А як выхоўваць?

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Журналісты "К" наведалі тэматычныя мерапрыемствы дзіцячай творчасці і рэфлексуюць на тэму таго, якімі спосабамі закладаць паняцце патрыятызму ў новае пакаленне і як фарміраваць у дзятвы ўсведамленне значнасці памяці пра Вялікую Айчынную вайну.

Пачнём з сям'і?

/i/content/pi/cult/533/11576/7-1.jpgНе ведаю, як каго, а мяне бянтэжыць адзін з плакатаў сацыяльнай рэкламы, што з’явіўся да 70-годдзя Вялікай Перамогі. На ім — фота немаўляці, якое ляжыць на жывоціку. Падобныя здымкі ёсць у кожнай сям’і. Але на гэтым — голае цельца, галоўка прыўзнята, а на ёй… вайсковая пілотка. І подпіс — штосьці накшталт “буду героем, як прадзед!” Але ж ні бацькі, ні бабулі і дзядулі не жадаюць сваім родным перажыць вайну, пасляваенную разруху ці якія іншыя катаклізмы, якія патрабуюць адпаведных геройскіх учынкаў.

У савецкія часы паслядоўна складалася наступная формула гераізму: герой памёр, а справа яго жыве. Мо хтосьці і разважае, нібы гераізм вымяраўся не столькі вынікам, колькі той цаной, якая была за яго заплачана. Калі ў чалавека штосьці добра атрымліваецца, дык які ж ён, маўляў, герой?

Ці не адсюль — і самі ўяўленні пра вайну як найлепшы плацдарм для подзвігаў? А галоўнае — знак роўнасці паміж гераізмам і вайсковай службай. Расійскія сацыёлагі падлічылі: калі просяць назваць кагосьці з нацыянальных герояў, большасць згадвае ваенаначальнікаў былых часоў, а не дзеячаў культуры і спорту, якія, падавалася б, тут і цяпер складаюць гонар сваёй краіны.

Можа, я перабольшваю, і згаданы плакат не разлічаны на людзей з асацыятыўным мысленнем? Але народжаны памятнай датай, ён становіцца яшчэ адным штуршком да разваг пра патрыятычнае выхаванне моладзі — што называецца, ажно з калыскі.

Якую ролю адыгрываюць тут шматлікія профільныя школы сферы культуры? Думкі пра гэта роем віліся ў галаве пад час справаздачнага канцэрта калектываў і салістаў дзіцячых школ мастацтваў Мінска, які адбыўся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Падобныя справаздачы ладзяцца штогод, але сёлетняя, адпаведна — з прысвячэннем “Да 70-годдзя Вялікай Перамогі”, была заяўлена як тэматычная. Сапраўды, у першае аддзяленне ўвайшлі асобныя нумары ваеннай тэматыкі, астатнія так ці йнакш “прывязваліся” да яе праз уступныя словы вядучых. Другое аддзяленне было пабудавана больш свабодна, але завяршаўся канцэрт сумесным выступленнем дзятвы з Узорна-паказальным аркестрам Узброеных Сіл краіны. З песняй Юрыя Чычкова пра дзяцінства хары апанавалі не толькі ўсю сцэну, але і праходы ў зале — чым не святочны клічнік? Ваеннай тэме былі прысвечаны і некаторыя малюнкі навучэнцаў школ мастацтваў, выстаўленыя ў фае. Адразу на двух, выкананых у ДШМ №2, кінуліся ў вочы выявы людзей без твараў. І бачыўся ў тым не толькі працяг старадаўніх народных традыцый, калі лялькам не малявалі твараў, але і глыбокая філасофская думка: вайна абезасоблівае, імкнецца сцерці індывідуальныя рысы, а з імі і саму чалавечнасць.

Пры гэтым, складалася ўражанне, нібы праграма канцэрта рабілася з таго, што апынулася, як кажуць, пад рукой. Адразу можна было заўважыць, якія школы падышлі да святкавання памятнай даты фармальна, а якія — з усёй адказнасцю і творчым натхненнем. 14-я, да прыкладу, прадставіла духавы аркестр з “Днём Перамогі” Давіда Тухманава. 8-я — вакальна-інструментальнае папуры, куды нароўні з Бахам і Рахманінавым была ўплецена мелодыя “Кацюшы”. 10-я — увогуле суквецце адметных твораў розных жанраў, дзе кожны нумар — ад хору да фартэпіяннага дуэту — прэтэндаваў на “цвік праграмы”. Сярод іншых выступленняў, на жаль, хапала слаба падрыхтаваных. Дый сам канцэрт расцягнуўся амаль на тры гадзіны.

