Другая — іншая

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

“Другая сусветная” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы не стала “дацкай” пастаноўкай, якой прызначана хутка сысці ў нябыт. Наадварот, сціплая, як думалася, прэм’ера нечакана адкрыла новыя перспектывы такой сінтэтычнай формы, як тэатралізаваны канцэрт.

/i/content/pi/cult/533/11578/8-1.jpg

Пра тое, як 18 рускамоўных песень Марка Мермана (Беларусь — ЗША) сталі спектаклем, “К” пісала ў № 18. У гэтым праекце разам спалучылася ўсё. Па-першае, адзначым асветніцкі ўхіл, які апошнім часам стаў для ініцыятыра і пастаноўшчыка спектакля, мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці. Мы прызвычаіліся глядзець на ваенныя падзеі з пункту погляду подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай. Урэшце, і тут нам паказалі не “адваротны бок медаля”, а агульны кантэкст — ад акупацыі фашыстамі Польшчы (“Дваюрадная мова”) да вайны на афрыканскім кантыненце (“Эль-Аламейн”), цану перамогі (“Смерць п’е не з бакала”, “Штрафныя душы”, “Этажэркі”), саму эпоху — праз розныя віды мастацтваў, уключаючы дакументальнае кіно (“Лені Рыфеншталь”) і мастацкае (“Старыя фільмы”), закранаючы постаці Любові Арловай (“Светлы шлях”), Соні Хэні (“Факстрот”) ды іншых дзеячаў культуры (“Лілі Марлен”, “Аркестру Леаніда Уцёсава”, “Памяці Саламона Міхоэлса”). Вельмі важным для ўспрыняцця, асабліва малодшымі пакаленнямі, было тое, што многія песні суправаджаліся “ўступнымі словамі”, прычым не суха афіцыйнымі, а вельмі асабістымі, сыходзячы ад акцёраў не толькі як ад выканаўцаў, але і як быццам ад сведкаў і іх прамых нашчадкаў.

Па-другое, нельга не звярнуць увагу на ўласна мастацкія якасці прэм’еры. Гэта спалучэнне ў сцэнічных строях гістарычнай дакладнасці з яркай вобразнасцю (мастак па касцюмах — Алёна Ігруша), выдатная праца грымёраў, вельмі трапны відэашэраг, які ўключаў дакументальныя кадры і плакаты тых часоў, — не столькі ілюстрацыйны, колькі змястоўны, насычаны паралелямі і асацыяцыямі (Сяргей Тарасюк). І, вядома, выбітныя аранжыроўкі, створаныя загадчыкам музычнай часткі тэатра, знаным кампазітарам Уладзімірам Кур’янам. Атрымаўся менавіта той варыянт, калі апрацоўка аўтарскага матэрыялу якасна па выніковым рахунку пераўзыходзіць арыгінал у плане музычнасці.

Песні Марка Мермана, шчыра кажучы, не вылучаюцца нейкімі звышасаблівымі музычнымі якасцямі. Галоўны іх складнік — паэтычны, цікавы па тэматыцы, змесце, нечаканых рыфмах. Вершы ў яго песнях настолькі самастойныя, што часам лепш успрымаюцца не ў спеўным, а ў надрукаваным выглядзе, калі тая ж музыка не адцягвае ўвагі. Але ў новай аранжыроўцы акцэнт змясціўся з мелодыкі на іншыя сродкі выразнасці. На першы план выйшлі інструментальныя тэмбры і іх спалучэнні, цікавыя падгалоскі, якія і стваралі адпаведны эмацыйны настрой.

А колькі важкіх акцёрскіх дэталей было прыўнесена ў кампазіцыі! Чаго каштуюць хаця б павольныя струменьчыкі пяску, што сыплюцца з расхінутых у бакі рук героя. У выкананні акадэмічных салістаў песні страцілі б тую запамінальнасць вонкавых вобразаў. Трапнасць у выбары артыстаў — ідэальная, прычым і паводле створаных характараў, і паводле вакальных магчымасцей кожнага з іх, калі нават некаторыя фальшывыя ноты былі неабходнай часткай агульнай канцэпцыі. Чацвёра ўдзельнікаў выходзілі з дзвюма-трыма рознымі песнямі, штораз дэманструючы вышэйшы пілатаж пераўвасаблення. А двое сярод іх, Павел Харланчук-Южакоў і Аляксандр Казела, увогуле мелі быццам гэткі “міні-бенефіс”.

Яднанне песень і размоўных каментарыяў да іх з мастацтвам жывапісу, тэатра і кіно ў спектакле-канцэрце “Другая сусветная” аказалася настолькі ўдалым (на жаль, бываюць і слабыя прыклады сінтэзу жанраў, вельмі папулярнага сёння), што Марк Мерман, прыляцеўшы на прэм’еру, сказаў са сцэны: “Гэты спектакль — апраўданне сэнсу майго жыцця”.

Улічваючы, што песні выконваюцца на рускай мове, як яны і былі напісаны, спектакль-канцэрт мог бы стаць і ўдалым гастрольным праектам, і нават сумесным, далучаючы да ўдзелу артыстаў прымаючага тэатра. Мо ён так і планаваўся? Тады кіраўніцтва трупы з Міністэрствам культуры ды іншымі зацікаўленымі ўстановамі і асобамі абавязкова павінна вярнуцца да гэтага пытання.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"