Артыст: рабіць “накшталт” ці смела?

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Інтэрв’ю з удзельнікам “Еўрабачання” з адным пытаннем пра “Еўрабачанне”
19 мая на сцэну венскага стадыёна “Wiener Stadthalle” ў першым паўфінале Міжнароднага конкурсу песні “Еўрабачанне” пад 11-м нумарам выйдзе дуэт “Uzari & Maimuna”, які прадстаўляе нашу краіну на гэтым юбілейным, 60-м па ліку, форуме. Не станем прагназаваць, ці ўдасца тандэму прабіцца ў фінал, а там і замахнуцца на прызавое месца. Хачу прапанаваць вам інтэрв’ю з паловай “салодкай парачкі”, з тым, хто адказвае ў тандэме за голас — спеваком UZARI (ЮЗАРЫ), вядомым па-за сцэнай як Юрый НАЎРОЦКІ.

/i/content/pi/cult/533/11574/6-1.jpg

Будучы заваёўнік аўстрыйскіх Альпаў нарадзіўся ў музычнай сям’і. Сярод іншага ў яго багажы — вучоба ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (клас дырыжыравання (акадэмічны хор)), кафедра эстрадна-джазавага вакалу і мюзікла Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта культуры, роля Кая ў мюзікле “Пяшчотная каралева” М’юзік-Хола ў горадзе на Няве, месца вакаліста ў пецярбургскім кавер-гурце “True Jazz Band”, лаўрэацтва на Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў папулярнай музыкі “Новая хваля” і шмат чаго іншага.

Цікава, што “Еўрабачанне” ўжо так ці інакш закранула артыста: у 2011 годзе ён быў бэк-вакалістам Настассі Віннікавай ў Дзюсельдорфе, у 2012 — 2013-м удзельнічаў у Нацыянальных адборачных турах да яго...

Праз пяць гадоў

— Якім вы бачыце сябе, як творчую асобу, гадоў праз пяць?

— Можа, прагучыць не сціпла, але я лічу, што мая творчасць нясе ў сабе пэўныя ідэі. Гэта не зусім поп-музыка ў яе стандартным увасабленні (маю на ўвазе і тэксты, і мелодыі, і аранжыроўкі). Я не з тых, хто дзеля дасягнення папулярнасці ў блізкай будучыні гатовы паступіцца ўласнымі прынцыпамі. Прыкладам таму — конкурс “Новая хваля”, калі я настаяў на тым, што выканаю хіт сваёй краіны на беларускай мове, што было для мяне важна. Або песня, з якой мы едзем на “Еўрабачанне”. Можна было б скласці кампазіцыю пра ўсё адразу і ні пра што канкрэтна, але “Time” мае дакладны пасыл: яна прысвечана праблеме анкалагічных хворых.

А што будзе праз пяць гадоў... Давайце перавядзём нашу гутарку ў практычнае рэчышча. У бліжэйшых планах (акрамя “Еўрабачання”) спачатку выданне дэбютнага альбома (ён павінен выйсці да канца гэтага года), канцэрты з акустычнай праграмай, выступы з шоу-балетам, выпуск новага кліпа — спадзяюся, ён стане гэткім жа паспяховым, як і папярэдні.

— Адзін знакаміты айчынны артыст летась адмовіўся ад “жывога” інструментальнага канцэртнага састава, таму што ў наш час яго эканамічна не выгадна ўтрымліваць...

— Хтосьці хоча зарабіць больш і атрымлівае ад гэтага задавальненне, хтосьці — менш, але зробіць нешта большае, чым выступленне. А яшчэ і частку сродкаў выдаткуе на дабрачыннасць. І таксама атрымае ад гэтага задавальненне. Мы з камандай усё падлічылі: я ж развіваюся не толькі як сольны спявак, бо мне цікавая і роля кампазітара. Па шчырасці, я не прыхільнік таго, каб прыцягваць да працы на сцэне сесійных інструменталістаў, “арандаваных” пад выступ танцораў. Я — гулец каманды, якая дзейнічае на сталай аснове. Але той, які стаіць у ейным падмурку!

— Значыць, асцярогі няма, што ў 2020 годзе, скажам, вы можаце аказацца адным з соцень клубных спевакоў без перспектывы на большае?

— Не думаю, што з маім “джаз-рокавым” ладам жыцця апынуся ў гэтым асяродку. Такіх, як я, на фармат карпаратываў не клічуць. Аднак не выключаю для сябе нейкіх элітных, скажам, мерапрыемстваў, дзе гучыць больш характэрная, эксклюзіўная і смелая музыка. Вось у такім ракурсе я сябе бачу, чаму б і не? Да таго ж, мая творчасць можа прэтэндаваць на вялікую аўдыторыю.

— Ну, добра, пяцігодка прайшла. Вы перыядычна “турыце” па краіне, выступаеце на эксклюзіўных вечарынках, часам даяце канцэрты ў замежжы, мільгаеце на тэлебачанні і ў радыёратацыях. Ці задаволіў бы вас такі стан спраў?