Вяртаючыся дадому, апынулася ў адным аўтобусе з некалькімі дзяўчынкамі, якія спявалі ў фінальнай масоўцы і цяпер абмяркоўвалі сваё выступленне, прычым даволі адназначна: змарнаваны дзень, і вінавата ў тым… падзея, што стала нагодай? Вядома, ім тут жа патлумачылі недарэчнасць такой логікі. Але і сапраўды, справаздачны канцэрт, хай і з удзелам ваенных музыкантаў у якасці прыкладу для пераймання, мог быць асобным мерапрыемствам. А для патрыятычнага выхавання больш прыдатнымі былі б выступленні перад ветэранамі.

Калісьці ў Варшаве мяне ўразіла ваенная тэхніка, у вялікай колькасці выстаўленая перад Музеем Польскай арміі. Пакарабачаная, неадрэстаўраваная, пазбаўленая знешняга шыку-бляску-гламуру, яна ўспрымалася сведчаннем ваенных дзеянняў і вымушала паставіць сябе на месца загінулых, ацаніць іх мужнасць ва ўмовах, калі нават тэхніка не вытрымлівала. Здымаючы з войнаў рамантычны флёр і адасобленасць, зададзеныя віртуальнымі “стралялкамі”, такая экспазіцыя заклікала да вырашэння канфліктаў мірным шляхам. Ці ж тое не ёсць патрыятычным выхаваннем?

Дарэчы, чаму апошняе зноў-такі часцей асацыюецца з вайной, а не з мірам? І праводзіцца часцей за ўсё з нагоды 9 мая і 3 ліпеня? На маю думку, як і выхаванне ўвогуле, яно павінна стаць больш “незаўважным” і весціся не адно ў вялікіх прасторах, а пачынацца з сям’і, са штодзённага прыкладу дарослых. Калі ж патрыятычнае выхаванне будуецца збольшага на гучных акцыях, а не на ўзоры ад найблізкіх людзей, карысці ад яго — хіба арганізатарам тых акцый: маўляў, работа праведзена. Не хочацца пагаджацца, што патрыятызм — не для паўсядзённага жыцця?..

Надзея БУНЦЭВІЧ


Падмурак мусіць быць...

/i/content/pi/cult/533/11576/4-28.jpgАпошнім часам мне двойчы даводзілася пісаць пра выстаўкі дзіцячай творчасці на ваенную тэматыку. Першая, леташняя, была прысвечана 25-годдзю вываду Савецкіх войск з Афганістана, другая — сёлетняму юбілею Перамогі. Прычым, тэма Вялікай Айчыннай вайны выразна прысутнічала і ў “афганскім” кантэксце. (У канцэптуальным сэнсе ў мяне гэта пярэчанняў не выклікала). Сёлетняя ж выстаўка, хоць і прымеркаваная да 70-годдзя Перамогі, у асноўным распавядала пра шчасце жыць пад мірным небам.

Ад імпрэз у мяне засталіся змешаныя пачуцці. Задавальненне ад таго, што ў нашай краіне дзеці памятаюць тое, што нельга забываць, і усведамленне штучнасці, ненатуральнасці, шаблоннасці ў сюжэтах, прысвечаных ваенным падзеям. Здавалася, нібыта дзеці малявалі вайну не паводле душэўнага паклікання, як яны малююць прыгожыя краявіды і партрэты блізкіх і любімых, а каб не пакрыўдзіць настаўніка, які сказаў, што гэта трэба, гэта надзвычай важна, што за гэта пахваляць нарэшце.

