Дзесьці паміж

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

У межах Фестывалю сучаснага еўрапейскага кіно “Новы погляд на Стары свет”, што да 17 мая доўжыцца ў сталічным кінатэатры “Перамога”, ладзіцца выстаўка мастака Рамунаса Чапоніса (Літва) і фатографа Ядвігі Адамчык (Беларусь) “У дарозе”.

/i/content/pi/cult/533/11575/6-2.jpg /i/content/pi/cult/533/11575/6-3.jpg

Выстаўка, якая “аб’ядноўвае думкі, эмоцыі, карціны і фотаздымкі”, знітоўваючы ў адным выказванні Мінск і Вільнюс, — тое дзіўныя паралелі фатаграфіі ўражання і жывапіснай статыкі. Здаецца, тыя паралелі ніколі і не павінны былі перасекчыся. Тым не менш...

Што ж дзіўнага? Супрацьпаўсталенне фатаграфіі Ядвігі Адамчык, якая перадае няўстойлівае адчуванне дарогі, і грунтоўнага жывапісу Рамунаса Чапоніса, што пакідае ўражанне пакутлівага ўнутранага пошуку, — гэта паралелі паветра і зямлі. Але ж ці можна заўважыць сувязь паміж мастакамі?

“Размытыя” краявіды, што бачыць умоўны падарожнік, рухаючыся з кропкі А ў кропку Б — тое візуальная мова праекта Ядвігі Адамчык. Гэта сузіранне жывапіснасці (ад слова “жывапіс”) дарогі, калі краявід часам нагадвае напісаныя мастаком творы — ад акварэльных замалёвак да рэалістычных твораў. Вядома, гэта і развагі наконт унутранага стану вандроўніка — што ж адбываецца з намі ў дарозе? — так, прынамсі, пазначае аўтарка ў анатацыі да серыі. Фотаздымкі краявідаў у розныя поры года, час сутак — такім чынам фатограф перадае нам няпэўнены, няўстойлівы стан “у дарозе”, які, тым не менш, прыводзіць да пэўных змен у самаадчуванні таго, хто вандруе. Але ці ўдалося развіць і паказаць тую ідэю аўтарцы, не захапіўшыся відавочнай маляўнічасцю навакольных пейзажаў, — тое пытанне.

Што да жывапісу Рамунаса Чапоніса, дык гэта выказванне іншага кшталту. Яго творы закранаюць пытанні быцця, падарожжа духу як пошуку ісціны. Дасылаючы да стрыманасці і трываласці раманскага стылю, яго творы ў той жа час утрымліваюць значны запал экспрэсіі, уласцівы абстрактным экспрэсіяністам. Праца з колерам і фактурай, пластыкай фарбы, унутраная рытміка, стрымананая мінімалізмам… Карціны Рамунаса — развіццё жывапісу як… графічнай формы. Назва “У дарозе” цалкам пасуе да яго твораў, але гэта вандроўка ў іншым напрамаку — вертыкальным, а не гарызантальным. Яшчэ больш дакладна — пошук перакрыжавання: вертыкалі — як духу і гарызанталі — таго, што перасякае вертыкаль.

Варта адзначыць і экспазіцыйнае рашэнне праекта літоўскага мастака. Прызнацца, яго карцінам удалося прыдаць новы выгляд знаёмаму памяшканю кінатэатра “Перамога”. Пры тым, што архітэктоніка апошняга задае значныя абмежаванні ўспрыняцця.

Але вернемся ў пачатак. Ці ўдаліся тыя паралелі паміж Мінскам і Вільнюсам? “Чаму б і не?” — скажа хтосьці з наведвальнікаў. Усё ж выказванні мастакоў знітоўваюцца усеабдымнай тэмай дарогі. Шкада, што тое не прапісана ў тэксце да выстаўкі, а анатацыі да твораў аўтараў не задаюць падобнага кантэксту. Магчыма, суджу строга для выставачнага праекта ў межах фестывалю кіно? А ўрэшце, чаму б і не?

На ілюстрацыях: работы Ядвігі Адамчык і Рамунаса Чапоніса.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"