— ...Не зусім... Усё, пра што вы сказалі, — вельмі добры бонус, але мне мала проста зарабляць грошы. Галоўнае, каб артыста чулі, разумелі яго ідэалогію, але гэта вялікая рэдкасць у нашай прафесіі, калі ёсць адно і другое ў спалучэнні: матэрыяльнае і духоўнае, калі жадаеце. Вось сапраўдная мэта! Калі яна не дасягаецца… Гісторыя ведае нямала выпадкаў, калі артыст аказваецца ў творчым і асобасным тупіку. І чалавек застаецца сам-насам са сваім ценем і ўжо не адрознівае, дзе цень, а дзе ён сам.

Смеласць чарты бярэ

— Як вы сёння сябе адчуваеце ў беларускай артыстычнай тусоўцы?

— Ну... Не смейцеся, але гэта — як вялікая сям’я. Ведаю, што існуюць самыя розныя меркаванні пра яе, але асабіста я адчуваю сябе там менавіта так. Мы сустракаемся на канцэртных пляцоўках, з кімсьці — па-за імі, з некім адносіны бліжэйшыя, даверлівыя, з іншымі яны вызначаюцца словамі “Добры дзень! Да пабачэння!”. Усё досыць роўна, па-сяброўску і пазітыўна. І з мэтрамі, і з тымі, хто ў шоу-бізнесе не гэтак доўга.

— Расслаенне моцнае ў гэтай сям’і? На зорак і… астатніх?

— Як бы больш дакладна выказацца... На некаторых ёсць адбітак той публікі, для якой спявае выканаўца. Яна шмат у чым вызначае артыста: як ён паводзіць сябе на канцэрце і за кулісамі. Часцяком — па-рознаму. Але менавіта падобнае “раздваенне” надае “букету” разнастайную, але збалансаваную афарбоўку.

— Прывяду меркаванні пра Юзары. Кажуць, што вы чалавек занадта амбіцыйны, мала схільны да кампрамісаў, якi амаль не прызнае свае праколы, што з вамі нялёгка працаваць, што можаце “ўзбрыкнуць”...

— “Узбрыкнуць” магу!.. Можа, ад таго, што дакладна ведаю, чаго хачу, ад таго, што залішне адказны чалавек, таму, напэўна, і завышаныя патрабаванні да сябе і да сваёй каманды. Завышаныя, але не невыканальныя. Напэўна, таму я і не працую з прадзюсарамі, паколькі выразна бачу розніцу паміж выканаўцам і артыстам. А ім, хутчэй, патрэбен той, хто будзе ўвасабляць іхнія ідэі. Гэта не мой выпадак. Я, мяркую, досыць разумны чалавек, не самадур, разумею, што кожны павінен займацца сваёй справай. Ад мяне, як ад артыста, павінен зыходзіць не толькі музычны складнік, але і пэўная ідэалогія. Кірунак і рытм у камандзе задаваць павінен артыст, бо ён стаіць на сцэне, а глядач, слухач павінен убачыць і пачуць праўду. Глядач адчувальны да фальшу і адразу распазнае таго, хто не разумее, што робіць.

— А што вам не падабаецца ў айчынным шоу-бізнесе?

— Бракуе ў ім смеласці. Смеласці спрабаваць нешта новае. Прасцей за ўсё ўзяць чужы матэрыял, які ведаюць усе, і зрабіць нешта падобнае, нешта “накшталт”. (Але сааўтарам “віны” ў такім выпадку выступае і публіка.) Толькі смеласць нараджае тэндэнцыі, тэндэнцыі — хіты, хіты — куміраў, куміры — музычную эвалюцыю. За апошнія пару гадоў наш шоу-бізнес пусціў “маладыя кветачкi”, якія зусім хутка дадуць плён, я ўпэўнены.

— Гэта значыць, у цэлым беларускія выканаўцы заслугоўваюць таго “мема”, якім інтэрнэт-карыстальнікі іх дражняць: “Хто ўсе гэтыя людзі?..”?

— ...Так. Па прычыне, якая дапаўняе тую, пра якую я сказаў. Яшчэ, вядома, праз засілле расійскага шоу-бізнесу на нашай тэрыторыі. Ёсць такая збітая фраза, якая стасуецца і да айчыннай папулярнай музыкі: “Добра там, дзе нас няма”. Хіба насамрэч добра нашым слухачам без нашых артыстаў?.. Я спадзяюся, што зусім хутка сітуацыя зменіцца і беларускі глядач адчуе густ новага пакалення айчыннай поп-індустрыі. Думаю, надыходзячы перыяд абяцае стаць яркім.

— Пра “Еўрабачанне” я ж павінен вас спытаць? Спрагназуеце, што чакае дуэт “Uzari & Maimuna” па вяртанні дадому, калі ён прыедзе з яго са шчытом, а што, калі на шчыце?

— ...Ведаеце, калі артыст атрымлівае кайф ад таго што робіць, і гэты кайф перадаецца публіцы, то пытанне аб шчыце і, напрыклад, яго колеры не ўзнікне...

 

Фота з афіцыйнага сайта спевака uzarimusic.com

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"