Мне падалося, што веды пра Вялікую Айчынную юныя мастакі чэрпаюць у асноўным з кінематографа і пабачанае на экране спрабуюць, па магчымасці блізка да “арыгінала”, перадаць у фарбах на паперы. Інакш кажучы, гэта пераказ пераказу. Пры тым, што папярэдняе пакаленне яшчэ памятае жывую мову ветэранскіх аповедаў. Хай сабе тыя успаміны, калі яны гучалі на афіцыйных мерапрыемствах, часта былі скарэктаваныя (не ўсё ж дзецям можна расказваць…), але ў іх, памятаю, прабіваліся жывыя ноты болю, гневу, настальгіі па, можа і пакутнай, але — маладосці. Памятаю, як у сярэдзіне 1970-х на сустрэчы са студэнтамі Тэатральна-мастацкага інстытута ветэран партызанскага руху больш за дзве гадзіны распавядаў, як цягнікі пад адхон пускаць. Гэта было важна для яго, каб выгаварыцца, брутальна, але шчыра.

Урэшце, і дзіўна было б, каб сённяшнія падлеткі ўспрымалі вайну гэтак жа блізка да сэрца, як тыя, чые бацькі ў 1945-м вярнуліся з фронта, каб узнімаць родную зямлю з руін. Ведаюць сённяшнія маладыя людзі, што вайна была, чулі пра страты, якія панесла ў ёй наша краіна, ганарацца Перамогай, шануюць ветэранаў! Але ў іх сваё жыццё, а ў гэтым жыцці — свае клопаты і турботы, свае міфы і свая рэчаіснасць. Ды і такі маральны аўтарытэт як Царква, калі на тое пайшло, не ухваляе тых, хто жыве выключна ўчорашнім днём, учорашнім горам і пакутамі. Такіх людзей Царква лічыць страчанымі для будучыні.

Калісьці я чуў ад выдатнага творцы Аляксандра Кішчанкі цікавыя развагі пра ролю і месца пазітыву ў мастацтве. Ён казаў, ты ж не станеш над калыскай немаўляці вешаць рэпрадукцыю фрэскі Мікельанджала “Страшы суд”, хаця гэта і шэдэўр сусветнага мастацтва. Не, хай дзіця пакуль глядзіць на нешта прыгожае — на кветкі, на блакітнае неба. А вось як падрасце, прыдбае сякі-такі вопыт і будзе падрыхтаваным да ўспрымання рэчаіснаці не прыхарошанай, а такой, якая яна ёсць... Тады можна паказаць яму мастацтва, якое праўдзіва адлюстроўвае недасканаласць чалавечай натуры, канфліктнасць грамадскіх стасункаў і фатальную адсутнасць справядлівасці на гэтым свеце.

Вялікі педагог Януш Корчак казаў, што няма дарослых і дзяцей, а ёсць людзі з большым ці меншым жыццёвым досведам. Калі думкі двух згаданых мудрых людзей дадаць у кантэкст нашай размовы, дык атрымаецца, што канкрэтнае пытанне, як дзеці мусяць маляваць вайну, перарастае ў праблему іншага маштабу — з якога ўзросту, з якога моманту, з якой ступені сацыяльнага досведу патрыятызм у маладой асобы можна выхоўваць на праўдзівых прыкладах гісторыі? Ад сваёй жонкі я чуў, што яе бацьку, які сустрэў вайну афіцэрам-пагранічнікам, змагаўся з першага дня вайны, выходзіў з акружэння, стаў партызанам, меў ордэн Чырвонай Зоркі, выцягнуць на ўспаміны было проста немагчыма. “Не трэба табе, дачушка, пра гэта ведаць. Гэта страшна і брудна”. Некаторыя эпізоды вайны ён згадзіўся распавесці толькі калі яна была ўжо студэнткай, дык і тое — з мэтай педагагічнай: каб не мела па жыцці ілюзій…

Для нас часам паўстае праблема, як суаднесці рэалізм і неабходны грамадзе пафас; як зрабіць так, каб асобныя падрабязнасці праўдзівай ваеннай хронікі не засланілі сусветна-гістарычнае значэння нашай Вялікай Перамогі, не паставілі пад сумнеў годнасць народа-пераможца. Як гэта было на мяжы 1980-х — 1990-х, калі шырокай грамадзе адкрыўся іншы, некананічны бок гісторыі Вялікай Айчыннай. Грамадства перажыло стрэс …

Без патрыятызму няма дзяржавы. Выхоўваць патрыятызм пажадана з самага малога ўзросту. Пачынаць, шкадуючы дзіцячую псіхіку, трэба па звыклым сцэнарыі — з прывабных міфаў. Але паступова ды мэтанакіравана рыхтаваць маладую асобу да ўспрымання праўды. У гэтай справе не апошюю ролю можа адыграць мастацтва.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"