітыўную ідэю захавання міру і спакою для кожнага.

Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца

Гродна